Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец Дэпардзьё падзякаваў Пуціну «за ўсё»


Пад такой назвай сёньня расейскі партал inopressa.ru --> http://inopressa.ru/article/07Jan2013/inotheme/depardieu_putin.html друкуе агляд публікацыяў замежнага друку, прысьвечаны прыняцьцю акторам Жэрарам Дэпардзьё расейскага грамадзянства.

Ужо некалькі тыдняў Жэрар Дэпардзьё самастойна здымае прыгодніцкі фільм пра падатковую эміграцыю, — іранізуе газэта El País у рэдакцыйным артыкуле. У мінулыя выходныя наступіла кульмінацыя: Дэпардзьё прытуліўся ў абдымках да Пуціна, атрымаў расейскі пашпарт і прапанову стаць міністрам культуры Мардовіі. «Хіба можна параўнаць гэтую чалавечую цеплыню з тым, як абыходзіліся з акторам у Францыі, бесьперапынна надакучаючы яму з падаткамі?» — пытаецца газэта.

Верагодна, лідэраў новай радзімы Дэпардзьё цікавіць ня тое, колькі зь яго можна садраць падаткаў, а тое, які гучны піяр можна разгарнуць вакол выказваньня Дэпардзьё, што Расея — «вялікая дэмакратыя», мяркуе выданьне. «Гэтыя словы ўвялі ў замяшаньне нават тых, хто вінаваціць Алянда ў спагнаньні рабаўніцкіх падаткаў з сумленных грамадзян. Як і навіна пра тое, што Дэпардзьё таксама апяваў аўтарытарнага лідэра Чачэніі Рамзана Кадырава», — гаворыцца ў артыкуле.

Тым часам лідэры краін эўразоны, якая загразла ў даўгах, «зайздросна глядзяць на капіталы суграмадзян», — як піша газэта. Але яны бясьсільныя перад прыцягальнасьцю расейскага падаходнага падатку. «У гады капіталізму Расея спарадзіла шмат волатаў, а цяпер, мабыць, узялася спакушаць замежных мільянэраў», — піша El País. На днях Дэпардзьё напісаў у Twitter: «Яшчэ раз дзякуй за ўсё, Уладзімер». «Пуцін, відаць, у захапленьні», — мяркуе выданьне.

У Мардовіі прыезд Жэрара Дэпардзьё суправаджаўся пышнымі імпрэзамі, паведамляе The Times. Тым часам Францыя цяжка перажывае ад’езд актора за мяжу, адзначае журналіст Адам Сэйдж.

«Тут вельмі прыгожа. Тут жывуць прыгожыя і душэўныя людзі», — сказаў Дэпардзьё аб Мардовіі. Газэта камэнтуе: «Ён не згадаў, што ў рэгіёне пражывае Надзея Талаконьнікава, удзельніца гурту Pussy Riot, якая сядзіць у турме за антыпуцінскую акцыю пратэсту». Некаторыя камэнтатары рэкамэндавалі Парыжу крок у адказ — наданьне францускага грамадзянства ўдзельніцам Pussy Riot, нагадвае выданьне.

«Масква мае намер скарыстацца з прыезду Дэпардзьё, каб прадэманстраваць: Расея — ня тая прыгнечаная краіна, якую апісваюць заходнія мэдыі», — мяркуе выданьне. Магчыма, Пуцін заадно спадзяецца падкрэсьліць, што ў Расеі падаходны падатак — усяго 13%.

Газэта прыводзіць цікавую падрабязнасьць: 8 студзеня Дэпардзьё павінен стаць перад судом у Парыжы па справе аб кіраваньні машынаю ў нецьвярозым стане.

«Бунтоўным» называе ўчынак знакамітага актора журналіст газэты La Vanguardia Жазэ Антык. «Прыняўшы расейскае грамадзянства, ён стаў гарантам рэжыму, дзе ўзровень дэмакратыі недастатковы, а тыя, у каго ёсьць рознагалосьсі з паноўнымі сіламі, сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі. Цяпер Дэпардзьё сьцьвярджае, што захапляецца гэтай дэмакратыяй», — піша аўтар і зьдзіўляецца: менавіта Дэпардзьё выканаў ролю Сырано дэ Бэржэрака, які дзеля перакананьняў адмовіўся ад славы і багацьця ...

Дзякуючы справе Дэпардзьё Ўладзімер Пуцін ператварыў Францыю ў пасьмешышча для ўсяго сьвету, піша ў рэдакцыйным артыкуле Le Figaro.

«Расейскі пашпарт, падораны францускаму актору, стаў для гаспадара Крамля нечаканым посьпехам, які цешыць яго ўсім вядомы цынізм», — піша выданьне. «Наша краіна аказалася ўцягнутай у фэльетон, кожны разьдзел якога больш пошлы за папярэдні, — піша газэта. — Абдымкі Пуціна і Дэпардзьё нагадваюць фарс, адзіная вартасьць якога ў тым, што ён прадэманстраваў сьвету ўсю абсурднасьць падатковай палітыкі Франсуа Алянда».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG