Тое, што Аляксандар Лукашэнка замест заплянаваных двух дзён пабыў у
Маскве толькі сёньня ды вырашыў вярнуцца ў Менск, выклікала разгубленасьць
у расейскіх сродках масавае інфармацыі і абсалютны спакой прэсавага сакратара Лукашэнкі.
У сераду ён мусіў сустрэцца ў Маскве з кіраўнікамі гэтых СМІ, а таксама
са сьпікерам Дзяржаўнае думы Генадзем Селязьнёвым. Блізкае да спадара Лукашэнкі
агенцтва “Інтэрфакс” паведаміла са спасылкаю на крыніцы ў беларускай дэлегацыі,
што той “скараціў тэрмін знаходжаньня ў Маскве”, але “прычыны датэрміновага
вяртаньня Лукашэнкі ў Менск не называюцца”.
Тым часам амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Грыгор’еў заявіў карэспандэнту
агенцтва ІТАР-ТАСС, што праграма візыту была скарочаная, цытую, “у зьвязку
зь неадкладнымі дзяржаўнымі справамі на радзіме”.
Гэтую цытату падалі й у тэлепраграме “Время” на канале ОРТ, пасьля чаго
я адразу патэлефанаваў на мабільны Мікалаю Барысевічу, прэсаваму сакратару
Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Барысевіч, які ў гэты момант быў у Маскве
ды ехаў у аэрапорт, на маё пытаньне, чаму Лукашэнка перапыніў свой візыт,
адказаў гэтак:
(Барысевіч: ) “Чаму перарваў? Ніхто не перарываў ніякага візыту. Праграма
выкананая. Усе мерапрыемствы праграмы адбыліся, у тым ліку і асноўнае мерапрыемства,
якое плянавалася – уручэньне прэміі прэзыдэнту. Таму прынялі рашэньне,
што мы зь ім выяжджаем дадому”.
(Сьвірко: ) “А Селязьнёў?”
(Барысевіч: ) “А Селязьнёў прыехаў на цырымонію ўручэньня прэміі, і
вельмі працяглае кантактаваньне зь ім было на гэтым мерапрыемстве”.
Мікалай Барысевіч ня змог адказаць на маё наступнае пытаньне, ці сустрэнецца
Аляксандар Лукашэнка ў сераду з прэзыдэнтам Кыргызстану Аскарам Акаевым,
які ляціць у Швэйцарыю, але зробіць кароткую пасадку ў аэрапорце “Менск-2”.
Прэсавы сакратар Лукашэнкі сказаў мне, што пакуль ня ведае плянаў шэфа.
Нагадаю, што летась спадар Лукашэнка датэрмінова, як паведаміла ўсё
тое ж агенцтва “Інтэрфакс”, вярнуўся з саміту ААН у Нью-Ёрку. Тады расейскія
мэдыі паведамлялі, што беларускі лідэр пакрыўдзіўся на тое, што яго не
запрасілі на нейкі банкет. Аднак сам Лукашэнка заявіў, што ён сьпяшаўся
ў Менск на сустрэчу са сьпікерам кітайскага парламента Лі Пэнам.
Мажліва, цяпер сустрэча з прэзыдэнтам Акаевым будзе абвешчаная прычынаю
хуткага вяртаньня на радзіму. Аднак у Менску ўжо распаўсюдзіліся меркаваньні,
што Аляксандар Лукашэнка пакрыўдзіўся на тое, што зь ім не сустрэўся прэзыдэнт
Расеі Ўладзімер Пуцін. Хаця спадар Лукашэнка ўраніцу ў Маскве зноў гучна
патрабаваў вызваліць арыштаванага ў ЗША Паўла Барадзіна, ягоны расейскі
калега дагэтуль не зрабіў ніводнага камэнтару да справы Барадзіна. Дык
ці не пакрыўдзіўся на Пуціна Лукашэнка? – спытаў я прэсавага сакратара
Мікалая Барысевіча.
(Барысевіч: ) “Справа ў тым, што… Вы ж атрымалі маё паведамленьне аб
праграме перабываньня. Гэтая сустрэча ў праграме побыту не плянавалася,
таму гаварыць так аб гэтым ня варта. Першапачаткова гэтай сустрэчы ў праграме
не было”.
Зазначыў Мікалай Барысевіч, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1