Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Станцыя раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе пад Ганцавічамі будзе пастаўленая на баявое дзяжурства ў залежнасьці ад таго, наколькі ЗША зрэалізуюць свае пляны стварэньня нацыянальнае сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Пра гэта заявіў памочнік беларускага міністра абароны гэнерал Юры Партноў.

Памочнік міністра абароны Беларусі Юры Партноў паставіў адкрыцьцё радыёлякацыйнае станцыі пад Ганцавічамі ў залежнасьць ад таго, наколькі далёка зайдуць ЗША ў плянах па стварэньні нацыянальнае сыстэмы супрацьракетнай абароны. Пра гэта гэнерал–маёр Партноў заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры.

Адказваючы сёньня на пытаньні карэспандэнта нашага радыё, Юры Партноў гэтак патлумачыў небясьпеку рэалізацыі плянаў ЗША для Беларусі:

"…Сёньня нельга забясьпечыць бясьпеку ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі, без уліку інтарэсаў іншых краінаў. Беларусь ў адным хаўрусе з Расеяй, і мы будзем падтрымліваць усе намаганьні Расеі ў справе ўмацаваньня ейнае бясьпекі", – сказаў гэнерал Партноў.

Пляны ЗША ў стварэньні нацыянальнае сыстэмы супрацьпаветранай абароны ён назваў адыходам ад дамовы па супрацьпаветранаму ўзбраеньню ад 1972 году, а таксама дадаў: "Яны ж не зьбіраюцца мяняць сваю ядравую стратэгію, яны нідзе не заявілі, што ня будуць разьмяшчаць ядравую зброю ў новых краінах-сябрах NATO побач зь Беларусьсю".

Памочнік беларускага міністра абароны папярэдзіў: калі гэтыя пляны будуць зрэалізаваныя, Беларусь і Расея прымуць "адэкватныя захады". "Але гэта ня будзе набліжэньне расейскіх стратэгічных ракетаў у заходнім кірунку на 300-400 кілямэтраў, бо гэта ня мае прынцыповага значэньня" – патлумачыў гэнэрал. Якімі будуць "адэкватныя захады" – Юры Партноў не ўдакладніў, сказаўшы толькі, што гэта залежыць ад стратэгічнай абстаноўкі.

Не назваў Партноў і прыблізную дату адкрыцьця станцыі пад Ганцавічамі. Ён ацаніў ступень гатовасьці пабудовы на 95 адсоткаў, а агульную гатовасьць станцыі да дзейнасьці на 80 адсоткаў.

Станцыя пад Ганцавічамі уяўляе сабой вялікі сучасны аб'ект радыялакацыйнага сачэньня за паветранай прастораю па-над усёй Эўропаю з мэтаю папярэджаньня аб ракетным удары.

Станцыя будуецца ўжо больш за дзесяць гадоў. Яна дазволіць кантраляваць "неба" над усёй Эўропаю на глыбіню да Атлянтыкі і ў сэктары ад Гібралтару да Скандынавіі. Гэтак лічаць адмыслоўцы, у тым ліку й былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі.

Паводле ягонай ацэнкі, дзеля забесьпячэньня бясьпекі самой Беларусі станцыя не патрэбная, але як адзін з элемэнтаў абароны Хаўрусу Расеі ды Беларусі (і ў першую чаргу – Расеі) яе значэньне цяжка перабольшыць.

Паводле Казлоўскага, Беларусь магла б атрымліваць ад расейцаў немалыя грошы за арэнду станцыі, калі б захавала яе ў сваёй уласнасьці. Былы міністар абароны выказаў шкадаваньне, што станцыя становіцца інструмэнтам шантажу паміж ядравымі супэрдзяржавамі.

Намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька, камэнтуючы заяву прадстаўніка Міністэрства абароны, заўважыў, што ня ведае пра намеры ЗША мяняць сыстэму супрацьпаветранай абароны.

На думку Анатоля Лябедзькі, гэта надуманая пагроза. "Я не выключаю, што падобнымі заявамі беларускае кіраўніцтва спрабуе "націснуць" на Захад з мэтаю атрымаць фінансавую дапамогу ці прадухіліць спыненьне тэхнічнай дапамогі, калі такія пляны Захаду адносна Беларусі сталі вядомыя ў Менску" – гэтак лічыць намесьнік старшыні беларускага парлямэнту Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, аналягічная станцыя ў Скрундэ (у Латвіі) у адпаведнасьці з рашэньнем латвійскіх уладаў была дэмантаваная і зьнішчаная яшчэ два гады таму. Спынілі будаўніцтва падобнае станцыі пад Ужгарадам і ўкраінскія ўлады.

А вось у Беларусі паціху, за расейскія грошы і рукамі расейскіх адмыслоўцаў станцыя дабудоўваецца. Міністар абароны Расеі Ігар Сяргеяў пад час леташняга візыту ў Беларусі заяўляў, што станцыю плянуецца паставіць на баявое дзяжурства ў 2000 годзе. Відаць, час падыйшоў?

XS
SM
MD
LG