Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 19 Лютага)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка выдаў два дэкрэты, якія зьвярнулі на сябе ўвагу. Яны прысьвечаныя адной праблеме – падаткаабкладаньню.

Калі ўзяць дэкрэт "Аб некаторых пытаньнях спагнаньня падатку на даданую вартасьць зь індывідуальных падаткаплацельшчыкаў", дык ён адметны тым, што ўладам давялося ўсё ж лічыцца зь ціскам прадпрымальніцкага сэктару. Страйк, у якім на пачатку лютага ўдзельнічала ў гарадох Рэспублікі каля 100 тысячаў чалавек, зрабіў сваю справу.

Як ні папярэджвалі ўлады прадпрымальнікаў, што на іхны ціск не адрэагуюць, у дэкрэце № 7 давялося запісаць, што "індывідуалныя прадпрымальнікі зьяўляюцца плацельшчыкамі падатку на даданую вартасьць у наступным справаздачным месяцы, калі іхная выручка ад рэалізацыі тавараў (работ, паслугаў) за папярэдні месяц перавысіла памер 3000 мінімальных зарабкаў". Гэта значыць – 6 600 000 дэнамінаваных рублёў.

Значыць для дробных прадпрымальнікаў уводзіцца палёгка, паколькі дэкрэт мае адваротную сілу, яго дзеяньне пачынаецца зь 1 студзеня. Масавае страйкаваньне дало плён.

Праўда, дэкрэтам дадзена даручэньне Савету міністраў "у двухмесячны тэрмін ва ўстаноўленым парадку падрыхтаваць зьмены, якія падлягаюць унясеньню ў закон Рэспублікі Беларусь "Аб падатку на дабаўленую вартасць". І яшчэ невядома, якія будуць зробленыя зьмены. Можа такія, якія зноў падштурхнуць прадпрымальнікаў да страйку.

Але прырода адміністрацыйнае сыстэмы такая, што страты ў адным яна заўсёды імкнецца кампэнсаваць за кошт іншых крыніцаў. Так атрымалася й на гэты раз. У другім дэкрэце Аляксандра Лукашэнкі "Аб некаторых пытаньнях падаткаабкладаньня й зьбіраньня плацяжоў у свабодна канвэрсоўнай валюце і расейскіх рублях у 2000 годзе", які набывае моц з 27 лютага, вызначана шмат крыніцаў паступленьня валюты ў казну.

Напрыклад, збор з уладальнікаў (карыстальнікаў) аўтатранспартных сродкаў, зарэгістраваных у замежных дзяржавах, за праезд па аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня; плата зь нерэзыдэнтаў Рэспублікі Беларусь за праезд іхнага транспарту па аўтамабільнай дарозе Брэст-Менск-мяжа Расейскае Фэдэрацыі; падаткі на даходы замежных юрыдычных асобаў, якія не ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць праз сталае прадстаўніцтва, нават ад рэалізацыі тавараў, завезеных у Беларусь дзеля дэманстрацыі на выставах, выставах-продажах ды кірмашох; патэнтавыя пошліны ды зборы зь нерэзыдынтаў Рэспублікі Беларусь; мытныя пошліны, акцызы й падаткі на даданую вартасьць пры ўвозе ў Рэспубліку Беларусь тавараў юрыдычнымі асобамі ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі й г.д.

Заўважым, што ўсе гэтыя плацяжы ўводзяцца ў дадатак да ўжо ўстаноўленых заканадаўствам. Невядома, ці дасьць гэта чакаемы плён, бо ўсялякія празьмернасьці ў эканоміцы ўрэшце рэшт вядуць да правалу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG