Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У прыёмную адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі прыйшлі некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў незарэгістраванае Лігі правоў чалавека дзеля таго, каб сустрэцца зь дзяржаўным сакратаром Рады Бясьпекі Віктарам Шэйманам. Нашую карэспандэнтку, якая там прысутнічала, нейкія вайскоўцы хацелі здаць у міліцыю.

У прыёмным пакоі адміністрацыі сабралася каля трыццаці чалавек. Яны дамагаліся сустрэчы зь Віктарам Шэйманам і спадзяваліся, што ён асабіста разгледзіць іхныя справы й спыніць самаўпраўства ўладаў і парушэньне іхных грамадзянскіх правоў. Гаворыць Кацярына Садоўская, намесьнік старшыні незарэгістраванае Лігі правоў чалавека:

(Садоўская: ) "Сюды прыйшлі і прыехалі людзі з розных рэгіёнаў нашай краіны. Ёсьць з Валожына, ёсьць з Ваўкавыска, ёсьць са Слуцка людзі, менскія людзі. Людзей прывяла адна бяда – гэта парушэньне нашых правоў. Наш гарант канстытуцыі, спадар Лукашэнка, заяўляе заўсёды, што ў нас няма парушэньняў правоў чалавека. І ён мае рацыю, бо ў нас зусім няма правоў, а нельга парушыць таго, чаго няма наогул".

Паведаміла Кацярына Садоўская.

Сябры Лігі прынялі адпаведны зварот да рэзыдэнта-каардынатара ААН Ніла Бунэ, у якім зьвяртаюць ягоную ўвагу на масавыя парушэньні грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі.

Пад час маёй размовы зь сябрамі Лігі ў пакой увайшоў вайсковец, які, даведаўшыся, што я з радыё Свабода, адразу пабег да начальства. Пасьля чаго зьявіліся тры асобы, якія запатрабавалі мой пашпарт і заявілі, што журналістам радыё Свабода нібыта трэба мець адмысловы дазвол на карыстаньне дыктафонам. Я выйшла з будынку на вуліцу, але вайскоўцы пайшлі ўсьлед.

Высьветлілася, што яны выклікалі нарад міліцыі. Два міліцыянты, якія прыйшлі зь Ленінскага РАУС, былі ў разгубленасьці. На маё патрабаваньне адзін зь іх назваў сябе, а другі зьбянтэжана апраўдваўся — маўляў, яны тут ні пры чым, іх папросту выклікалі.

Вайсковец загадаў ім завесьці мяне ў пастарунак. Але міліцыянты адмовіліся яму падпарадкавацца і адыйшлі. Вайсковец па рацыі выклікаў падмацаваньне.

Я не чакала прыезду АМАПу й накіравалася ў бюро. Пазьней сябры Лігі паведамілі, што да вечара безвынікова чакалі прыёму Шэймана.

XS
SM
MD
LG