Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Днямі мы паведамілі пра тое, што ў Пінску платнымі сталі паслугі гарадзкое стаматалягічнае паліклінікі, і вось напярэдадні жыхары граду даведаліся, што ім давядзецца плаціць і за лячэньне ў гарадзкім шпіталі.

У прынцыпе за лячэньне ў гарадзкім шпіталі трэба было плаціць і раней. Але не грашыма. Ужо доўгі час перад тым, як прыйсьці на стацыянарнае лячэньне, трэба было сваім коштам абавязкова набыць лекі, шпрыцы, перавязачныя матэрыялы. Цяпер акрамя гэтага жыхарам Пінску ды суседніх раёнаў давядзецца плаціць яшчэ за абсьледаваньне і аналізы.

Паводле адміністрацыі гарадзкога шпіталю, які, дарэчы, зьяўляецца адным з самых вялікіх у вобласьці, гэты крок вымушаны, бо сёлета гарадзкі бюджэт выдаткаваў сродкаў на патрэбы шпіталю менш за 40 адсоткаў ад неабходнага. У выніку шпіталь мае вялізныя запазычанасьці перад пастаўшчыкамі за лекі, харчаваньне ды іншае. Прз завядзеньне платных паслугаў адміністрацыя спрабуе захаваць магчымасьць бясплатна дапамагаць хворым з экстранай паталёгіяй, а таксама льготнікам ды малазабясьпечаным грамадзянам. Астатнія вымушаныя аплочваць паслугі паводлое тарыфаў, разьлічаных эканамістамі шпіталю. Да прыкладу, аналіз крыві цяпер каштуе амаль 1200 рублёў, мачы – каля 1000, а за дасьледаваньне стану страўніка (ФГС) давядзецца заплаціць амаль 5 тысячаў. Дарэчы, тым, што хварэюць на язву страўніка, такое дасьледаваньне трэба рабіць двойчы на год.

Што да законнасьці ўвядзеньня шпіталем платных паслугаў, дык паводле адміністрацыі, гэта дазваляецца загадам №100А міністэрства аховы здароўя Беларусі. Пакуль яшчэ бясплатна можна абсьледавацца ў пінскім дзіцячым шпіталі, а таксама ў гарадзкіх шпіталях суседніх Драгічына, Століна і Лунінца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG