Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Першамайскім судзе Менску пачаўся судовы працэс паводле пазову пэнсіянэркі Веры Цярлюкевіч да вядучага праграмы "Рэзананс" Аляксандра Зімоўскага аб абароне гонару й годнасьці. Спадарыня Цярлюкевіч зьвярнулася ў суд пасьля перадачы, прысьвечанай падзеям 17 кастрычніка, у якой Зімоўскі назваў удзельнікаў "Маршу Свабоды" "кучаю трэніраваных адмарозкаў". Вера Цярлюкевіч намагаецца праз суд атрымаць ад Зімоўскага прабачэньні й грашовую кампэнсацыю за маральныя страты памерам тры мільярды рублёў.

Словы Зімоўскага абразілі спадарыню Цярлюкевіч, якая сама брала ўдзел у "Маршы Свабоды". Сёньня судзьдзя Леанід Ясіновіч разам з удзельнікамі працэсу прагледзеў відэастужку з тэкставай раздрукоўкаю, якую прадаставіла суду Беларуская тэлерадыёкампанія. Вера Цярлюкевіч лічыць, што са стужкі зьніклі тыя кадры, дзе быў відаць яе твар. Яна паведаміла "Радыё Свабода" ў судовай залі:

(Цярлюкевіч: ) "Я жанчына, якая прапрацавала ўсё жыцьцё на цяжкіх працах – на вежавым кране на будоўлі, потым у ліцейцы на кране, я плаціла вельмі вялікія падаткі, я зьяўляюся падаткаплацельшчыкам. А на нашыя падаткі існуе радыё і тэлебачаньне. Пасьля таго, як на наш адрас я чую абразы, дык не магу цярпець, хоць я і стары чалавек. Я падала ў суд, але ня ўпэўненая, што я гэты суд выйграю, бо бачу і здагадваюся, што спадара Зімоўскага мусіць падтрымліваць наш прэзыдэнт і ўрад, інакш бы ён так сьмела сябе не паводзіў. Але важны сам факт працэсу. Хай пачуюць людзі праз журналістаў, што ў нас такая зьнявага людзей. Можа і сам Зімоўскі зразумее, што хоць і ня мая закончанай вышэйшай адукацыі, але ўсё ж ён пісьменны чалавек, і сумленьне ў яго зьявіцца.

Вось сёньня пракруцілі стужку. Я зь ёй ня згодная. Маё ўражаньне, што яе падклеілі. Я сама бачыла "Рэзананс", там была я. Сёньня мяне там ужо няма. Я ўжо павінна прадстаўляць сьведкаў, якія бачылі, што я была на гэтым маршы. Ідзе фальсыфікацыя суда".

Я зьвярнулася з пытаньнем да Зімоўскага: "Чаму вы дазволілі сабе такія выразы ў адносінах да ўдзельнікаў "Маршу Свабоды"? Адказ быў наступным:

(Зімоўскі: ) "Гэта мая журналісцкая ацэнка таго, што адбываецца. Бо ў ніводнай краіне людзі парушаць закон ня маюць права. Калі людзі сьвядома ідуць на парушэньне закону, значыць у іх не ўпарадку з лёгікай і зь іншымі думальнымі функцыямі, яны сьвядома парушаюць закон".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, а калі чыноўнікі міністэрстваў парушаюць заканадаўства, вы маглі б дапусьціць да іх такі выраз, як "куча адмарозкаў?"

(Зімоўскі: ) "Справа ў тым, што я асабіста не сутыкаўся з парушэньнямі з боку дзяржаўных служачых, але калі такога кшталту падзеі адбываюцца, я думаю, што любы грамадзянін, які з гэтым сутыкнуўся, можа зьвярнуцца ў суд".

Перад гэтым Зімоўскі адмовіўся адказваць на пытаньні нашага Радыё па-беларуску.

Суд зьвярнуўся ў Інстытут этнагарафіі і фальклёру па экспэртызу, каб атрымаць адказ на пытаньне: "Ці зьяўляецца выраз Зімоўскага абразаю для ўдзельнікаў шэсьця, і як ён стасуецца з журналісцкай этыкаю?" Пакуль ня будзе адказу, судовы працэс у гэтай справе лічыцца спыненым.

XS
SM
MD
LG