Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я ўспамінаю дзень 8 верасьня 1992 году. На плошчы Незалежнасьці сталіцы Беларусі быў абвешчаны дзень прыняцьця прысягі на вернасьць Беларусі. Прымалі прысягу афіцэры-беларусы беларускага войска, перш за ўсё са Згуртаваньня Беларускіх Вайскоўцаў, а таксама ўсе былыя вайскоўцы, што служылі раней і былі ў запасе ці ў адстаўцы.

Паколькі гэта быў дзень Аршанскай бітвы, то сярод выступоўцаў быў і я. Я нагадаў гісторыю гэтай бітвы, пра якую тады яшчэ мала ведалі, расказаў пра яе гістарычныя наступствы і пра значэньне для цяперашніх часоў.

Потым адбылася прысяга. Усе мы сталі на калена і ўрачыста прынялі тую прысягу, якую праз некалькі месяцаў прынялі ўсе вайскоўцы Ўзброеных Сілаў Беларусі – гэта была афіцыйная прысяга.

Я добра памятаю, як кожны з нас паўтараў словы прысягі, потым падыходзіў да століку і падпісваўся пад лістамі-сьпісамі тых, хто прыняў прысягу. Дзень быў урачысты. Побач са мной прымаў прысягу Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Артур Вольскі і шмат іншых.

Для мяне гэта – адзін з самых урачыстых дзён і каштоўны ўспамін з таго часу, калі нашае беларускае грамадзтва згуртавалася разам з вайскоўцамі. Дарэчы, вайскоўцаў тады прыводзіў да прысягі падпалкоўнік Статкевіч, кіраўнік БЗВ.

Гэта адзін са значных дзён нашай гісторыі, у якім я таксама браў удзел.

Анатоль Грыцкевіч

XS
SM
MD
LG