Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


З сёньняшняга дня выконваць абавязкі дзяржсакратара саюзу Беларусі і Расеі замест Паўла Барадзіна будзе ягоны намесьнік Ігар Селіванаў. Адпаведнае рапараджэньне падпісаў прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў. Паміж беларускімі і расейскімі афіцыйнымі асобамі разгарнулася спрэчка, ці меў Касьянаў паўнамоцтвы, каб прымаць гэтае рашэньне.

Ігар Селіванаў зьяўляўся да апошняга часу намесьнікам Паўла Барадзіна. Міхаіл Касьянаў прызначыў яго выканаўцам абавязкаў дзяржсакратара і даручыў рыхтаваць паседжаньне Рады міністраў саюзу Беларусі і Расеі, што мусіць адбыцца 29 студзеня.

Беларускія афіцыйныя асобы адразу заявілі, што Касьянаў ня меў паўнамоцтваў, каб прымаць адпаведнае кадравае рашэньне. Расейскія ўрадавыя чыноўнікі не пагаджаюцца з такім пунктам погляду. Віцэ-прэм’ер Расеі Віктар Хрысьценка заявіў, што Міхаіл Касьянаў прымаў гэтае рашэньне ня як кіраўнік расейскага ўраду, але як старшыня Рады міністраў саюзнай дзяржавы. Таму гэта было цалкам у ягонай кампэтэнцыі. Тую ж думку выказаў і іншы адказны прадстаўнік расейскага ўраду Аляксей Волін. Калі б выканаўца абавязкаў ня быў прызначаны, – заявіў ён, – то праца дзяржаўнага сакратарыяту была б параліжаваная, спынілася б ягонае фінансаваньне.

Між тым, ёсьць вэрсія, чаму беларускі бок рэзка крытыкуе прызначэньне Ігара Селіванава. Учора ў інтэрвію Радыё Свабода дэпутат расейскай Дзярждумы Аляксей Мітрафанаў паведаміў, што два дні таму, знаходзячыся ў Маскве, Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў прызначыць выканаўцам абавязкаў дзяржсакратара нейкага беларускага чыноўніка. Паводле словаў Мітрафанава сваю прапанову Лукашэнка абмяркоўваў з прадстаўнікамі адміністрацыі прэздэнта Расеі. Атрымліваецца так, што расейскі бок выслухаў Лукашэнку, а як толькі той зьехаў з Масквы, ягоную прапанову адкрыта праігнаравалі.

Расейскія назіральнікі не выключаюць, што беларускі бок пасьля такіх крокаў Расеі можа адмовіцца ад удзелу ў паседжаньні Рады міністраў саюзу. Аляксей Волін наконт гэтага зазначыў (цытую): “Беларускі бок раней пацьвярджаў свой удзел у паседжаньні, і пакуль мы ня маем ніякіх дакумэнтаў, што іхныя пляны зьмяніліся”.

На паседжаньні Рады міністраў плянуецца абмеркаваць, у прыватнасьці, бюджэт саюзу на бягучы год і праект пагадненьня аб саюзнай уласнасьці. Праўда, як зазначыў Віктар Хрысьценка, некаторыя пытаньні могуць быць выключаныя з парадку дня, бо іх рыхтаваў непасрэдна Павал Барадзін.

Віктар Дзятліковіч, Масква

XS
SM
MD
LG