Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 2000 г.


Кастусь Бандарук

Сёньня ўжо чацьверты дзень візыту Яна Паўла ІІ на Блізкі Ўсход. Гэты візыт сам папа акрэсьлівае як паломніцтва ў Сьвятую Зямлю і зьдзяйсьненьне сваёй запаветнай мары. Папа быў цёпла прыняты ў Ярданіі, наведаў гару Морыя, зь якой Майсей глядзеў на Зямлю Абяцаную. Учарашні дзень ён правёў на тэрыторыі палестынскай аўтаноміі, а сёньня наведаў мэмарыял Галакосту "Яд Вашэм" і праводзіць афіцыйныя сустрэчы ў Ізраілі. Аднак сустрэчы і выступленьні Папы, як і можна было спадзявацца, далёка выйшлі па-за рамкі рэлігіі і пілігрымства і шырока камэнтуюцца як важная палітычная падзея…

Для палестынцаў асабліва быў важны ўчарашні візыт Папы ў Бэтлеем, і яны надзвычай пільна прыслухоўваліся да кожнага слова Яна Паўла ІІ. Ватыкан заўсёды падтрымоўваў права палестынцаў на сваю дзяржаву, і за 20 гадоў свайго пантыфікату Ян Павал ІІ 10 разоў сустракаўся з Ясірам Арафатам.

Гэтым разам аднак ён мог асабіста пераканацца колькі спадзяваньняў ускладае на яго палестынскі народ. Размахваючы ватыканскімі і палестынскімі сьцягамі, натоўп скандаваў лёзугі: "Ян Павал ІІ – любім цябе". Папа адслужыў урачыстую Імшу перад храмам Раства Хрыстовага у Бэтлееме і прамовіў да дзесяткаў тысяч мясцовых хрысьціян і мусульманаў. Ён чарговы раз пацьвердзіў сваю пазыцыю і заявіў пра "іхнае натуральнае права на сваю Радзіму".

Выступаючы у сядзібе палестынскага лідэра Ясіра Арафата Папа заявіў: "Ніхто ня можа ігнараваць пакуты палестынскага народу за апошнія дзесяцігодзьдзі. Вашыя пакуты на вачах усяго сьвету, і яны працягваюцца ужо задоўга". Яна Павал ІІ назваў імкненьне палестынцаў да незалежнай дзяржавы "легітымным", і сказаў, што яно павінна быць дасягнутае шляхам перамоваў.

Міністар публічнай бясьпекі Ізраіля Шломо Бэн-Амі адзначыў, што Папа ня выйшаў па-за рамкі сваіх ранейшых заяваў, але Ясір Арафат быў выразна задаволены. На думку ягонай жонкі, унікальнасьць гэтай заявы ў тым, што яна прагучэла на гэтай зямлі, перад і палестынцамі, і ізраільцянамі. Нават звычайны жэст, калі Папа пацалаваў зямлю паднесеную яму на падносе дзецьмі, меў для прысутных палітычны сэнс, паколькі ён заўсёды рабіў гэта ў сувэрэнных дзяржавах.

Менш афіцыйнаю, але затое больш эмацыйнаю, была сустрэчы Папы ў палестынскім лягеры Джэйшы каля Бэтлеему. Прамаўляючы да сабраных Ян Павал ІІ заявіў:

(Ян Павал ІІ: ) "Вы пазбаўленыя многіх рэчаў, якія зьяўляюцца асноўнымі патрэбамі чалавека: жыльля, мэдычнай апекі, асьветы і працы. Больш за тое, у вас жывая памяць пра тое, што вы прымусова выселеныя. Дарагія браты і сёстры! Ня думайце, што цяперашнія умовы вашага жыцьця робяць вас горшымі ў Божых вачох. Ніколі не была забытаю вашая годнасьць як дзяцей божых,"

– сказаў Папа да палестынскіх уцекачоў у лягеры Джэйшы, пасьля
чаго выразна ўзрушаны Арафат некалькі разоў пацалаваў яго руку.
У лягеры з 48-га году жывуць 9,5 тысяч чалавек. Многія зь іх трымалі у руках ключы ад сваіх дамоў, а таксама партрэты сваіх забітых або зьняволеных сыноў.

Згодна ААН, агулам у 60-ці лягерох жывуць паўтара мільёна чалавек, высяленых са сваіх дамоў у часе войнаў 48-га і 67-га гадоў. Яна Павал ІІ прызнаў умовы жыцьця ў лягерох двух з паловай мільёнаў палестынцаў па-за імі "непрымальнымі", але і не сказаў, што яны маюць права вярнуцца ў свае дамы на тэрыторыі Ізраілю. Папа заклікаў толькі лідэраў з усяго сьвету дапамагчы палепшыць умовы жыцьця для трох з паловай мільёнаў палестынскіх уцекачоў.

Што тычыцца ізраільцянаў, дык бадай з найбольшай увагай яны прыслухоўваліся да слоў Папы, датычных віны Царквы за генацыд жыдоў. У Мэмарыяле Галакосту ў Ерузаліме ў памяць 6-ці мільёнаў забітых нацыстамі жыдоў, Ян Павал ІІ сказаў:

(Ян Павал ІІ: ) "Каталіцкая Царква, кіруючыся эвангельскімі прынцыпамі праўды і любові, бяз аніякай палітычнай падаплёкі выказвае глыбокае шкадаваньне з прычыны нянавісьці, перасьледу і выяваў антысэмітызму ў розных месцах і часе з боку хрысьціянаў у дачыненьні да жыдоў".

Аднак гэтыя словы многія ізраільцяне палічылі недастатковымі. Яшчэ да візыту Папы ў Ерузалім, выступаючы па тэлебачаньні, галоўны рабін краіны Ізраіль Мэір Лаў заявіў, што Папа павінен асудзіць маўчаньне свайго папярэдніка Пія ХІІ у часе
ІІ усясьветнай вайны.

"Мы спадзяемся, што нехта ад імя Царквы папросіць прабачэньня за перасьлед жыдоўскага народу на працягу дзвюх тысячаў гадоў" – сказаў галоўны рабін Ізраілю.

У той час, калі многія ізраільцяне былі выразна расчараваныя стрыманымі словамі Папы, прэм'ер Ізраіля Эхуд Барак не паказаў гэтага. Паводле яго, Папа зрабіў больш за каго-небудзь для прымірэньня паміж Каталіцкай Царквою і Ізраілем.

XS
SM
MD
LG