Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд стаў на бок спадарыні, звольненай пасьля пратэсту прадпрымальнікаў


Гандлёвы цэнтар «Прэстан» у Магілёве
Гандлёвы цэнтар «Прэстан» у Магілёве

4 студзеня Магілёўскі абласны гаспадарчы суд не задаволіў апэляцыі таварыства «Стрынгаграсэрвіс» на пастанову гэтага ж суду аб аднаўленьні на працоўным месцы ў гандлёвым цэнтры «Прэстан» прадпрымальніцы Людмілы Крыловіч.

Зь ёй не працягнулі дамовы на арэнду павільёну пасьля акцыі пратэсту мясцовых прадпрымальнікаў супраць закрыцьця другога паверху гандлёвага цэнтру. Пратэст адбыўся ў жніўні 2011 году, а ў сьнежні ёй паведамілі, што не працягнуць працоўныя адносіны.

Уладальнік «Прэстана» зьвярнуўся да апэляцыйнай інстанцыі, бо палічыў пастанову судзьдзі Людмілы Богуш незаконнай і неабгрунтаванай. Як вынікае з апэляцыі, нагодай для спыненьня працоўных адносінаў сталася тое, што прадпрымальніца нібыта не выконвала абавязкаў па старой дамове. Паводле адказчыка суд, прыняўшы рашэньне на карысьць Крыловіч, не дасьледаваў як сьлед прадстаўленыя таварыствам матэрыялы. Па вынясеньні сёньняшняга выраку адказчык заявіў, што зьбіраецца зьвяртацца з касацыяй у Вярхоўны гаспадарчы суд.

Сама Людміла Крыловіч выракам суду задаволеная. З абвінавачваньнямі, што яна не выконвала абавязкаў па дамове, не згаджаецца:

«Калі я сумленна за ўсё плаціла, то яны абавязаныя былі са мной працягнуць дамову. Яны спасылаюцца на нежаданьне заключаць са мной дамовы. Яны ня хочуць, каб я знаходзілася ў цэнтры. Закон такой пазыцыі не прадугледжвае. Ёсьць адказнасьць бакоў. Калі я плачу за ўсё, я павінна працаваць. Яны зьбіраюцца падаваць касацыю ў Менск, я ж павінна аднаўляцца на працы. Пастанова судзьдзі Богуш уступіла ў сілу. Але мяне ня хочуць туды пускаць. Яны яшчэ баяцца і таго, што я падам скаргу на страты, якія панесла, бо год вымушаная была не працаваць».

Пратэст арандатараў плошчаў у гандлёвым цэнтры «Прэстан» выклікаў шырокі розгалас у горадзе. Пасьля ўмяшаньня гарадзкіх уладаў канфлікт удалося ўлагодзіць. Цяпер «Прэстан» працуе ў звыклым рэжыме.

Крыловіч: «Тады я не была арганізатаркай акцыі пратэсту. Я проста займала больш актыўную пазыцыю. Калі зьбіраліся зачыніць другі паверх гандлёвага цэнтру, то ўсе захваляваліся, бо шмат людзей гублялі працу. А калі канфлікт вычарпаўся і ўсе засталіся, то на мяне ўсе дружна наваліліся, што я ўсё арганізавала, то бок я засталася крайняй».

Павільён у гандлёвым цэнтры «Прэстан» прадпрымальніца арандавала больш за пяць гадоў. Паводле бізнэсоўкі, у будоўлю цэнтру яна ўклала блізу дзесяці тысяч даляраў. У апэляцыі адказчыка згадваецца, што за спыненьне працоўных адносінаў з Крыловіч выступіла Рада прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG