На просьбу кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка сёньня ў Менскім
гарвыканкаме адбылася чарговая сустрэча ўладаў з арганізатарамі апазыцыйнай
акцыі 14 кастрычніка. Ніякага кампрамісу ў справе правядзеньня маніфэстацыі
дасягнуць не ўдалося.
У сёньняшняй сустрэчы з намесьнікам старшыні гарадзкога выканкаму Міхалам
Пятрушыным бралі ўдзел лідэр БНФ Вінцук Вячорка, ягоныя намесьнікі Віктар
Івашкевіч, Алесь Бяляцкі, Вячаслаў Сіўчык, а таксама старшыня выканкаму
АГП Яўген Лабановіч. Прысутнічала й першы сакратар КНГ АБСЭ ў Менску Бэата
Разуміловіч.
Канструктыўнае размовы не адбылося. Міхала Пятрушына й прадстаўніка
гарадзкое ўправы міліцыі Сяргея Саланца цікавіла толькі пытаньне, ці не
перадумалі арганізатары праводзіць 14 кастрычніка несанкцыянаванае шэсьце
да пляцу Незалежнасьці? У сваю чаргу апызыцыянэры заявілі, што праводзіць
акцыю на пляцы Бангалёр ня будуць, а таксама цікавіліся, чаму ўлады не
выконваюць свае ранейшыя абяцаньні не затрымліваць людзей, якія агітуюць
за байкот выбараў. Паводле словаў Алеся Бяляцкага, толькі за два апошнія
дні міліцыяй у Менску было затрымана 11 апазыцыйных актывістаў.
Адказу апазыцыянэры так і не атрымалі. Не прыслухаліся ўлады й да просьбы
прадстаўніцы КНГ АБСЭ спадарыні Разуміловіч канструктыўна вырашыць праблему
правядзеньня суботняй акцыі апазыцыі. На гэтым сустрэча й скончылася. Гаворыць
намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч:
(Івашкевіч: ) “Размова не адбылася, і я не зразумеў, для чаго нас сюды
выклікалі? АБСЭ ўгаворвае ўлады пайсьці на нейкія саступкі, улады на гэта
ісьці ня хочуць, але ў якасьці кампрамісу згаджаюцца рабіць такія бяссэнсавыя
сустрэчы. У нас ёсьць магчымасьць у рамках выбарчай кампаніі – якая яшчэ
ў сыботу будзе цалкам законнай – праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў любым
мейсцы Менску. Улады баяцца, што будуць нарастаць маніфэстацыі, таму яны
хочуць загнаць нас на ўскраіну, каб у людзей не было імпэту ісьці на маніфэстацыю.
Бо людзі ідуць маніфэставаць менавіта ўладам свой пратэст. Ня карчам на Бангалоры,
ня дрэвам, а ўладам!”
— лічыць спадар Івашкевіч.
Дарэчы, сёньня Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на заключным паседжаньні
гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”, упершыню публічна прызнаўся, чаму
ён ня можа пагадзіцца на правядзеньне акцыяў апазыцыі ў цэнтры сталіцы.
Паводле словаў спадара Лукашэнкі, “усё пачынаецца з малога. Сёньня іх выходзіць
тысяча, заўтра — дзесяць, а пасьлязаўтра — сто тысячаў. Я не магу ім дазволіць
зламаць краіну!”…
Тым ня менш, на думку апазыцыянэраў, улады будуць вымушаныя дазволіць
14 кастрычніка марш па цэнтры гораду. Паводле словаў намесьніка старшыні
БНФ Вячаслава Сіўчыка, напярэдадні выбараў, у прысутнасьці шматлікіх міжнародных
назіральнікаў улады наўрад ці будуць ужываць сілу супраць дэманстрантаў.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1