Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 2000 г.


Каляднае пасланьне да суайчыньнікаў першагерарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы мітрапаліта Мікалая Мацукевіча.

Хрыстос Родзіцца!

Дарагія браты і сёстры!

Як часта мы чуем песьню ангелаў "Слава на вышынях Богу, а на зямлі – мір, у людзях – добрая воля". Яна ўвесь час новая. А тым больш, як мы мовім альбо сьпяваем гэтую песьню, сэрца нашае напаўняецца радасным перажываньнем. Чаму? Бо ў гэтым кароткім сказе выяўленая бязьмерная веліч людзкога шчасьця. Гэтая песьня – нішто іншае, як выяў Божае волі ратаваць нас.

Прарок Ісая кажа: "Людзі, што хадзілі ў цемры, пабачылі вялікае сьвятло. На тых, што жывуць у краі сьмяротнага ценю, зазьзяе сьвятло".

Дарагія і любыя мае суайчыньнікі! Па ўсёй Беларусі сёньня вялікае гора, людзі пакутуюць ад галечы і несправядлівасьці. Як некалі наш пісьменьнік Сяргей Палуян, зьвяртаючыся да свайго народу, сказаў: "Ад вякоў пагарджалі табой, тваёй мовай, ад вякоў мелі за быдла, годнае толькі на цяжкую працу, не давалі табе расьці і разьвівацца, воцатам чужой культуры зьвільжвалі твае сьпячоныя смагай сьвятла вусны. Цябе катавалі, ты цярпеў пакуты, але ня ўмёр, глыбока-глыбока ты захаваў сваю душу".

Так, беларускі народ усё яшчэ церпіць, але ён можа паўтарыць словы апостала Паўла: "Нас адусюль душаць, але мы не прыгнечаныя, мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач, нас прасьледуюць, але мы не пакінутыя, нас паляць, але мы ня гінем".

Узьнясем жа, дарагія мае, шчырыя і сардэчныя малітвы Госпаду Ратаўніку нашаму, хто ў стаенцы нарадзіўся, каб прынесьці на зямлю супакой і добрую волю між людзьмі.

Памолімся за нашу сьвятую Беларусь, каб зло зь яе зьнікла, і каб панаваў мір паміж сыноў і дочак ейных.

Сьвяткуйце і весялецеся, бо з намі Бог!

З намі Бог. Яму слава на векі!

Першагерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы
мітрапаліт Мікалай Мацукевіч.

Таронта, 7.1.2000

XS
SM
MD
LG