Вёска Галавіч Поле – цэнтар сельсавету ў саўгасе “Шчучынскі”. Саўгасы
традыцыйна бяднейшыя за калгасы. Гэты – не выключэньне. Наш карэспандэнт
Сяргей Астраўцоў наведаў гаспадарку, пагутарыў зь людзьмі.
Галавіч Поле – вёска каталіцкая, праваслаўны Вялікдзень амаль ніхто
не адзначае. Дый не да сьвятаў асабліва – трэба саджаць бульбу.
Калі ласка, прыватнік прапануе трактар, але за два мільёны старыма грашыма
за сотку. А ў некаторых такія й заробкі – 2-3 мільёны, ва ўсялякім выпадку,
былі ў студзені, а за студзень грошы дагэтуль не выплочвалі. Нядаўна ў
гаспадарцы зьмяніўся дырэктар, які сказаў, што рэальна зможа павыплочваць
заробкі за гэты час толькі ў жніўні.
Як жа людзі жывуць, з чаго? Напрыклад, здаюць малако. Сабе нават слоіка
часам не пакінуць. Бо тут рэальна плоцяць па 63 тысячы за літар. Я размаўляў
з кіроўцам малакавоза. За дзень саўгас здае 2 тоны малака. А насельніцтва
– 5 тонаў. Гэта пацьвярджае і старшыня сельсавету Анатоль Віньша. У саўгасе
надоі зусім зьменшыліся – да 2 тысяч літраў ад каровы. Ён, дарэчы, працаваў
дагэтуль галоўным заатэхнікам, але перайшоў у сельсавет – праца спакайнейшая
і заробак своечасова атрымаеш.
Грамадзкі статак выгналі на поплаў, дарэчы, ужо больш за тыдзень таму.
А прыватныя гаспадары не сьпяшаюцца. Кармы яшчэ маюць, дый трава пакуль
ня вырасла. Мужчыны, зь якімі я размаўляў каля вясковай крамы, дадаюць:
як выгналі саўгасных кароў на Пасху – чатыры ўпалі і здохлі. А яшчэ дзьве
– пазьней, калі вярнуліся ў кароўнік. Бо кармілі слаба – сенажомам ды галінкамі.
Саўгас традыцыйна спэцыялізаваўся на гародніне, апошнім часам пачалі
цукровыя буракі сеяць – да цукровага камбінату ў Скідалі – недалёка. Але
палоць ужо няма каму. Не хапае людзей. Па словах старшыні сельсавета, сёлета
нарадзлася тры чалавекі. Памёрла – адзінаццаць.
Чаму ж людзі працуюць моўчкі, не атрымліваючы нават сваіх мізэрных заробкаў?
Гэта ж, напэўна, Лукашэнка давёў вёску да гэтага, – спрабую выклікаць на
палеміку суразмоўцаў. Не-е, Лукашэнка невінаваты, ён жа ня можа бачыць,
што робіцца ў кожным саўгасе, адказвае мне адзін зь іх, гэта ўсё чыноўнікі.
То на прадукты цэны паднялі, то на гарэлку. А ён ні пра што ня ведаў.
Цікава, што адказваў мне санітар з Галавічпольскага дома-інтэрната для
дзяцей-інвалідаў. Ён заробак атрымлівае своечасова. Два саўгасьнікі, якія
стаялі побач, прамаўчалі. Дарэчы, інтэрнат месьціцца ў сядзібным доме Іваноўскіх,
там амаль 100 гадоў таму быў надрукаваны першы нумар беларускай газэты
“Свабода” – Вацлавам Іваноўскім і сябрамі-студэнтамі. Пра гэта ў вёсцы
ня ведаюць, але памятаюць, як пасьля вайны разграмілі пахавальны склеп
Іваноўскіх, і ў чугунных трунах мылі потым бялізну…
Сяргей Астраўцоў, Горадня
Самае папулярнае
1