Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Па-ранейшым застаецца невядомым лёс карэснандэнта нашага Радыё Андрэя Бабіцкага.

Сёньня міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў заявіў, што сытуацыя вакол зьнікненьня карэспандэнта Радыё Свабода – гэта пытаньне прыватнае, якое (цытую) "ня можа ўзводзіцца ў ранг нацыянальнай палітыкі, а тым болей – адносінаў паміж дзяржавамі" (канец цытаты).

Аднак шэраг заходніх палітыкаў і правааабаронцаў лічаць якраз наадварот. Сёньня прадстаўнік кіраўніцтва АБСЭ Фраймут Дуве выказаў занепакоенасьць тым, што расейскія ўлады перадалі свайго грамадзяніна ў рукі тых, каго самі ж лічаць бандытамі. Прадстаўнік АБСЭ заявіў, што калі да 9 лютага міністар замежных справаў Расеі не прад'явіць доказы таго, што Бабіцкі – жывы, АБСЭ пачне адпаведныя захады ў справе абароны журналіста.

Што мы ведаем на гэты момант?

Мы бачылі відэастужку з так званым абменам Андрэя Бабіцкага. Прагладалі стужку і экспэрты.

Яны прызналі, што на відэастужцы – сараўды Бабіцкі, і што запіс зробленая пасьля 2 лютага – журналіст засьняты ў кашулі, якую яму перадалі ў той дзень. Яшчэ можна сказаць, што на стужцы – сапраўдны аўтамабіль, сапраўдныя дрэвы і, здаецца, сапраўдныя супрацоўнікі ФСБ.

І на гэтым, бадай, скончваецца тое, што можна лічыць бяспрэчным. А далей пачынаюцца сумненьні.

Апазнаны раён, дзе зроблены "абмен". Гэта – мясцовасьць ў раёне Аргуна, у глыбокім тыле расейскіх фэдэральных войскаў. Ніякія чачэнскія палявыя камандзёры туды прабрацца ня здолеюць, ва ўсялякім разе, ня тоечыся. І наўрад ці, зрабіўшы абмен, расейская спэцслужба выпусьціла б іх разам з Бабіцкім у непадкантрольную фэдэралам зону.

Далей. Нібыта чачэнцы, якія забралі Бабіцкага, былі ў чорных масках. Чачэнцы вельмі рэдка апранаюць маскі. Акрамя таго, гэтыя людзі былі пад два метры ростам і зусім не падобныя на чачэнскіх байцоў, якія звычайна больш сьціплай камплекцыі.

На відэазапісе бачна, што адзін з так званых "чачэнцаў", якім перадалі Бабіцкага, рэзка хапае яго пад руку і кудысьці цягне. Убачыўшы гэта, некаторыя супрацоўнікі нацыянальных службаў нашага Радыё, не паводле газэтаў знаёмыя з мусульманскімі традыцыямі, заявілі, што такое – проста выключана. Гэта ўсё роўна, як бы беларус, сустракаючы сябра, ударыў яго па твары. Калі мусульманін забірае кагосьці зь небясьпечнай сытуацыі, ён адразу адбыме чалавека, іншае проста немагчыма.

Гэта – тое, што на відэастужцы.

Ну а тлумачэньні высокапастаўленых расейскіх асобаў па-ранейшым вызначаюцца заблытанасьцю.

Агенцтва Reuters паведамляе, што памочнік выканаўцы абавязкаў расейскага прэзыдэнта Сяргей Ястржэмбскі адмовіўся адказаць, хто прыняў рашэньне аб так званым "абмене" Бабіцкага. Аднак Гэнеральны пракурор заяўляе, што даведаўся пра абмен з прэсы, а міністар – лічыць за лепшае маўчаць.

Сёньня, ацэньваючы сытуацыю вакол зьнікненьня Андрэя Бабіцкага, прэзыдэнт Радыё Свабод/Свабодная Эўропа Томас Дайн заявіў наступнае:

(Дайн: ) "Наколькі можна зразумець з заблытаных і супярэчлівых выказваньняў прадстаўнікоў Расеі, яны жадаюць пакінуць сытуацыю вакол Бабіцкага ў няпэўнасьці да 26 сакавіка, да дня прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Мы ня маем інфармацыі пра ягонае месцазнаходжаньне. Аналягічныя выпадкі здараліся ў Казахстане, у Беларусі, у некаторых іншых месцах, дзе пануе дыктатура. Напрыклад, ў Туркменістане цяпер затрыманы адзін з нашых карэспандэнтаў, і мы зьвяртаемся да ўладаў, каб спыніць гэтую практыку, якая нагадвае цемрашальства 14-га стагоддзя".

Гэта быў прэзыдэнт радыё Радыё Свабод/Свабодная Эўропа Томас Дайн. І яшчэ адна цытата з ягонай заявы:

(Дайн: ) "…Мы будзем заўсёды абараняць сваіх калегаў. Ніякі ўрад альбо група людзей пры ўладзе не павінная меркаваць, што яны могуць дзейнічаць супраць журналістаў беспакарана. .. У выніку намаганьняў журналістаў і актывістаў праваабарончых арганізацыяў ва ўсім сьвеце расейскія ўлады могуць заплаціць высокую цану за іх дзеяньні супраць Андрэя Бабіцкага… Наша мэта зусім ня ў тым, каб нашкодзіць расейскім уладам. Нашая мэта – атрымаць жывога Андрэя Бабіцкага, альбо, як найменш, атрымаць гарантыі, што законнасьць у адносінах да яго будзе выкананая".

У артыкуле, зьмешчаным ва ўплывовай амэрыканскай газэце "Wall Street Journal", прэзыдэнт Свабоды Томас Дайн адзначае: "Адным з першых крокаў прэзыдэнта Ельцына пасьля перамогі ў жніўні 91-га было – запрашэньне Радыё Свабода адкрыць сваё бюро ў Маскве. Адной з першых акцыяў Уладзімера Пуціна пасьля таго, як ён пачаў выконваць абавязкі прэзыдэнта, стаў арышт карэспандэнта Радыё Свабода".

Паказальна, што зьнікненьне Бабіцкага расейскія журналісты параўноўваюць із сытуацыяй вакол расейскага танкеру, што перавозіў ірацкую нафту – калі расейскія ўлады былі злоўленыя на хлусьні.

"Расея Пуціна пацярпела першую адчувальную паразу на міжнароднай арэне, – адзначае Максім Юсін у сёняшняй газэце "Известия". – Параза, якая выявіла некалькі небясьпечных тэндэнцыяў – некампэтэнтнасьць службовых асобаў, імкненьне дзейнічаць паводле старых шаблёнаў, недахоп гнуткасьці і, на жаль, прагматызму…. Справа "Волганафты" і справа Бабіцкага – два істотных правала за адзін тыдзень. Пра што гэта сьведчыць? Пра тое, што людзі, якія прыходзяць у расейскую палітыку разам з Пуціным, працягваюць жыць старымі, безнадзейна састарэлымі ўяўленьнямі пра цывілізацыю. Пра тое, што мы перабольшваем ўзровень іх кампэтэнтнасьці, прафэсіяналізму і прагматызму. Яны, напэўна, забыліся, што ў іх сёньня за спіной няма Ельцына – зь ягоным аўтарытэтам, рэпутацыяй, якія былі назапашаныя барацьбой з камунізмам. І тыя "экстравагантныя праколы", якія дараваліся Ельцыну, ў іх выкананьні выглядаюць велікадзяржаўным дылетантызмам," – адзначаецца ў сёняшніх "Известиях".

І сапраўды – чым далей, тым болей пытаньняў выклікае сытуацыя вакол карэснандэнта "Свабоды" у палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў шмат якіх краінаў сьвету. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што Бабіцкі выконваў свой журналісцкі абавязак, і зусім ня быў на тым альбо іншым баку канфлікту. Прызнаюць гэта і ягоныя калегі – расейскія журналісты.

Юлія Калініна ў сёняшняй газэце "Московский комсомолец" адзначае, што "устойлівае меркаваньне, што Бабіцкі – цалкам прачачэнскі журналіст, якога чачэнцы любяць і носяць на руках, зусім не адпавядае сапраўднасьці. Калі б Пуцін уважліва праслухаў ўсе рэпартажы Бабіцкага, ён бы заўважыў, як шмат той гаворыць пра баевікоў непрыемнага для іх. І за "свайго" на тым баку яго ніхто ня лічыць. Паважаюць за тое, што не баіцца зьбіраць інфармацыю ў сапраўды небясьпечных месцах. Але лічыць яго "сваім" – такім, каб выратоўваць любым коштам – пра гэта і гаворкі няма. Тым больш у найцяжэйшыя для баевікоў дні прарыву з Грознага".

Каму ж аддалі журналіста? – Задаецца пытаньнем аўтарка артыкула ў "Московском комсомольце". – У цяперашняй сытуацыі самае зручнае для ўладаў рашэньне – аддаць яго ўсё тым жа гантаміраўцам. Яны чачэнцы, і калі ўся гісторыя потым ўсплыве на паверхню, афіцыйныя ўлады заўсёды могуць сказаць: а мы ня ведалі, што вось гэтыя чачэнцы – не сэпаратысты, а нашыя, гантаміраўскія міліцыянты. Чачэнцы – яны і ёсьць чачэнцы. Прапанавалі абмен, мы і пагадзіліся. А ўжо гантаміраўцы пастараюцца, каб Бабіцкі ня ўбачыў волі. Іх вучыць ня трэба".

Нагадаю радыёслухачам, што ў расейскім друку паведамлялася, што значная частка гэтак званай міліцыі Гантамірава – чачэнцы, асуджаныя за крымінальныя злачынства, якіх расейскія ўлады выпусьцілі з турмаў пры ўмове іхнага ўдзелу ў барацьбе на баку фэдэральных войскаў. Сам Гантаміраў быў таксама амніставаны, а раней яго абвінавачвалі ў крадзяжы ў асабліва буйных памерах.

Уласна, ці ня кожны эпізод ў гісторыі вакол Бабіцкага, як і шмат што з чачэнскай вайны – тое, што ні пры якіх абставінах немагчыма ўявіць у дачыненьні да любой дэмакратычнай заходняй дзяржавы. Немагчыма катаваць ваеннапалонных, хай бы нават іх і лічылі злачынцамі. Немагчыма абменьваць журналіста, наогул цывільнага чалавека, на вайскоўцаў. Немагчыма хлусіць – і не несьці за гэта ніякай адказнасьці.
Магчыма, гэта і ёсьць ўвасабленьне іншага, супрацьлеглага ад дэмакркатыі полюсу, пра які сёньня разважаюць аматары шматполюснага сьвету?

Вы чулі паралель з Беларусяй, якую прывёў Томас Дайн. Можна прыгадаць і тое, што менавіта ў Менску апранутыя ў чорныя маскі байцы спэцслужбаў ўпершыню прымянілі сілу да дэпутатаў парлямэнту, што якраз у Беларусі пачалі бясьсьледна зьнікаць тыя, хто быў нязгодны з уладай – Захаранка, Ганчар, Красоўскі.

У праграме "Урокі найноўшае гісторыі" прыводзіліся доказы непасрэднага дачыненьня КГБ да посьпеху на выбарах Лукашэнкі. У сёньняшняй Беларусі гэбісты – на ключавых пасадах, і нават міністар замежных справаў – палкоўнік ГэБэ. Прайшло няшмат часу – і менскі вопыт быў скарыстаны ў Маскве: падпалкоўнік КаГэБэ Пуцін заняў найвышэйшы кабінэт у Крамлі.

Неверагодна высокі рэйтынг Пуціна часта тлумачаць імкненьнем расейскага насельніцтва нарэшце апынуцца ў сытуацыі стабільнай бясьпекі, якую, як быццам, могуць даць спэцслужбы.

Аднак тое, што адбываецца з нашым калегам Андрэем Бабіцкім – выяўляе вельмі небясьпечную тэндэнцыю, і сёньняшняя эйфарыя грамадзтва можа саступіць месца горкаму расчараваньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG