Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына, якая ўратавала Караткевіча ад ласасёвых губ


Каміла Стайн на міжнародным бізнэс-кірмашы ў Нідэрляндах

Каміла Стайн на міжнародным бізнэс-кірмашы ў Нідэрляндах

У брытанска-нідэрляндзкім выдавецтве Glagoslav у канцы мінулага году ў новым выданьні выйшаў ангельскі пераклад кнігі Ўладзімера Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха». Рэдактарка выданьня Каміла Стайн адказала на пытаньні Радыё Свабода.

Чаму Glagoslav вырашыў перавыдаць «Дзікае паляваньне караля Стаха»?

Па-першае, мы ствараем падборку беларускай літаратуры, і, паколькі Караткевіч вельмі вядомы ў Беларусі, мы хацелі вылучыць ягоную творчасьць ў нашай падборцы. Мы шукалі твор, які мог бы прадстаўляць Беларусь з культурнага і гістарычнага гледзішча, а таксама прадстаўляць цудоўную беларускую літаратуру. «Дзікае паляваньне караля Стаха» тут вылучаецца, бо ў гэтым творы ёсьць усе патрэбныя нам элемэнты. Таму мы выбралі гэтую кнігу і працавалі над ёй, каб гарантаваць, што яна будзе добра перакладзеная і добра прэзэнтаваная заходняму чытачу.

Калі казаць маркетынгавымі тэрмінамі, што вы будзеце акцэнтаваць у апісаньні кнігі, каб прывабіць чытача?

Перадусім мы робім акцэнт на культурных аспэктах кнігі. У прынцыпе гэтак мы робім з усімі творамі, якія выпускаем на рынак. Але асабліва гэтай кнігай мы нібы адкрываем акно ў новы сьвет, які пакуль цалкам невядомы на Захадзе. Мы спадзяемся, што гэтай кнігай мы пакажам таямніцу, цуд і прыгажосьць Беларусі. Бо існуе велізарная культурная спадчына — найперш у літаратуры і ў мастацтве ўвогуле.

То бок вы ня будзеце рэклямаваць «Дзікае паляваньне караля Стаха» як трылер ці прыгодніцка-таямнічы твор?

Там сапраўды ёсьць і прыгоды, і таямніца, але мы ня будзем рабіць на гэтым асноўны акцэнт. Мы таксама разумеем, што гэтая кніга была напісаная зь вельмі далікатным пачуцьцём гумару, прыгожа, жыва і цудоўна, і ў перакладзе аўтарскі голас быў захаваны. І, вядома ж, галоўны герой кнігі — надзвычайны чалавек, які праходзіць праз усе гэтыя прыгоды, разгадвае таямніцы і вырашае праблемы, і гэтак далей. Але наш асноўны акцэнт не на гэтым. Бо калі пачытаць кнігу, дык Караткевіч вельмі ясна паказвае фон гэтай аповесьці. Ён падкрэсьлівае культурныя традыцыі і звычаі, шмат зь якіх у сучасным грамадзтве ўжо зьніклі. Але цудоўна акунуцца ў мора традыцый і пабачыць, якім было жыцьцё ў Беларусі больш за сто гадоў таму.

Гэта надзвычайны твор. Калі я працавала з тэкстам, мяне захаплялі ўсе гэтыя фантастычныя апісаньні. Перакладчыца Мэры Мінц зрабіла цудоўную працу, вельмі дэталёва і дакладна акрэсьліўшы ўсе звычаі, традыцыі, нават ежу, як выглядала жытло, як былі апранутыя людзі ў той час. І саму легенду таксама, вядома ж. Гэта галоўнае ў аповесьці, і на гэтым мы робім акцэнт, прэзэнтуючы яе. Але, вядома ж, гэта прыгодніцкая гісторыя, і кніга вельмі дынамічная, з добрым рытмам. Яна цікавая для чытаньня, і пры гэтым вы даведваецеся нешта новае — новую краіну з гледзішча заходняга чытача.

Пераклад Мэры Мінц выходзіў шмат гадоў таму ў савецкім выдавецтве Raduga Publishers. Ці шмат зьменаў вам давялося ўнесьці ў той тэкст для новага выданьня?

Так, даволі шмат. Мэры Мінц зрабіла вельмі добры пераклад у апісаньнях звычаяў і традыцыяў, як я ўжо казала раней. Але разам з тым у гэтым перакладзе адчувалася, што аповед не ідзе гладка, таму над гэтым давялося папрацаваць. Гэта праца любога рэдактара — зрабіць так, каб аповед ішоў добра і чытач мог зжыцца з тэкстам. Некаторыя часткі тэксту трэба было пераглядаць, каб пераканацца, што там прысутнічае арыгінальны аўтарскі голас. Мы спадзяемся, што гэта было зроблена добра — пабачым, як адрэагуюць чытачы.

А вы параўноўвалі пераклад менавіта зь беларускім арыгіналам?

Так, з арыгіналам. Я чытаю па-беларуску.

У ранейшым ангельскім перакладзе была даволі камічная дэталь — на бяседзе ў Дубатоўка гасьцей частавалі не ласінымі губамі (moose lips), як ў арыгінале, а «ласасёвымі» (salmon lips). Што ядуць у вашым выданьні?

Ведаеце, мне трэба паглядзець у тэксьце, бо я ўжо шмат месяцаў таму скончыла гэтую працу. У мяне тут ёсьць файл на кампутары, трэба глядзець, бо пытаньне нечаканае... Так, я паправіла гэты момант.

Дык там цяпер ласіныя губы?

Здаецца так. Прынамсі ласося я не знайшла... Так, «ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце» (сьмяецца). Так, у мяне ў файле можна паглядзець першапачатковы тэкст і праўкі, і там сапраўды быў ласось, а я паправіла яго на лася.

На сайце выдавецтва Glagoslav гаворыцца, што вы плянуеце выдаць шэраг твораў сучасных беларускіх пісьменьнікаў. Ці маглі б вы сказаць, якія менавіта кнігі ёсьць у плянах?

Я не магу агучыць гэтых плянаў, бо мы пакуль канчаткова не зацьвердзілі сьпіс для беларускай падборкі, але мы разглядаем клясычныя творы, творы пра Другую Ўсясьветную вайну...

Нешта з Быкава?

Так, разглядаем такую магчымасьць, але я пакуль не магу агучыць канкрэтныя творы. Мы таксама зьбіраемся выдаць нешта зь цяперашніх беларускіх пісьменьнікаў. Магчыма, у наступныя месяцы на нашым сайце зьявяцца пляны наконт беларускай падборкі. У нас вялікі сьпіс сучасных і клясычных пісьменьнікаў, якія раней не даходзілі да шырокай публікі на Захадзе, і мы хочам адабраць творы, якія могуць атрымаць розгалас у сучаснага заходняга чытача. Каб людзям было цікава чытаць, і адначасова каб яны атрымалі выдатны досьвед зь беларускай літаратурай.

У разьдзеле пра беларускую літаратуру на вашым сайце прапанаваны сьпіс сучасных аўтараў. Усе яны пішуць па-расейску. Ці значыць гэта, што вы не знайшлі пакуль для сябе цікавых аўтараў, якія цяпер пішуць па-беларуску?

Не, мы проста далі там сьпіс аўтараў, вядомых нам, але гэта ня значыць, што мы будзем публікаваць іх і не публікаваць іншых. На жаль у нас былі тэхнічныя праблемы на сайце, таму мы не маглі абнавіць сьпіс, але цягам наступных дзён гэты сьпіс мае быць пашыраны.

[Сьпіс абнавіўся ў той самы дзень у хуткім часе пасьля інтэрвію — дадаліся Ўладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч, Адам Глобус, Вальжына Морт, Валярына Кустава, Марыя Мартысевіч і Валянцін Акудовіч]

Як вы самі зацікавіліся беларускай літаратурай і дзе вывучалі беларускую мову?

Я крыху вучылася ў Беларусі, у Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце. Рэч у тым, што я выкладала ангельскую і францускую мову і літаратуру. Я прачытала некалькі перакладаў на беларускай і зацікавілася гэтай мовай. Я даволі добра чытаю па-беларуску і магу пісаць, але, на жаль, ня вельмі добра размаўляю, бо ня маю практыкі.

А якія творы беларускай літаратуры зрабілі на вас найбольшае ўражаньне?

Я якраз таму і парэкамэндавала выдавецтву Glagoslav выдаць Уладзімера Караткевіча, бо ён мой любімы аўтар. На маю думку, Караткевіч — гэта пэрліна беларускай літаратуры. Ён вялікі пісьменьнік і мусіць быць у сьпісе ста найлепшых аўтараў мінулага стагодзьдзя. Мяне таксама заўсёды цікавіла літаратура на тэмы вакол Другой Усясьветнай вайны, таму я была захопленая творамі Алеся Адамовіча. А яшчэ мне падабаецца паэзія — тое, што было напісана ў Беларусі яшчэ лацініцай сто гадоў таму. Для мяне як для лінгвіста цікава чытаць, напрыклад, Цётку ці Дуніна-Марцінкевіча.
XS
SM
MD
LG