Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: да ціску на прадпрымальнікаў падключылі КДБ

абноўлена

Гандлёвы цэнтар «Прэстан»
Гандлёвы цэнтар «Прэстан»
З ініцыятаркай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру «Прэстан», што ў Магілёве, Людмілай Крыловіч не працягнулі дамову на арэнду гандлёвай плошчы. Акрамя таго, ёй зацікавіўся КДБ. У адміністрацыі «Прэстана» заяўляюць, што прадпрымальніца не выконвала абавязкаў паводле старой дамовы. КДБ ж нібыта валодае зьвесткамі, што яна рыхтуе новую акцыю пратэсту.

Акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якія арандуюць гандлёвыя плошчы ў «Прэстане», адбылася сёлета 27 жніўня. Бізнэсоўцы выступалі супраць закрыцьця гандлёвага цэнтру і скасаваньня дамоваў. Паводле прадпрымальнікаў, закрыць цэнтар меліся да 1 кастрычніка. Пратэст выклікаў шырокі розгалас у горадзе. Падключылася мясцовая ўлада. Яна гарантавала, што з «Прэстанам» будзе ўсё ў парадку. Жарсьці памалу аціхлі. І вось 30 лістапада адной з ініцыятарак пратэсту Людміле Крыловіч паведамілі, што дамова зь ёй перазаключаная ня будзе.

«Я зайшла да бухгальтара і сказала, што мне вось такая папера цікавая прыйшла. Там адказалі — мы ведаем: «Вы нам ня плаціце грошы, як усе, таму вы нам не патрэбныя». Я пайшла да дырэктара. Ён сказаў, што — «так, з вамі дамовы мы заключаць ня будзем». Я яму: «А чаму прычыны не пазначылі?» А ён мне: «А дзе гэта напісана, што я мушу пазначаць прычыну?» — апавядае Людміла Крыловіч.

У адміністрацыі гандлёвага цэнтру пацьвердзілі, што адносінаў з прадпрымальніцай Крыловіч працягваць ня будуць. Паводле прадстаўніка адміністрацыі, так вырашыў уладальнік цэнтру «Стрынгаграсэрвіс»:

«Парушэньні ў яе ёсьць. Прычым вялікія. А тое, што яна паўсюль бегае й людзей агітуе за тое, каб яны баставаць сталі, — гэтым няхай займаюцца кампэтэнтныя органы. Я не зьбіраюся зь ёй разьбірацца. Яна да ўсіх зьвяртаецца. Яе ўсе мучаць. Толькі яе адну ў гандлёвым цэнтры».
Цяпер у гандлёвым цэнтры ўсе ў шоку. Усе не выключаюць, што і на іх інфармацыя ў КДБ вісіць

Кампэтэнтныя органы ня сталі доўга чакаць. Празь некалькі гадзін пасьля гутаркі з дырэктарам Людміле Крыловіч патэлефанаваў супрацоўнік КДБ. Папрасіў, каб тая прыйшла на гутарку. Яна адмовілася. Адказала, каб ён сам прыйшоў.

«Ён прозьвішча не назваў сваё. Сказаў, што паступіла інфармацыя, што я рыхтую забастоўку. Я адказала „Што?!“ Цяпер у гандлёвым цэнтры ўсе ў шоку. Цяпер усе як мышы хаваюцца. Усе не выключаюць, што і на іх інфармацыя ў КДБ вісіць. Цяпер усе запалоханыя. На гэта, відаць, стаўка й была зроблена — праз аднаго чалавека запалохаць усіх астатніх», — мяркуе Людміла Крыловіч.

2 сьнежня супрацоўнік КДБ прыйшоў да прадпрымальніцы на працу. Паводле спадарыні Крыловіч, яго цікавіла, ці зьбіраецца яна арганізоўваць новую акцыю пратэсту. У КДБ нібыта ёсьць зьвесткі пра гэта.

Крыловіч: «Я яму сказала, што нічога не рыхтую. Людзей не ўздымала. Са мной наагул цяпер прадпрымальнікі ня хочуць гаварыць. Усе баяцца КДБ. Ён мяне праінфармаваў, што я магу, праводзіць масавыя мерапрыемствы, на гэта я маю права, але ў межах заканадаўства — закону „Аб масавых мерапрыемствах“. Ён запатрабаваў усе дакумэнты, скаргі, якія мы пісалі, калі пратэставалі ўлетку. Таму будуць, як я думаю, разьбірацца ў прычынах усяго, што адбываецца ў „Прэстане“ ад пратэсту і да цяпер».

Людміла Крыловіч зьвярнулася й да грамадзкіх праваабаронцаў. Адзін зь іх, Барыс Бухель, заяўляе, што зарука бясьпекі бізнэсоўкі цяпер — публічнае агучваньне сытуацыі, якая складаецца вакол яе:

«Выпадак з Крыловіч яскрава выявіў поўную прававую неабароненасьць прадпрымальнікаў перад арандадаўцамі. Любы пратэст бізнэсоўцаў вядзе да нэгатыўных наступстваў для іх. На жаль, трэба адзначыць вельмі нізкую здольнасьць „іпэшнікаў“ да салідарных дзеяньняў. Прадпрымальніца зьвярнулася па нашу дапамогу. Будзем ёй дапамагаць. Спадзяюся, што яна зможа надалей займаецца сваёй справай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG