Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка, тлумачачы сваё рашэньне аб вывадзе беларускай амбасады са Стакгольму і закрыцьці швэдзкай амбасады ў Менску заявіў: «У нас нуль інтарэсу ў Швэцыі». Радыё Свабода плянуе падрыхтаваць сэрыю матэрыялаў пра беларускія інтарэсы ў Швэцыі ў розных галінах жыцьця, пра падтрымку Швэцыяй беларускага грамадзтва. Сёньня — пра літаратурныя стасункі.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч кажа, што Швэцыя па насычанасьці літаратурных стасункаў выглядала за часы амбасадарства Стэфана Эрыксана найбліжэйшай суседкай Беларусі. Асабліва плённымі на ягоную думку былі ў апошнія гады пераклад і выданьне кніг швэдзкае клясыкі і знаных сучасных аўтараў.

«Зьявілася некалькі цікавых „дарослых“ кніжак ў беларускіх перакладах. Можна згадаць выдадзеную „Галіяфамі“ „Анталёгію швэдзкага апавяданьня“, выдадзеную Логвінавым кнігу Мікаэля Ніэмі „Папулярная музыка зь Вітулы“ — вельмі сымпатычная кніга вельмі сымпатычнага аўтара, які ў дадатак двойчы прыяжджаў у Менск. Але непараўнальна прыгажэй выглядае такая дзялянка як дзіцячая літаратура. Вось за акрэсьленыя гэтыя гады па-беларуску загаварыла ўтрая часьцей, чым раней, Астрыд Ліндгрэн. Ня так даўно зьявіўся „Карлсан-з-даху“, а сьледам „Піпідоўгая панчоха“. Загаварыла сыстэмна па-беларуску фінская, але швэдзкамоўная дзіцячая пісьменьніца Тувэ Янсан, тры кнігі зь яе сагі пра мумітроляў выйшлі па-беларуску. Некалькі месяцаў таму фурору нарабіла кніга Ульфа Старка „Дыктатар“. Выдатна прадстаўленая цяпер жывы клясык дзіцячай літаратуры Юя Вісландэр. Аж тры яе кнігі — „Малы і мядзьведзік“, „Малы і Білан“, „Мама Му чытае“ — зьявіліся па-беларуску».

Больш двух дзясяткаў швэдзкіх кніг па-беларуску ды пяць маладых перакладчыкаў, якія безпасярэдне перастварылі гэтыя кнігі, — такі плён для беларускіх чытачоў літаратурных стасункаў з паўночнай краінай.

А што беларускае могуць прачытаць цяпер швэды на сваёй мове? Анталёгію беларускай літаратуры, усе кнігі Сьвятланы Алексіевіч, «Аўганца» Васіля Быкава, дзьве кнігі Барыса Пятровіча — «Фрэскі» і «Плошчу», «Вольныя вершы» Андрэя Хадановіча. Тры апошнія кнігі перакладаў Дзьмітры Плакс. Ён пераклаў і шмат вершаў сучасных беларускіх паэтаў, якія друкаваліся ў выдадзенай анталёгіі ды швэдзкай пэрыёдыцы, а таксама напісаў паводле беларускіх твораў некалькі радыёп’есаў. Цяпер Дзьмітры Плакс перакладае аповесьць Ўладзімера Някляева «Вяртаньне Веры».

Пагаршэньне дачыненьняў зь Беларусьсю не зашкодзіць далейшым плянам перакладчыкаў беларускае літаратуры, мяркуе спадар Плакс. А яшчэ зазначае важнасьць таго, што амбасадар Эрыксан не замкнуў на сабе справу наладжваньня швэдзка-беларускіх літаратурных стасункаў, якія, трэба думаць, ня спыняцца пасьля ягонага ад’езду зь Беларусі.

Дзьмітры Плакс

Дзьмітры Плакс

«Вельмі вялікая заслуга спадар Эрыксана менавіта ў тым, што ён спрыяў стварэньню гэтых кантактаў. Цяпер яны ж ужо ёсьць, гэтыя кантакты, і я думаю, што яны будуць працягвацца. Безумоўна, гэта будзе цяжэй цяпер, калі ня будзе амбасадара ў Беларусі, калі ня будзе амбасады ў Менску, калі ня будзе таксама беларускай амбасады ў Стакгольме, бо мы ж таксама езьдзілі ў Беларусь, таксама атрымлівалі візы. Ну але я спадзяюся, што ўсё ж такі творчыя кантакты застануцца».

Многія з кантактаў беларускіх літаратараў з калегамі ня толькі са Швэцыі, але і зь іншых краінаў запачаткаваліся ў Балтыйскім доме творчасьці, які месьціцца на высьпе Готлянд. Адной з самых першых пісьменьніц зь Беларусі дзесяць гадоў таму ўпершыню пабывала там Сьвятлана Алексіевіч.

Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

«Для пісьменьніка гэта незвычайнае месца для фантазіі, для самоты, для працы. Ня кажучы пра тое, што там людзі з усяго сьвету і вельмі дэмакратычны побыт, гутаркі вечаровыя. Дырэктар дому Лена Пастарнак — гэта вельмі цудоўны чалавек, які ведае шмат моваў, і цягам вечара, калі мы сядзім і размаўляем, яна пераходзіць, пэўна, з аднае на другую на сямі мовах. Я думаю, такі выхад у Эўропу вельмі важны для беларускіх пісьменьнікаў, якія сёньня заціснутыя. Заціснутыя дыктатурай, заціснутыя правінцыйнасьцю, паколькі выхадаў вельмі мала і яны таксама зачыненыя».

Павал Касьцюкевіч

Павал Касьцюкевіч

Малады празаік і перакладчык Павал Касьцюкевіч быў на Готляндзе гэтым летам. Той месяц стаўся для яго надзвычай плённым.

«Самае важнае, для пісьменьніка, каб можна было сядзець і займацца творчасьцю і ня думаць пра быт. Вельмі плённым быў той час, я думаю, яшчэ і таму, што была далёкасьць ад праблем, можа быць, нават далёкасьць ад Беларусі. Гэта было тое ж самае, напэўна, што працаваць у лесе».

Сьвятлана Алексіевіч мяркуе, што цяпер такіх магчымасьцяў для творчасьці, якія мела яна, Павал Касьцюкевіч ды дзясяткі іншых беларускіх пісьменьнікаў, ужо можа і не надарыцца.

«Страта такога месца, як і страта наогул сяброўскіх стасункаў са швэдамі, якія ўнікальныя нават для Эўропы — такая вялікая дзірка ў нашай культуры».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG