Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 19 кастрычніка)
Кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" мае намер зьвярнуцца да сваіх эўрапейскіх калегаў з просьбай дапамагчы вызваліць з турмы Міколу Статкевіча. Актывісты Грамады сьцьвярджаюць, што падчас "Маршу Свабоды" Статкевіч рабіў усё магчымае каб прадухіліць сутыкненье дэманстрантаў зь міліцыяй.

Падчас сёньняшняе прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні "Народнай Грамады" Мечыслаў Грыб абверг сьцьверджаньні ўладаў, што Мікола Статкевіч наўмысна ўзначаліў нядзельную маніфэстацыю апазыцыі, нібыта, дзеля таго, каб падняць свой палітычны рэйтынг. Паводле словаў сп. Грыба, "Народная Грамада" прымала непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і арганізацыі гэтага шэсьця, а Статкевічу было даручана ўзначаліць калёну дэманстрантаў.Таму, на думку экс-сьпікера Вярхоўнага Савету, заявы менскага мэра Ярмошына ды іншых высокіх дзяржаўных чыноўнікаў адносна ролі Статкевіча падчас маршу зьяўляюцца хлусьнёю.

А сябра ЦК "Народнай Грамады" Ніна Стужынская паведаміла, што кіраўніцтва партыі прапаноўвала Статкевічу схавацца, але лідэр сацыял-дэмакратаў адмовіўся ўцякаць і заявіў, што застанецца разам із затрыманымі дзецьмі, за лёс якіх ён нясе адказнасьць.

Яшчэ больш жорсткую характарыстыку дзеяньням уладаў даў вядомы праваабаронца Алег Воўчак. На ягоную думку, міліцыянты дзейнічалі проста злачынна, загнаўшы вялікую колькасьць людзей у пастку паміж Сьвіслаччу і паркам Горкага. У дэманстрнтаў, паводле словаў сп. Воўчака, не было шляхоў да адыходу і людзі маглі проста затаптаць адно аднога. Другая Няміга тады б была проста непазьбежнаю.

А да ўсяго іншага, на думку праваабаронцы, пад цяжарам вялікай колькасьці вайскоўцаў і грузавікоў мог абрынуцца мост праз Сьвіслач. Пра усе гэтыя наступствы улады ў нядзелю ня думалі – для іх было галоўным, у адпаведнасьці з загадам Лукашэнкі, жорстка пакараць дэманстрантаў.

Пра зьдзекі амонаўцаў над затрыманымі апазыцыянэрамі сёньня распавядалі кіраўнік спраў Грамады Анатоль Сідарэвіч і малады сацыял-дэмакрат Уладзімер. Паводле іхных словаў, амонаўцы везьлі зьняволеных з Партызанскага РАУСа да сьпецпрымальніка дзьве гадзіны. Пры гэтым усіх дэманстрантаў моцна зьбівалі, а жанчынам пагражалі згвалтаваньнем. Такім нялюдзкім чынам ахоўнікі парадку помсьцілі за сваю паразу ў сутычцы на Сьвіслачы.

XS
SM
MD
LG