Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Кудзінаў адмовіўся пісаць просьбу аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміла жонка дэпутата, спасылаючыся на крыніцы ў Менскай калёніі. Зоя Кудзінава заяўляе, што муж не ўпершыню адмаўляецца ад такіх прапановаў, бо не прызнае сябе вінаватым.

Дакладна тры гады таму, 4 лютага 1997 году, быў арыштаваны дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Ўладзімер Кудзінаў. Яго абвінавацілі ў спробе даць хабар. Былыя калегі Кудзінава –дэпутаты, якія перайшлі ў "Нацыянальны сход", створаны Лукашэнкам насуперак Канстытуцыі – лёгка далі дазвол на прыцягненьне яго да судовай адказнасьці. І праз год Кудзінава асудзілі да сямі гадоў турмы.

З самага пачатку Кудзінаў заявіў, што справу сфальсыфікавалі, каб адпомсьціць яму за апазыцыйную дзейнасьць. Папярэджваў ён і пра тое, што пасьля яго пачнуць распраўляцца зь іншымі падпісантамі імпічмэнту.

Сёньня, калі мінула тры гады пасьля арышту дэпутата, відавочна, што ў сваіх прагнозах ён не памыліўся, хаця й ня думаў, што яны спраўдзяцца гэтак хутка. Жонка Кудзінава Зоя ўзгадвае той час…

(Кудзінава: ) "Як зараз памятаю, як яго забіралі – чалавек 10 у доўгіх чорных паліто. Ягоную ўсьмешку да гэтага часу памятаю – ён ідзе і ўсьміхаецца. Я ў той час як убачыла гэтыя чорныя паліто і зграю гэтых людзей, я ўжо ў той момант зразумела, які чорны этап наступіў для нашай краіны".

Паводле зьвестак Зоі Кудзінавай, якія яна атрымала зь менскай калёніі, дзе адбывае пакараньне ейны муж, нядаўна кіраўніцтва калёніі прапаноўвала Кудзінаву напісаць заяву аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але дэпутат адмовіўся.

Зоя Кудзінава кажа, што такія прапановы паступалі й раней. Муж пад час спатканьняў казаў ёй, чаму ён адмаўляецца. Ён ня лічыць сябе вінаватым, а напісаць такую заяву – азначае прызнаць віну. "І па–другое, мы ім ня верым. Яны паабяцаюць выпусьціць, а слова не стрымаюць", – кажа Кудзінава.

Яна мае зьвесткі, што надоечы справа яе мужа была зноў запатрабаваная ў суд. Хадзілі чуткі, што, магчыма, прысуд перагледзяць, але ў выніку справу вярнулі й нічога не зьмянілі. Кудзінава лічыць, што супрацоўнікі суду ці сьледчыя проста падпраўлялі памылкі, зробленыя раней. Зоя Кудзінава кажа:

(Кудзінава: ) "Там жа кожны ліст гэтай справы – гэта фабрыкацыя, і гэта відавочна няўзброенаму воку. Калі яны ў красавіку ў Гэнеральнай пракуратуры яго падчышчалі, дык некаторыя лісты пазьнікалі, зьменены пратакол судовага паседжаньня. Я так разумею, што, мабыць, Вярхоўны суд займаўся тым самым".

Сёньня жонка дэпутата адзначае сумную гадавіну арышту мужа. Дэпутат правядзе за кратамі яшчэ ня менш як тры гады, калі яго не вызваляць датэрмінова па нейкіх прычынах. Але пакуль такі зыход падаецца неверагодным.

XS
SM
MD
LG