Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2013-ты — год 150-га юбілею паўстаньня Каліноўскага, 25-годзьдзя БНФ, год падрыхтоўкі да мясцовых выбараў, праймэрыз з мэтай вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі, год пашырэньня працы сярод прыхільнікаў перамен у інтэрнэце і сацыяльных сетках. Лідэры беларускай апазыцыі падзяліліся са «Свабодай» плянамі на 2013 год.

АГП прапануе апазыцыі праймэрыз

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў 2013-ты «годам працы з прыхільнікамі перамен»:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Менавіта на іх будуць скіраваныя нашы высілкі і намаганьні. Гэта велізарны пласт людзей — тыя, хто ўжо лічыць, што нам патрэбныя перамены, і тыя, хто расчараваўся ва ўладзе, але яшчэ ня ведае пра апазыцыю, пра яе напрацоўкі. Гэта большасьць насельніцтва».

АГП зьбіраецца далей ісьці ў народ са сваімі кампаніямі «Пабудуем новае — зьберажэм лепшае!», «За свабодныя выбары без Лукашэнкі», «Мільён новых працоўных месцаў», прапануе свой плян мадэрнізацыі краіны, сумленнай прыватызацыі на карысьць пэнсійнай рэформы, супрацьдзеяньня карупцыі, забесьпячэньня гендэрнай роўнасьці. Калегам па апазыцыі АГП прапануе ўжо сёлета вызначыцца з адзіным кандыдатам на выбарах прэзыдэнта 2015 году. Гаворыць намесьнік старшыні партыі Леў Марголін:

«Галоўная мэта праймэрыз для нас — гэта ня толькі выбар адзінага кандыдата, бо ён можа быць кандыдатам вельмі невялікай колькасьці людзей, палітычных актывістаў, а гэта спроба і магчымасьць узьняць палітычную актыўнасьць усіх прыхільнікаў перамен».

Першыя кансультацыі наконт праймэрыз павінны прайсьці да канца студзеня. У гэты ж тэрмін АГП рыхтуе зварот да генэральнага пракурора наконт вынікаў расьсьледаваньняў спраў зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі — каб ня даць пакласьці іх «пад сукно» ў 2014 годзе ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўніны.

У якасьці аднаго з інструмэнтаў сваёй працы АГП зьбіраецца актыўней выкарыстоўваць інтэрнэт, у прыватнасьці, пашырыць свой сайт і праект онлайн-тэлебачаньня «АГП-TV», разьмяшчаць у сеціве свае відэаролікі. Апрача таго, як паведаміў Анатоль Лябедзька, кожны рэгіянальны партыйны лідэр будзе абавязаны мець свой блог у сацыяльных сетках.

БНФ будзе супрацьстаяць уплыву Расеі

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч зазначыў, што ягоная партыя ў 2013 годзе будзе засяроджаная на антыімпэрскай палітыцы:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Гэта кампанія супрацьдзеяньня расейскай экспансіі, абуджэньня беларускага грамадзтва ў дачыненьні да небясьпекі, якую нясе пранікненьне ў Беларусь расейскага капіталу і іншыя аспэкты ўзмацненьня супрацоўніцтва з Расеяй. Гэта супрацьдзеяньне палітыцы русыфікацыі».

БНФ будзе актыўна адзначаць 150-годзьдзе паўстаньня Кастуся Каліноўскага і свой 25-гадовы юбілей, імпрэзы з гэтай нагоды заплянаваныя на цэлы год.

БНФ зьбіраецца працягваць перамовы зь іншымі апазыцыйнымі сіламі аб выхадзе на адзінага кандыдата на выбары 2015 году. Аляксей Янукевіч лічыць тут больш прыдатным не праймэрыз, а Кангрэс дэмакратычных сілаў:

«Мы будзем імкнуцца гэтыя спрэчкі скончыць, і каб да 25 сакавіка ўжо была яснасьць і агульная дамоўленасьць, які будзе мэханізм выхаду на гэтага кандыдата».

У інтэрнэце БНФ зьбіраецца актывізаваць працу свайго сайту, зьмяшчаць там і ў сацыяльных сетках больш відэаматэрыялаў.


Партыя левых «Справядлівы сьвет» стварае свой сайт

Валеры Ўхналёў, адзін зь лідэраў Партыі левых «Справядлівы сьвет», зазначыў, што сёлета ў іх зьявіцца свой сайт, які будзе спрыяць дасягненьню асноўнай мэты:

«Дамагчыся большай падтрымкі людзей, большай пазнавальнасьці, каб больш людзей у Беларусі ведалі, што ёсьць такая партыя і за што яна выступае».

Партыя «Справядлівы сьвет» зьбіраецца агітаваць суграмадзян за перамены ў краіне, рыхтавацца да выбараў у мясцовыя саветы.


БХД больш не плянуе ўстаноўчых зьездаў

Аргкамітэт партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі вырашыў адмовіцца ад чарговых спробаў правесьці ўстаноўчы зьезд і зарэгістравацца ў Мін’юсьце, пасьля таго як улады тройчы ім адмовілі. Пра гэта паведаміў лідэр БХД Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Зараз мы пайшлі іншым шляхам, каб проста паказаць незаконнасьць і дыскрымінацыйную сутнасьць беларускага заканадаўства аб рэгістрацыі. Цяпер мы рэгіструем грамадзкія арганізацыі ў кожным з рэгіёнаў, абласныя, гарадзкія структуры. Гэта робіцца ў тым ліку і дзеля таго, каб абараніць нашых людзей».

Віталь Рымашэўскі называе 2013 год «працоўным», годам, калі трэба нарошчваць сілы, бараніць актывістаў ад перасьледу, БХД зьбіраецца надалей гаварыць аб праблемах сям’і ў Беларусі, аб галечы.

У інтэрнэце і сацыяльных сетках БХД будзе пашыраць сваю прысутнасьць, у прыватнасьці, разьвіваць свой сайт і суполкі ў падтрымку палітвязьняў і сямейных каштоўнасьцяў, у прыватнасьці — суполку «Ў абарону жыцьця» ў сэрвісе «Ў кантакце».

«Гавары праўду» рыхтуецца да мясцовых выбараў

Андрэй Дзьмітрыеў, Уладзімер Някляеў

Андрэй Дзьмітрыеў, Уладзімер Някляеў

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» сёлета будзе рыхтавацца да кампаніі выбараў у мясцовыя саветы, і яна мае тут амбітныя мэты, паведаміў актывіст руху Андрэй Дзьмітрыеў. Паводле яго, другая мэта іхняга руху — выпрацоўка нацыянальнага парадку дня пераменаў, у тым ліку праекты эканамічных рэформаў дзеля бясьпекі сям’і і аднаўленьня справядлівасьці ў стасунках паміж грамадзянінам і дзяржавай:

«2013 — гэта год вялікай падрыхтоўкі. Тут як пасяўная — што пасеем, тое потым і пажнем».

У сеціве «Гавары праўду» мае шырокую прысутнасьць, свой сайт ды суполкі ў сацыяльных сетках, і зьбіраецца яе пашыраць, выкарыстоўваючы замежны досьвед.


Рух «За свабоду» будзе пашыраць сетку «эўрапейскіх клюбаў»

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Рух «За свабоду» зьбіраецца працягваць свае доўгатэрміновыя кампаніі, у тым ліку «Народную праграму», разьвіваць сетку эўрапейскіх клюбаў у беларускіх гарадах, паведаміў адзін зь лідэраў арганізацыі Юрась Губарэвіч:

«Разам з тым мы хацелі б зьвярнуць увагу на палітычны каляндар. У канцы году ці на пачатку наступнага чакаецца правядзеньне мясцовых выбараў, таму нашы актывісты ўзмоцняць працу па правядзеньні лякальных сацыяльных кампаніяў у сваіх рэгіёнах».

Апрача таго, у плянах руху — адукацыйныя захады, праца з маладымі спэцыялістамі і экспэртамі, навучаньне іх досьведу трансфармацыяў у новых краінах Эўразьвязу.

Рух «За свабоду» мае свой сайт, прадстаўлены ў Фэйсбуку і іншых сацыяльных сетках, і зьбіраецца далей пашыраць сваю прысутнасьць у віртуальнай прасторы.


Партыя, грамадзкая арганізацыя Пляны Актыўнасьць у віртальнай прасторы
АГП Кампаніі "Пабудуем новае – зьберажэм лепшае!", "За свабодныя выбары без Лукашэнкі", "Мільён новых працоўных месцаў" Сайт прыхільнікаў АГП, АГП-TV
БНФ 150-годзьдзе паўстаньня Кастуся Каліноўскага, 25-гадовы юбілей Партыі Сайт партыі, суполка Вконтакте
Партыя левых "Справядлівы сьвет" Агітацыя за перамены ў краіне, падрыхтоўка да выбараў мясцовыя саветы Сайт павінен зьвіцца ў 2013-м.
БХД Рэгістрацыя грамадзкіх арганізацяў ва ўсім рэгіёнах, абарона актывістаў ад перасьледу Сайт партыі, Суполка ў падтрымку палітвязьняў, Суполка абароны сямейных каштоўнасьцяў
Гавары праўду Падрыхтоўка да мясцовых выбарах, выпрацоўка нацыянальнага парадку дня пераменаў Сайт, Суполка ў Фэйсбуку, Суполка Вконтакте
Рух "За Свабоду" "Народная праграма", стварэньне эўрапейскіх клюбаў у беларускіх гарадах, падрыхтоўка да мясцовых выбараў Сайт арганізацыі, Супоўка ў Фэйсбуку

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG