Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 верасьня 2000 г.


Галіна Прыгара, Ню-Ёрк

(эфір 15 верасьня)
Сёньня з Амэрыкі прыйшло паведамленьне аб сьмерці Галіны Русак, вядомай мастачкі, сябры Рады БНР, адной з актыўных дзяячак беларускага замежжа.

Галіне Русак было 72 гады, і памерла яна на рак. Як заўважылі мяйсцовыя беларусы, у спадарыні Русак было сваеасаблівае стаўленьне да лекараў: яна не прызнавала прафіляктыкі і да апошняга часу нават ня ведала пра сваю цяжкую хваробу.

Галіна Русак амаль 50 год працавала ў мастацкай бібліятэцы Ратгэрскага ўнівэрсытэту. Апошнія гады – на пасадзе загадчыка гэтай бібліятэкі і на пэнсію сышла толькі гэтым летам. Выставы Галіны Русак аб'ехалі ўвесь сьвет. Яна была адной зь першых ў асяродку беларускіх мастакоў з эміграцыі, чые творы выстаўляліся ў Менску.

Сувязі зь Беларусьсю Галіна Русак падтрымлівала да апошняга часу трывалыя. Яна была арганізатарам выставаў твораў дзяцей з чарнобыльскай зоны, прадавала іх малюнкі і грошы адпраўляла ў Беларусь. Апошнія вялікія праекты яе, гэта дзьве выставы на чарнобыльскую тэму ў Вашынгтоне і Бостане.

Галіна Русак – актыўны сябра суполкі беларускіх мастакоў і ўмельцаў і выступала адным з арганізатараў этнаграфічных выставаў у беларускім Цэнтры ў Саут-Рывэры.

Акрамя шырокай грамадзкай дзейнасьці, галоўныя заслугі Галіны Русак палягаюць у падтрыманьні беларускага духу ў тых асяродках, дзе яна знаходзілася. Яе дзьве дачкі і ўнукі, народжаныя ўжо ў Амэрыцы, размаўляюць па-беларуску.

Засталіся нескончанымі дзьве кніжкі Галіны Русак. Адна – пра сьвятую Эўфрасіньню Полацкую, другая – пра архітэктуру Полацку і Віцебскае вобласьці.

XS
SM
MD
LG