Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1998 г.


Крок расейскага й беларускага прэзыдэнтаў да зьліцьця сваіх дзяржаваў пасылае шокавы разрад ня толькі па гэтых краінах і былой постсавецкай прасторы, але і ў заходнім накірунку. Камэнтуе Пол Гоўбл, Вашынгтон

Чаму ідэя аб'яднаньня не спадабалася расейскім рэфарматарам? Па-першае, іх не задавальняе спосаб дасягненьня гэтай дагоды. Па-другое, яны ўсьведамляюць, што ў выніку аб'яднаньня зь Беларусьсю Лукашэнка стане адной з важных фігураў на расейскай палітычнай сцэне, а гэта, у сваю чаргу, нясе пагрозу дэмакратыі й рыначным рэформам.

Удар гэтага аб'яднаньня па Беларусі, як лічыць Пол Гоўбл, можа быць яшчэ больш драматычны. Падкантрольныя Лукашэнку дзяржаўныя чыноўнікі будуць воляй-няволяй падтрымліваць расейска-беларускую зьдзелку. Аднак дэмакратычная апазыцыя , пратэстуючы супраць пагадненьня, ужо сутыкнулася зь міліцыяй цягам гэтых выхадных. Беларускі Народны Фронт выпусьціў заяву, у якой абвінаваціў Лукашэнку ў зьнішчэньні беларускай дзяржаўнасьці дзеля ўзмацненьня асабістай улады. Гэтыя фундамэнтальныя разыходжаньні ў падыходах да саюзу ствараюць яшчэ больш жорсткія ўмовы для супрацьстаяньня паміж Лукашэнкам і тымі беларусамі, якія адстойваюць ня толькі нацыянальную незалежнасьць, але і ідэі дэмакратыі, свабоднага рынку і супрацоўніцтва з Захадам.

Пол Гоўбл прагназуе, што гэтае драматычнае супрацьстаяньне асабліва абвострыцца ў бліжэйшыя тыдні й месяцы, што, безумоўна, зробіць свой уплыў і на дачыненьні іншых постсавецкіх, а таксама заходніх дзяржаваў з Расеяй.

Пагадненьне Ельцына й Лукашэнкі для гэтых пакуль што староньніх бакоў відавочна прадказвае актывізацыю спробаў Масквы ізноў аб'яднаць былыя савецкія рэспублікі. Такі намер будзе абвастраць напружаньне як у саміх гэтых краінах, так і паміж імі. Некаторыя зь іх, стомленыя эканамічнымі цяжкасьцямі, могуць вітаць ідэю аб'яднаньня. Але, відавочна, большасьць не захоча паўтарыць распачаты Беларусьсю шлях ліквідацыі сваёй дзяржаўнасьці. Такім чынам, унутраныя нацыянальныя канфлікты, як прагназуе Гоўбл, могуць бліжэйшым часам крыху паслабіць палітычную моц урадаў гэтых краінаў, і расейскі ўплыў, нягледзячы на слабасьць Масквы, будзе тут узрастаць.

Яшчэ больш маштабны ўплыў, на думку вашынгтонскага аналітыка, пагадненьне Ельцына й Лукашэнкі можа зрабіць на заходнія ўрады. Перш за ўсё гэта азначае карэнную зьмену сытуацыі для НАТО, паколькі альянс ужо гэтай вясною заплянаваў далучэньне Польшчы.

Па-другое, пэўныя маскоўскія колы ізноў могуць выцягнуць на парадак дня пытаньне пра легітымнасьць роспуску СССР, нягледзячы на тое, што Ельцын абяцаў ніколі такой рэвізіі не дапусціць.

Урэшце, узрастаньне напружанасьці паміж постсавецкімі краінамі, дый паміж Масквой і Захадам можа прымусіць заходнія ўрады ўзяць на сябе зусім іншыя абавязкі, чым яны хацелі б. Такім чынам, з аднаго боку, абвастрэньне рэгіянальнага канфлікту можа стаць апраўданьнем для ўмяшаньня Захаду ў яго, а з другога, абвастрэньне канфлікту паміж Масквой і Захадам можа мець абсалютна адваротны эфэкт.

Як прадбачыць амэрыканскі палітоляг, з усіх названых вышэй прычынаў, пагадненьне Ельцына-Лукашэнкі вызначыць зьмест большасьці канфліктаў, якія адбудуцца на постсавецкай прасторы ў наступным годзе, гэтаксама як паўплывае яно й на адказ іншых удзельнікаў гэтай палітычнай гульні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG