Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 верасьня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Супярэчлівымі аказаліся першыя вынікі судовых працэсаў над агітатарамі за няўдзел ў выбарах. Калі ў Маскоўскім судзе была адкладзеная на невядомы час справа супраць былога намесьніка старшыні БНФ Валянціна Голубева, дык суд Цэнтральнага раёну пакараў грашовым штрафам цяперашняга намесьніка старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага.

На сёньняшні дзень 15 грамадзянаў былі затрыманыя пад час акцыяў агітацыі за байкот выбараў. Сёньня асуджаны першы зь іх — Лявон Баршчэўскі.

Рашэньне гэтае можна лічыць вельмі паказальным, бо да гэтага часу ніводная аналягічная справа не была даведзеная да нейкага вэрдыкту, апраўданьня ці абвінавачваньня. Гэтак, у Першамайскім судзе адкладзеныя на панядзелак тры працэсы, а судзьдзі Маскоўскага раёну ўвогуле адклалі аналягічныя справы на невызначаны тэрмін. "Калі вы спатрэбіцеся, мы вас паклічам", – заявілі, у прыватнасьці судзьдзі вядомаму гісторыку, былому намесьніку старшыні БНФ Валянціну Голубеву, калі ён прыйшоў учора ў Маскоўскі суд на позву.

Таму пытаньне, ці пакараюць сёньня Лявона Баршчэўскага мусіла было паказаць, ці пакараюць усіх астатніх. І ўрэшце рэшт судзьдзя Паўлючук паставіла кропку на карысьць судовых рэпрэсіяў супраць пікетоўцаў. Хаця яна й прызнала, што намесьнік старшыні БНФ ня ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце, але ўсё ж пастанавіла пакараць яго за незаконнае распаўсюджваньне інфармацыі.

На ўвазе меўся спэцвыпуск газэты "Рабочы" з заклікам да байкоту выбараў. Пакараньне для Баршчэўскага прызначана ў выглядзе штрафа памерам у 5 мінімальных заробкаў або 13 тысячаў рублёў. Лідэр БНФ лічыць гэтае рашэньне выключна палітычным і зьбіраецца яго абскардзіць.

(Баршчэўскі: ) "Рашэньне, якое было прынятае судзьдзём, яно было прынятае чыста з палітычных меркаваньняў. Таму што, з аднаго боку, судзьдзя бачыла абсурднасьць усіх абвінавачаньняў супраць мяне, а з другога боку, яна не магла пакінуць мяне беспакараным хоць за нешта. Я – за права свабоднага распаўсюджваньня інфармацыі, што гарантуецца артыкуламі 33 і 34 канстытуцыі, на што мы вельмі ўпарта паказвалі ў судзе. Ніхто ня можа забараніць мне распаўсюджваць хоць "Зьвязду", хоць "Советскую Белоруссию", хоць газэту "Рабочы", і, нават, да 299 асобнікаў незарэгістраванай прэсы".

Пад час разгляду высветлілася, што міліцыя ўважліва сочыць за кожным крокам прыхільнікаў байкоту. Гэтак, пікетоўцы Баршчэўскі, Кішкурна й Садоўскі, нават не пасьпелі раздаць прыгатаваную для мінакоў інфармацыю, бо былі затрыманыя міліцыянтамі на самым пачатку акцыі. Таму фармальна магчыма лічыць, што эфэкт ад пікету на праспэкце Машэрава быў блізкі да нуля.

Лявон Баршчэўскі між тым лічыць слушнай тактыку супрацьдзеяньня выбарам з дапамогаю вулічнага пікетаваньня, названага сустрэчамі з выбаршчыкамі. Баршчэўскі кажа:

(Баршчэўскі: ) "Байкот як палітычны сродак, як сродак дзеяньня палітычных партыяў, асабліва з улікам таго, што на вясну нам могуць падрыхтаваць выбары ў так званы саюзны палямэнт і потым спаслацца на гэтыя выбары, дык у гэтым сэнсе палітычныя партыі, якія прынялі рашэньне аб байкоце, на маю думку, прынялі адзіна правілдьнае рашэньне. Для Беларусі, а не для палітычных партыяў ці асобных палітыкаў, для Беларусі больш выгадна праводзіць кампанію няўдзелу. Калі ў Менску адміністрацыйны рэсурс не спрацуе, гэтага доказу ўжо будзе дастаткова".

Сёньня ў Менску павінны адбыцца яшчэ два пікеты-сустрэчы з выбаршчыкамі — на скрыжаваньні Варвашэні й праспэкту Скарыны і ў мікрараёне Ўручча. Ці будуць затрыманыя на гэтых акцыях мы паведамім дадаткова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG