Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Плакс уганараваны Швэдзкай акадэміяй


Дзьмітры Плакс (фота Марыі Сёдэрбэрг)

Дзьмітры Плакс (фота Марыі Сёдэрбэрг)

Са Стакгольму прыйшла вестка, што беларускі пісьменьнік і перакладчык Дзьмітры Плакс атрымаў узнагароду ад Швэдзкай акадэміі. Прэмія ў памеры 40000 швэдзкіх крон (каля $6000) яму прысуджаная за падтрымку швэдзкай культуры за мяжой.


Дзьмітры Плакс стала жыве ў Стакгольме ўжо амаль дваццаць гадоў. За гэты час добра вывучыў швэдзкую мову ды неаднаразова перакладаў вядомых швэдзкіх аўтараў на беларускую мову. У ягоным перакладзе выйшла, да напрыкладу, кніга «Піпі Доўгаяпанчоха» Астрыд Ліндгрэн, а зборнік паэзіі культавай швэдзкай аўтаркі Катарыны Фростэнсан па-беларуску быў адзначаны ў спісе намінантаў на прэмію часопісу «ПрайдзіСьвет» за лепшую перакладную кнігу 2011 году.

Але спадар Плакс ня толькі папулярызуе швэдзкую літаратуру за мяжой. Ён шмат перакладае беларускіх пісьменьнікаў на швэдзкую мову. Дзякуючы менавіта Зьмітру Плаксу ў Швэцыі выйшлі апошнім часам дзьве кнігі Барыса Пятровіча — «Фрэскі» і «Плошча», паэтычны зборнік Андрэя Хадановіча «Вольныя вершы». Цяпер рыхтуецца кніга Ўладзімера Някляева «Вяртаньне Веры». У швэдзкай пэрыёдыцы рэгулярна зьяўляюцца творы шмат якіх іншых беларускіх аўтараў у перакладах спадара Плакса.

Акрамя літаратурных перакладаў Дзьмітры Плакс мае на сваім творчым рахунку тое, што зрабіў, быўшы стваральнікам і нязьменным кіраўніком беларускай службы Радыё Швэцыя (2004 — 2009). Цяпер ён піша п’есы ды робіць на Радыё Швэцыя спэктаклі пра знакавых асобаў розных краінаў сьвету. 14 лютага ў гэтым радыё-тэатры прагучыць ягоная радыё п’еса пра Алеся Бяляцкага.
XS
SM
MD
LG