Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Учора мы паведамлялі, якую моцную хвалю грамадзкага пратэсту выклікала расейка-чачэнская вайна ў Францыі. Парушэньні правоў мірнага насельніцтва ў Чачні застаюцца цэнтральнай тэмаю заходніх сродкаў масавай інфармацыі.

Нямецкае агенцтва DPA адзначае, што ці ня кожная істотная заява міжнародных праваабарончых арганізацыяў, датычная фактаў парушэньня правоў чалавека ў Чачні, успрымаецца Расеяй як праява аднабаковага падыходу і "анты-расейскіх" тэндэнцыяў.

Міністэрства замежных справаў Расеі адпаведна скрытыкавала заявы прадстаўніка Вярхоўнага Камісара ААН у справе правоў чалавека Мэры Робінсан, і абвінаваціла прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Джэймаса Рубіна ў "інфармацыйным тэрарызме".

Выступ Робінсан тычыўся ганебных паводзінаў расейскіх вайскоўцаў ў фільтрацыйным лагяры "Чарнакозава" на поўначы Чачні. Маецца шмат сьведчаньняў пра катаваньні і зьдзекі. Так, 21-гадовы чачэнец паведаміў пра тое, што расейскія вайскоўца білі яго малатком па галаве. У іншым выпадку, вайскоўцы запускалі ў перапоўненыя камэры сьлезацечны газ і не выпускалі адтуль людзей. Ёсьць сьведчаньні і пра згвалтаваньні.

У адказ на патрабаваньне Камісіі ўсправе правоў чалавека ААН і Эўразьвязу дапусьціць у фільтрацыйныя лагяры міжнародных назіральнікаў, Крэмаль абраў простую, але эфэктыўную тактыку. «Робінсан можа наведаць Чачню, калі яна зробіць адпаведныя высновы з рэзкай крытыкі Міністэрства замежных справаў» - заявіў памочнік выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Сяргей Ястржэмбскі.

Тым часам, верагоднасьць візыту прадстаўніка Камісіі па правах чалавека Эўразьвязу Альвара Гіль-Раблэса ў Чачню застаецца няпэўнай.

Карэспандэнту нямацкай газэты «Зайт» МішэлюТуманну, аднак, удалося прабрацца ў лагер Чарнакозава, зьмяшаўшыся з групай расейскіх журналістаў. Туманн апісвае лягер як «жудасную вязьніцу», з адсутнасьцю каналізацыі і элемэнтарных умоваў для існаваньня. Нямецкі журналіст піша, што падчас допытаў да чачэнцаў ужываюцца катаваньні.

Агенцыя France Press канстатуе, што ў сераду Брытанія была вымушаная прызнаць, што Захад ня ў стане ўплываць на Расею у пытаньнях Чачні. Гэта пацьвердзіў і візыт у Маскву міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі Робіна Кука, які спрабаваў пераканаць Уладзімера Пуціна скарыстаць паслугі міжнародных пасярэднікаў у мэтах спыненьня пяцімесячнае вайны.

Пуцін паведаміў госьцю з Лёндану, што «чачэнская праблема ў значнай ступені перанесеная на палітычны ўзровень». Паводле заявы Кука для журналістаў, ён прасіў Пуціна, каб Расея была большг адкрытай для ўсясьветнай супольнасьці ў чачэнскай праблеме. «Мы верым, што міжнародная супольнасьць здольная дапамагчы знайсьці варыянты, якія не прывядуць да чалавечых пакутаў ў Чачні,» – адзначыў Робін Кук.

На працягу апошняга часу Захад дамагаўся ад Расеі допуску міжнародных назіральнікаў у раён канфлікту для вывучэньня становішча з правамі чалавека. Аднак Крэмаль адмаўляецца і заяўляе, што Чачня – гэта ўнутраная праблема Расеі.

Сорак дзён мы ня маем праўдзівых зьвестак пра лёс карэспандэнта Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага. Інтэрнэтаўскі вэб-сайт Агенцтва палітычных навінаў сёньня публікуе спасылку на ананімную крыніцу ў міністэрстве ўнутраных справаў Расеі. Афіцэр МУС заявіў, што Бабіцкі не абменены на расейскіх вайскоўцаў, і не знаходзіцца ў чачэнцаў, але ўтрымліваецца расейскімі спэцслужбамі на тэрыторыі ці то Інгушэтыі, ці то Дагестану. Бабіцкі разглядаецца як каштоўная крыніца інфармацыі з пункту гледжаньня інтарэсаў расейскае вайсковае разьведкі, чым і тлумачыцца яго доўгачасовае ўтрыманьне.

"Афіцэр адмовіўся адказваць на пытаньне, якім чынам спэцслужбам удасца патлумачыць сусьветнай грамадзкасьці затрыманьне Бабіцкага," – паведамляе АПН.

Тым часам ўчора жонка Бабіцкага і ягоная дачка павінныя былі прыляцець у Прагу. Аднак у апошні момант паездка адклалася – для выезду непаўнагадовай дачкі памежнікі патрабуюць пісьмовы дазвол ейнага бацькі, Андрэя Бабіцкага.

XS
SM
MD
LG