Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Беларускія прафсаюзы ўхваляюць публічную падтрымку сваёй пазыцыі з боку расейскіх калегаў.

Заява лідэра Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі Міхала Шмакава пра парушэньні ў Беларусі прафсаюзных правоў атрымала станоўчы водгук у беларускіх прафсаюзных колах. Гаворыць старшыня Рэспубліканскага камітэту прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў:

"Шмакаў сказаў, што мы павінны ўважліва паставіцца да разгляду скаргі прафсаюзаў, што факт парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі мае месца, і ён небясьпечны яшчэ й тым, што можа быць паўтораны ў іншых краінах, у тым ліку і ў Расеі. Дзе, падкрэсьліў ён, таксама ёсьць "гарачыя галовы". І гэтыя "галовы" імкнуцца паводзіць сябе гэтак сама, як і беларускія ўлады. Расейскія прафсаюзы цяпер падтрымалі нас", – лічыць Аляксандар Бухвостаў.

Ён зазначыў, што Міхал Шмакаў паабяцаў падтрымку беларускім прафсаюзам тыдзень таму. А менавіта: пад час знаходжаньня ў Менску ў складзе дэлегацыі Міжнароднае канфэдэрацыі Свабодных прафсаюзаў.

Як засьведчылі падзеі апошніх дзён, гэтыя абяцаньні выконваюцца. У прыватнасьці, беларускі бок быў паінфармаваны, што прадстаўнік Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі ў Дзяржаўнай думе дэпутат Ісаеў ініцыяваў разгляд парушэньняў правоў беларускіх прафсаюзаў у Міністэрстве замежных справаў Расеі. Ён накіраваў дэпутацкі запыт да міністра Ігара Іванова, каб спыніць перасьлед прафсаюзаў у гэтак званай "саюзнай дзяржаве".

Ня толькі Бухвостаў, а і іншыя прастаўнікі афіцыйных прафсаюзаў Беларусі спадзяюцца, што пазыцыя расейскіх калегаў пазытыўным чынам адаб'ецца на сытуацыі ў краіне, спыніць ігнараваньне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі міжнародных стандартаў у працоўнай сфэры. Сябры Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў таксама ўхваляюць крытычнае стаўленьне расейскіх прафсаюзаў да становішча ў Беларусі.

Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) "Ёсьць аб чым клапаціцца ў Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі. Бо калі назіраць за справамі, што ідуць у Расеі, то відаць, што на Беларусі, як на палігоне, адпрацавалі тэхналёгію, а зараз паўтараюць і ў Расеі. Нападкі на незалежнуцю прэсу, стварэньне вэртыкалі – усё паўтарае Беларусь. Але з іншага боку – у Расеі лепшы стан, бо там казённай уласнасьці засталося вельмі мала, і прафсаюзам лепш працаваць".

(Карэспандэнт: ) "Генадзь Аляксандравіч, як бы Вы схарактарызавалі цяперашнія стасункі беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў з расейскімі прафсаюзамі, і наогул ці маюць месца такія стасункі?"

(Быкаў: ) "Сюды Шмакаў прыяжджаў, яго запрашаў Ганчарык. А да нас прыяжджаў Срамаў, старшыня прафсаюзу сацпроф, і ўдзельнічаў у гэтых мерапрыемствах, што праходзілі зь Білам Джорданам. Маем нармальныя адносіны. Ну вось ёсьць прапанова стварыць кшталту аб'яднаньня прафсаюзаў. Я б не казаў, што яны шчыльныя, але, скажам так, працоўныя".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што з боку расейскіх прафсаюзаў дапамога можа быць рэальнаю?"

(Быкаў: ) "Можа быць. Гэта праца са сваім прэзыдэнтам, са сваім парлямэнтам. Ціск з тога боку праз прафсаюзы, ціск на Лукашэнку," – лічыць лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG