Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Людзі ва ўсім сьвеце рыхтуюцца да найвялікшага сьвяткаваньня ў сучаснай гісторыі. Як жа ў розных краінах зьбіраюцца сустракаць 2000-ны год?

У Эгіпце, напрыклад, рыхтуецца грандыёзнае лязэрнае шоў ля пірамідаў. Кульмінацыяй сьвяткаваньня мае стаць усталяваньне з дапамогай гэлікоптара на вяршыні піраміды Хэопса нейкай залатой кампазыцыі, якая будзе сымбалізаваць нараджэньне першага дня.

Адное з найбуйнешых сьвяткаваньняў у Англіі адбудзецца ў будынку былой Каралеўскай абсэрваторыі ў Грынвічы, адкуль па ўсім сьвеце вымяраецца час. Перуанцы, напрыклад, будуць прыносіць ахвяры месяцу ў храме Інкаў. Румыны зьбіраюцца наладзіць сярэднявечыны баль у Бран-замку. Навазэляндцы запаляць так званы "маяк надзеі" – першы з такіх маякоў у сьвеце.

Ню-Ёрк, вядома, будзе старацца пераплюнуць увесь астатні сьвет, наладзіўшы 24-гадзіннае сьвяткаваньне. На пяці велізарных экранах у цэнтры гораду будзе дэманстравацца, як дзьвюхтысячны год сустракаюць у Азіі, Афрыцы, і Эўропе. Адмысловая тэлевізійная каманда будзе рыхтаваць 24 рэпартажы аб надыходзе новага году ў кожным часавым поясе. Ахвотныя зьбіраюцца паехаць
на маленьнькую выспу Кірабаці ў Ціхім акіяне, дзе яны змогуць першымі ўбачыць сонечны ўзыход 2000 году. "Інтэрнэшнл Геральд Трыбюн" паведамляе пра аднаго чалавека, які зарэзэрваваў на навагоднюю ноч-2000 гатэль на Тайм-сквер ў Ню-Ёрку яшчэ ў 83-ым годзе.

Некаторыя багацеі аб"ядналіся, каб арэндаваць звышзвукавы авіяляйнэр і зьбіраюцца правесьці тыдзень, ганяючыся за часам і наведваючы па ўсім сьвеце сталіцы дзяржаваў.

У Францыі будзе прадстаўлена магчымасьць перанесьціся на 300 гадоў назад, і павячэраць у Вэрсалі ў прыдворных касьцюмах з Каралём-Сонцам Людовікам 14-ым, якога, натуральна, будзе граць актор.

У Нямеччыне шмат хто зьбіраецца наведаць гала-вечарыну ў адбудаваным рэйхстагу – сымболі як найвялікшай трагедыі 20 стагодзьдзя, гэтак і ўваскрашэньня дэмакратычных каштоўнасьцяў.

У Брытаніі сьвяткоўшчыкі зьбяруцца ў так званым Доме тысячагодзьдзя – гэта велізарны выставачны цэнтар на Тэмзе памерам у 13 футбольных поляў. Крытыкі, аднак, бурчаць пра гігантаманію і выкінутыя на вецер народныя грошы.

Вядома, для краінаў, якія знаходзяцца па-за традыцыйным хрысьціянскім сьветам і маюць свае, адрозныя, календары – такіх, напрыклад, як будысцкія альбо ісламскія дзяржавы – надыход 2000-га году ёсьць абсалютна нязначнай падзеяй.

Усясьветны энтузіязм у немалой ступені падарваны тым, што новае тысячагодзьдзе не пачынаецца 1 студзеня 2000 году. Навукоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што паводле грэгарыянскага календару, пачатак тысячагодзьдзя прыпадае на 2001 г. і любая іншая трактоўка ёсьць заплюшчваньне вачэй на праўду. Тлумачыцца ўсё вельмі проста. Канцэпцыя нуля была невядомая Дыянісію, які ў 6 стагодзьдзі ўпершыню зьвязаў заходні каляндар з нараджэньнем Хрыста. Такім чынам, 1 тысячагодзьдзе пачалося з першым годам Хрыстовага нараджэньня, другое – 1 студзеня 1001 году, а наступнае пачнецца апоўначы 31 сьнежня 2000 г.

Аднак, Клінтан, напрыклад, усё роўна зьбіраецца сьвяткаваць у Белым Доме менавіта тысячагодзьдзе, аргумэнтуючы гэта тым, што хоць календары і навукоўцы маюць рацыю, але народ усё ж успрыймае
1 студзеня 2000 году як магічны дзень. У любым выпадку, некаторыя тэолягі кажуць, што датай нараджэньня Хрыста на самой справе быў 10-ы год нашай эры, і такім чынам занадта пурыская пазыцыя ўсё роўна ня мае рацыі.

Для хрысьціянаў новае тысячагодзьдзе – гэта і нагода для таго, каб памаліцца аб жахах стагодзьдзя мінулага: ядзерная бомба, Гулаг, Асвенцым. І ў той жа час - спадзяваньне, што 21 стагодзьдзе прывядзе да больш чалавечнай, цывілізаванай эры. Адзін з лідараў англіканскай царквы Роб Хорн зазначыў у інтэрвію радыё "Свабода", што ён вельмі спадзяецца на адраджэньне традыцыйных каштоўнасьцяў.

"Калі узяць пад увагу, што ў гісторыі 20 ст. быў глябальны канфлікт, канфрантацыі, дзьве велізарныя ўсясьветныя вайны, узьнікалі таталітарныя грамадзтвы, якія прывялі да вялікіх пакутаў і сьмерцяў столькіх людзей – можна спадзявацца, што 21 стагодзьдзе можа сапраўды прывесьці да адраджэньня хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, і што мы зможам усе жыць у міры і гармоніі з любоўю і павагай да сваіх суседзяў. Гэта самае меншае, на што любы хрысьціянін можа спадзявацца ў новым стагодзьдзі і тысячагодзьдзі."

Службы аховы ва ўсім сьвеце рыхтуюцца да магчымых тэрактаў у навагоднюю ноч. Бо розгалас пра тэракт, зьдзейсьнены на перавале тысячагодзьдзя, быў бы непараўнальна шырэйшым, чым звычайна – і для тэрарыстаў такая магчымасьць заявіць пра сябе выглядала б надзвычай прывабна. Адная з мацнейшых сыстэмаў аховы наладжаная ў гэтыя дні ў Ізраілі, дзе ўлады апасаюцца рэлігійных фанатыкаў, якія пастараюцца зрабіць абгрунтаванымі біблейскія прадказаньні апакаліпсісу.

Паліцыя ва ўсім сьвеце баіцца, што службы хуткай дапамогі будуць перагружаныя, разьбіраючыся з траўмамі падпітых гулякаў. Лёнданская паліцыя, напрыклад, чакае павелічэньня шпіталізацыі як найменей у 4 разы.

Адная з магчымасьцяў трывожнага разьвіццья падзеяў – так званая кампутарная праблема тысячагодзьдзя, якая можа здарыцца, калі кампутары прачытаюць 2000 год як 1900. На падыходзе да Новага Году газэты поўніліся страшнымі гісторыямі: прадказвалі, што самалёты будуць падаць, ліфты спыняцца і сьветлафоры ламацца. Некаторыя нават прагназуюць што кампутарная праблема можа спрычыніць сусьветны эканамічны спад, калі з-за няспраўных кампутараў будзе падарваны давер да фінансавых Інстытутаў.

Прыцягнута за вушы? Некаторыя псыхолягі лічаць, што гістэрыя вакол кампутарнай праблемы-2000 разьвіваецца з-за таго, што людзі занадта драматызуюць значэньне новага тысячагодзьдзя. Падобны фэномэн назіраўся і ў апошнія гады 19 стагодзьдзя, калі людзі баяліся, што новае тысячагодзьдзе прынясе крызыс цывілізацыі. Тады непакоіліся аб будучыні чалавецтва, апакаліптычных магчымасьцях навукі, аб крызысе веры. Зьмянілася ня надта шмат, і сёньняшнія хваляваньні вельмі падобныя. Унушае страх перанасяленьне, паскарэньне тэхналёгіі і навукі, эфэкт глябалізацыі і ўпадак традыцыйных каштоўнасьцяў.

І ўсё ж у той час, як адныя людзі будуць адзначаць магічную дату, уздымаючыся ў горы, пагружаючыся на дно акіяну, альбо выплясваючы пад пірамідамі – бальшыня прытрымліваецца меркаваньня, што новае тысячагодзьдзе надыйдзе толькі праз 12 месяцаў. Многія міжвольна робяцца пасьлядоўнікамі Альберта Энштэйна, які, апрэч сваіх адкрыцьцяў, быў вядомы яшчэ і знакамітым нежаданьнем думаць пра будучыню, казаўшы, што яна і так надыйдзе дастаткова хутка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG