Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Міністэрства замежных справаў Беларусі рыхтуецца да другога туру выбараў.

На сёньняшнім брыфінгу Павал Латушка распавёў, як ягонае міністэрства рыхтуецца да другога туру выбараў у “палату прадстаўнікоў”. Беларускія грамадзяне, якія стала жывуць за мяжою, былі падзеленыя паміж дзьвюма сталічнымі выбарчымі акругамі. У адной зь іх, Коласаўскай, дзе балятаваўся лідэр партыі камуністаў Сяргей Калякін, выбары не адбыліся, таму ў палове дыпляматычных установаў Беларусі за мяжою другога туру галасаваньня ня будзе. Але ў другой палове выбары працягваюцца, сказаў спадар Латушка:

(Латушка: ) “На 22 участках для галасаваньня, што створаныя за межамі Рэспублікі Беларусь і прыпісаныя да Купалаўскай выбарчай акругі №95, 29 кастрычніка бягучага году адбудзецца другі тур галасаваньня ў выбарах дэпутатаў у “палату прадстаўнікоў” Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Галасаваньне адбудзецца на выбарчых участках у наступных краінах: Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Эгіпет, Ізраіль, Іран, Італія, Казахстан, Куба, Кітай, Манголія, Малдова, Нідэрлянды, Сырыя, Турцыя, Узбэкістан, Швэйцарыя, Югаславія і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка”.

Павал Латушка адказаў і на пытаньне пра міжнародных назіральнікаў — ці будуць яны на другім туры 29 кастрычніка? Паводле ягоных словаў, рашэньне пра назіраньне яны будуць прымаць самастойна, але, — працягваў спадар Латушка, — звычайна колькасьць назіральнікаў за першым турам выбараў значна большае ў параўнаньні з другім. Усе замежныя назіральнікі зарэгістраваныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй да 10 лістапада й маюць права прыехаць.

Пакуль МЗС мае інфармацыю, што на другі тур прыедуць 3 парлямэнтары з Украіны, а таксама віцэ-прэзыдэнт парляманцкай асамблеі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва Аляксандар Чарадзееў ды ў прыватным парадку грамадзянін ЗША Томас Ўільям.

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG