Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску спыненая адміністрацыйная справа супраць Валерыя Шчукіна, якая была ўзбуджаная за ўдзел у апазыцыйнай акцыі пратэсту з нагоды падпісаньня беларуска-расейскае дамовы 8 сьнежня. Сёньня ж у гарадзкім судзе Менску ў рамках крымінальнай справы Яўгена Асінскага апрошаны сьведка з боку абароны, а далейшы разгляд справы перанесены на заўтра.

Сёньня ў Савецкім судзе Менску пасьля трэцяга паседжаньня судзьдзя Іна Шэйко спыніла адміністрацыйную справу супраць Валерыя Шчукіна. Сьведка з боку міліцыі Місючэнка даваў такія паказаньні, што ў суда склалася ўражаньне, што гэты супрацоўнік міліцыі ўвогуле не прысутнічаў на акцыі. Яшчэ адзін сьведка – супрацоўнік міліцыі Савецкага РАУСу Сямашка – не зьявіўся на судовае паседжаньне. Такія паводзіны супрацоўнікаў міліцыі ўжо сталі звычайнымі пры разглядзе палітычных справаў.

Валеры Шчукін у сваёй прамове заявіў суду, што за вядомымі палітычнымі дзеячамі краіны прэзыдэнцкай аховаю арганізаванае назіраньне, праслухоўваюцца тэлефонныя перамовы, пэрлюструецца ліставаньне, вядзецца паліцэйскае дасье. Рэжым нават не хавае гэтых дзеяньняў, за якія прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Пад час правядзеньні апазыцыяй масавых акцыяў у горад уводзяцца жандармскія спэцвойскі (так званы АМАП), ствараюцца адмысловыя паліцэйскія штабы дзеля арганізацыі рэпрэсіяў супраць удзельнікаў мірных акцыяў.

Далей Шчукін заявіў: "Сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, праваабарончымі артыкуламі й дзеяньнямі я няўгодны тутэйшаму палітычнаму рэжыму. Вось ужо тры гады мяне ўвесь час хапаюць, зьбіваюць, кідаюць на турэмныя нары"…

Валеры Шчукін спаслаўся на блытаныя паказаньні сьведкаў з боку міліцыі ды на паказаньні карэспандэнтаў "Народнай Волі", якія засьведчылі, што Шчукін быў на апазыцыйнай акцыі ў якасьці журналіста й напісаў пра падзеі 8 сьнежня рэпартаж.

Сваё затрыманьне Шчукін патлумачыў тым, што гэта была помста за ягонае інтэрвію расейскаму тэлекампаніі "РТР", у якім ён казаў пра пагрозу ядравага тэрарызму ў тым выпадку, калі Лукашэнка дацягнецца да крамлёўскай ядравай кнопкі.

Заслухаўшы прамову адваката Шчукіна, судзьдзя Іна Шэйко спыніла адміністрацыйную справу з-за адсутнасьці складу правапарушэньня.

У гарадзкім судзе Менску ў крымінальнай справе Яўгена Асінскага судзьдзя Камісараў заслухаў сьведку з боку абароны й перанёс далейшы разгляд справы на заўтра. Ёсьць верагоднасьць, што, калі адбудуцца спрэчкі, заўтра ж можа быць агучаны прысуд.

XS
SM
MD
LG