Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 25 студзеня)
Усё часьцей зьяўляюцца паведамленьні пра шматлікія ахвяры й разгортваньне партызанскае вайны на Паўночным Каўказе, якая можа зацягнуцца на дзесяцігодзьдзі. У Беларусі ўсё большая колькасьць людзей задае сабе пытаньне: ці ня здарыцца так, што Беларусь будзе ўцягнутая ў ваенныя дзеяньні на Каўказе? З гэтым пытаньнем наш карэспандэнт Ягор Маёрчык выйшаў сёньня на вуліцы Менску.

Вайна на Паўночным Каўказе набывае ўсё большы размах. На зьмену пераможным рэляцыям пра посьпехі фэдэральных войскаў у расейскіх мас-мэдыя ўсё часьцей зьяўляюцца паведамленьні пра шматлікія ахвяры й разгортваньне партызанскае вайны, якая можа зацягнуцца на дзесяцігодзьдзі.

У Беларусі, якая знаходзіцца ў інфармацыйным полі Расеі, грамадзкія настроі мяняюцца падобным чынам. Усё большая колькасьць людзей задае сабе пытаньне: ці ня здарыцца так, што Беларусь будзе ўцягнутая ў ваенныя дзеяньні на Каўказе?

Больш за іншых вайны заўсёды баяліся жанчыны. Беларускі ў гэтым сэнсе – не выключэньне. Мае сёньняшнія суразмоўцы спадзяюцца на тое, што беларускія ўлады ў сваіх інтэграцыйных памкненьнях не наблізяцца да небясьпечнай рысы:

(міначка: ) "Я ніколі не задумвалася. Думаю, напэўна, не. Я спадзяюся на нашыя ўлады. Думаю, што яны разумныя і ня пойдуць на гэта. Я спадзяюся, што такога ня здарыцца, каб мы былі туды ўмешаныя…"

(Міначка: ) "Я думаю, што не. Нашто нам гэта трэба".

(Міначка: ) "Не, ніколі".

(Карэспандэнт: ) "Чаму?"

(Міначка: ) "Беларусы разумныя людзі, яны ведаюць, што такое вайна, і наш прэзыдэнт ня пойдзе на гэта. Вось я так думаю, гэта проста жаночая лёгіка".

(Міначка: ) "Думаю, што не".

Суразмоўцы зь ліку мужчынаў глядзяць на магчымы ўдзел беларусаў у вайне супраць Чачні больш цьвяроза. Усё залежыць ад стаўленьня да сёньняшніх уладаў:

(Карэспандэнт: ) "Ці не баіцёся вы, што Беларусь будзе ўцягнутая ў чачэнскую вайну?"

(Мінак: ) "Такую магчымасьць ніхто ня можа выклікаць у дадзеных абставінах"

(Мінак: ) "Ну гледзячы якія дакумэнты будуць падпісаныя аб саюзе, якія будуць пункты. Калі мы прачытаем там пра ваеннае супрацоўніцтва, дык цалкам магчыма, чаму не?"

(Мінак: ) "У мяне сын мае адтэрміноўку, пакуль вучыцца ў інстытуце".

(Карэспандэнт: ) "І вы баіцёся, што ён можа трапіць туды?"

(Мінак: ) "Натуральна, баюся".

(Мінак: ) "Я думаю, што ня будзе ўцягнутая. Расея там разьбярэцца, іх тэрыторыя, яны разьбячруцца самі".

(Мінак: ) "Я думаю, не павінна гэтага быць. У нас Лукашэнка толькі бораецца за нас усіх, каб нашых салдат бедных туды не пасылаць. Каб не гіблі за нішто. Жалка бедных салдат, што яны будуць гінуць тамака, як у Афганістане. Колькі там пагібла салдат, радам суседзі жывуць, сыны ў іх і адзін і втары пагіблі. За што? Што заваявалі? Нішто".

(Карэспандэнт: ) "А вось там, у Расеі і Чачні, ёсьць што заваёўваць?"

(Мінак: ) "Нічога яны там не заваююць".

(Мінак: ) "Беларусь можа і ня будзе, а хлопцы. Можа, і будуць. Такая палітыка нашага прэзыдэнта".

(Карэспандэнт: ) "Але ж ён абяцае, што ніхто зь беларускіх вайскоўцаў не паедзе за межы рэспублікі".

(Мінак: ) "Ён шмсат чаго абяцаў. Але не выконвае".

(Мінак: ) "З нашым прэзыдэнтам усё магчыма. Прэзыдэнт думае катэгорыямі імпэрскага мінулага і ўсё й душой імкнецца туды. Запраста можа быць такое".

(Карэспандэнт: ) "Але ж ён абяцае, што ніхто зь беларускіх вайскоўцаў не паедзе за межы рэспублікі. Вы гэтаму верыце?"

(Мінак: ) "Ніводнаму слову Лукашэнкі ня веру".

А вось погляд беларускага вайскоўца, які, натуральна, адмовіўся назваць сябе:

(Вайсковец: ) "Ня можа так стацца. Расея сама заварыла, хай расхлёбвае, нашто гэта нам трэба".

У сёньняшім апытаньні ня выкладзеная думка малодшага пакаленьня. Бальшыня хлопцаў, для якіх існуе небясьпека апынуцца ў акопах пад Грозным, ня здолелі перад мікрафонам выкласьці сваю думку на падзеі ў Чачні.

Апытаньне на вуліцах Менску правёў

XS
SM
MD
LG