Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

(эфір 23 сьнежня)
22 сьнежня ў судзе Савецкага раёну Гомелю распачатая судовая справа па пазове дырэктара заводу "Цэнтраліт" Мікалая Андрыянава да былога кандыдата ў дэпутаты ў так званую Палату прадстаўнікоў Яфіма Храпунова аб абароне гонару і годнасьці.

Падставай для пазову дырэктара "Цэнтраліту" спадара Андрыянава да палатнага кандыдата, сябра Партыі працы і справядлівасьці Храпунова паслужылі ўлёткі апошняга, ад якіх цяпер былы кандыдат спрабуе адрачыся. Ва ўлётках далёка нелагоднага зместу, якія гулялі ў кастрычніку ў Прамысловай выбарчай акрузе №37, сказана, што вартыя жалю адміністратары (старшыня гарадзкой рады дырэктараў Мікалай Андрыянаў, кіраўнік заводу пускавых рухавікоў Шчагорцаў і яшчэ чацьвёра іхніх калегаў) уступілі ў змову і хочуць навязаць выбаршчыкам афіцыйнага кандыдата, намесьніка міністра ўнутраных справаў Леаніда Глухоўскага. Для чаго – таксама тлумачылася: Глухоўскі, нібыта, будзе надзейна прыкрываць злоўжываньні дырэктараў.

Аднак ня столькі згаданая інфармацыя выклікала абурэнне, і найперш у Мікалая Андрыянава. Далей ва ўлётцы ў дачыненьні да кіраўніка "Цэнтраліту" прыводзяцца такія словы, што сапраўды падпадаюць пад артыкул сёмы Грамадзянскага кодэксу – права на абарону гонару й годнасці.

Пацікавіўся ў спадара Андрыянава, чаму толькі праз два месяцы пасьля выбараў ён вырашыў судзіцца з былым кандыдатам і спаганяць зь яго ў выглядзе маральнай кампэнсацыі 2 мільёны рублёў.

Дырэктар спаслаўся на занятасць і дадаў:

(Андрыянаў: ) "Мне не патрэбныя ад яго грошы. Я не хачу гэтай крыві – ня трэба. Тут справа прынцыпу. І я яму, Храпунову, гэта проста так не дарую, " – сказаў Мікалай Андрыянаў.

Дадам, што выбары ў 37-й акрузе завяршыліся, як і чакалася, перамогай ужо ў першым туры афіцыйнага кандыдата Глухоўскага. Яму акруговая камісія яшчэ да пачатку галасаваньня расчысьціла поле, не зарэгістраваўшы ў якасці кандыдатаў няўгодных, і, у прыватнасьці, дэпутата Вярхоўнага Савету былога 13 скліканьня Ўладзімера Башарымава.

Той жа, хто наперакор папярэджаньням дэмакратычных аналітыкаў, як Яфім Храпуноў, удзельнічаў у выбарчым фарсе, атрымаў судовы пазоў. Тым больш, што неабачлівая агітацыя спрыяла такому разьвіцьцю падзеяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG