Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нядаўна дэпутат Львоўскай абласной рады Расціслаў Наважэнец, беспасьпяхова зьвярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай ўстанавіць мэмарыяльную шыльду памяці Украінскай паўстанцкай арміі ў вёсцы Дзівін. http://www.svaboda.org/flash_6.10.0.28109.1/MediaPlayer.swfx?cache=

Многія беларусы ўпершыню даведаліся пра такі цікавы гістарычны факт. Што першыя атрады легендарнай УПА былі арганізаваныя ня ў Львове, і не ў Карпацкіх гарах. А на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На Палесьсі. На беларускіх мапах і на дарожных знаках на ўезьдзе, мястэчка пішацца «Дзівін». Але толькі ў Кобрыне, на адным з указальнікаў напісана так, як называюць яго самі тутэйшыя людзі — «Дывін». І варта загаварыць зь першай сустрэчнай бабуляй, каб адчуць сябе амаль ва Ўкраіне.

— Шо було? Вайна була. Бульбашы булы, партызаны, усякі булы.

— Бульбашы былі са сваіх?

— Са сваіх. Помню, як людэй білі. Жыдзіў білі, колькі нашых пабілі людэй.

Перад уездам у мястэчка зроблены мэмарыял у гонар расійскага генэралісімуса Суворава. Падчас падаўленьня паўстаньня Касьцюшкі, Аляксандр Васільевіч пад старым дубам адпачываць ізволілі. І цяпер той дуб абкружаны ланцугамі, а на паляне паўсталі альтанкі.

Але ў самім Дзівіне ёсьць помнік значна цікавейшы за той дуб. Уніяцкая царква, пабудаваная ў 1740-м годзе. Драўляная, барочная, двухвежавая.

Па чутках, непадцьверджаных дакумэнтальна, у гэтай царкве сам генэрал Касьцюшка маліўся за сваіх паўстанцаў. Але гэтая легенда ніяк не мэмарыялізавана. Што ўжо казаць пра байцоў УПА! Часы акупацыі ўспамінае старая Цэцылія Кавальчук.

— Хто такія былі бульбашы? Адны партызаны былі за савецкую ўладу, а бульбашы хацелі Ўкраіну! Я была малая, але помню, што прыйдэ і ня знаеш хто і з чым. Прыйдэ дахаты і не знаеш, хто він, шчо він. Ці партызан, ці бульбаш. Як він прыйдэ з ружжом. Помню мая маты казала. Як прыдэ з ружжом і дай тое, дай тое. А маты казала: «Ты прыйшоў з ружжом. То ты мэнэ нэ пытай. Бо ты з ружжом. Ты шчо хочаш, то і зробіш». Возьме шчо дасі і пійдэ. Ці забярэ, шчо ў табе е.

Калі Дзівін быў пад кантролем УПА, дык суседні Сварэнь быў сталіцай савецкіх партызанаў. І вайна, па-сутнасьці, ішла паміж суседзямі. І, як заўжды, цярпелі ад той вайны тыя, хто не ўзяў у рук зброю.

— А тыя партызаны там жылы сем’ямі. Ідуць сюды і ўсё шукаюць. Шчо е, тое і забяруць. Савецкім трэба ўсё, адзёжа і ўсё. Шчэ бывало сьмяяліся люды. Кажуць — «Утыкайтэ дывэнцы, бо йідуць сварэнцы!» Сварэнь. Гэта вёска. А бульбашы? Хадылы. Як шчо правінавацісься, возьмуць забяруць і задавляць. Ці павісяць.

— За што?

— Калі ты за савецкую ўладу. Так було. Украіна ім трэба була! А шчо ім трэба было насамрэч?

І часьцей за ўсё не палітычныя прыхільнасьці, а асабістая непрыязь ці нават любоўныя справы рухалі людзьмі.

— То было пасьля вайны. Мая цітка з мужыком і другая жанчына, са сваім мужыком, сілі абідаты. Ну і прыйшлы, і забралі таго, старэйшага. Куды павелы? Няма і няма, няма і няма. Пашлі шукаты, доўгі час прайшоў, літо прайшло. Знайшлы. Він ужэ быў нікудышны.

— А за што? Ён быў актывіст, камуніст?

— Він ня быў ні камуніст, ні хто. Але да яго жынкі хадыў якімсь. Як він буў на вайні. Не стылькі людэй, мусыць, на фронце пагібла, як вось так. Забяруць і задаўляць.

Мар’ян Шацкі — 85-гадовы каталік, падобны на старога пірата. Сухарлявы, лысы, са шчотачкай сівых вусоў. І аднавокі. Сытуацыю 1942-га году, калі стваралася УПА, малюе дакладна, з гістарычным аналізам.

— Калі немец наступаў сюды, ён абяцаў зрабіць самастыйну Украіну. Шлі ва ўкраінскую паліцыі і гэтак далей. Калі немец пагнаў бальшавікоў да Масквы, а пасьля расіякі далі немцу пэндаля, і яны ішлі назад… І тады гэтым украінцам было дзявацца няма куды. І ні туды і ні сюды. Пайшлі туды нашы хлопцы. І мог бы я туды пайсьці. Бо ўзрост падыходзіў. Няма куды было дзявацца моладзі. І пайшлі ў гэтыя ўкраінцы. Нашых дывінскіх хлопцаў прапала процьма. Сядзелі па лясах. Бацькі кармілі іх. Павыбівалі іх і ўсё. Чаму іх называлі бульбашы? Бо іхны, самы ўкраінскі арганізатар, была яго мянушка Тарас Бульба.

— А ці баяліся людзі бульбашоў?

— Баяліся зь імі сустракацца. У сувязі з тым, што, калі я зь ім сустрэнуся, і нашы даведаюцца, — дваццаць пяць гадоў.

— А за што яны забівалі людзей?

— За што? Я з вамі ня ў добрых адносінах. Нагаварыў нешта. Прыйшлі, ноччу забралі і ўсё.

90-гадовая дывінка Соф’я Момлік не асуджае ні тых партызан, ні другіх.

— Партызаны былі чырвоныя і білыя.

— А якія былі лепшыя? Чырвоныя ці білыя?

— А мне здаецца, і тыя добрыя, і тыя. Адзін брат у чырвоных, а другі брат у білых. Усі хочуць жыты, усі добры былы. Калі прыйшоў немец, то ваюйтэ німца. А то той таго ловыць, каб забіты, а той таго ловыць. Абышо. Бацька быў Бульбаш, які камандуваў бульбашыма, а сын яго ў чырвоных партызанах.

Як самы страшны жах вайны старая Соф’я згадвае вугорцаў.

— Маджары вельмі зьдзекваліся з людзей. Злоўляць якую маладую дзеўчыну… Маджары… Ой, зьдзекваліся з людзей. Гэта зьвяры былы, а не люды. Калы чалавек просіцца, невінаваты, хай ідэ сабе спакойна. Нашто ты яго страляеш?

Украінскі палітык, сябра Арганізацыі Украінскіх Нацыяналістаў, былы вязень Картуз-бярозаўскага лягеру, ураджэнец Ровеншчыны Тарас Баравец, які ўзяў сабе мянушку Бульба, ствараў на Палесьсі атрады ўкраінскай міліцыі. Пасьля гэтую міліцыю Тарас Бульба назаве Ўкраінскай Паўстанскай арміяй. Але ў народзе байцы гэтага фармаваньня назаўжды застануцца пад мянушкай «бульбашы».

Афанасій Мікітавіч Гапановіч былы настаўнік матэматыкі. Яму 84 гады. Гэта вельмі гасьцінны і вясёлы чалавек. Для яго няма ніякага дзіва, што ў ягоным мястэчку паўстала менавіта ўкраінская партызанская армія. Бо іншай, па ягоных словах, і быць не магло.

— Пра беларусаў мы практычна ня чулі. Ніколі. Украінцы спакон веку былі. Украінцы. У мяне дзід, прадзід украінцы. Ня толькі маі. Усіх. І ў 46-м годзе мне атрымліваць пашпарт. У першую чаргу трэба было абеларусіць. Прымушалі ўсіх. Я малы пацан. Я — украінец. Хто такія беларусы, я ня чуў. Мяне доўга мардавалі. Ужо паўміралі тыя МГБістыя. Але так я і застаўся ўкраінцам.

— Вы адзін такі засталіся?

— У прынцыпе, адзінкі. А зараз хоць пішы туркам. Зараз няма нацыянальнае… Можа, ва Усходняй Беларусі… Няма нацыянальнае гордасьці — «Я — беларус». У моладзі няма. Можа, на Ўсходзе ёсьць? Абыякавасьць. Хоць туркам пішы.

— Таму і ня дзіўна, што ў Дзівіне быў першы аддзел…

— Нічога дзіўнага няма. Настроены люды булы — добра, што ад палякаў асвабадзілі ў 39-м годзе. А як пачаліся калгасы — гэта жах. Неўзлюбілі.

Мар’ян Шацкі, стары дывінскі каталік, нагадвае, што часам дзеяньні УПА нагадвалі этнічныя чысткі.

— Туды шлі і праваслаўныя і каталікі?

— Праваслаўныя. Каталікі не ішлі. Яны тут — Глуша такая ёсьць вёска — там усіх каталікоў выразалі. Амаль усіх выразалі.

Вось, што на гэта кажа пан Гапановіч.

— Чаму быў такі канфлікт крывавы паміж украінцамі і палякамі? Што УПА выразала цэлыя вёскі польскія?

— Гэта ўсё хлусьня. Падчас вайны без ахвяраў не бывае. Партызаны таксама не ангелы булы. У Дывіне не было ўлады, як такой, падчас вайны. Сёньня німцы, заўтра бандэраўцы выб’юць німцаў, пасьлязаўтра партызаны прыйдуць. Цяжкія часы былі. Цяжкія.

Тое, што гэты край не зусім беларускі, сакрэтам ніколі не было. Прынамсі, Яўхім Карскі Заходняе Палесьсе адносіў адназначна да Ўкраіны. Але мяне ў расказе Гапановіча пра паваенныя часы разанула слова «абеларусіць». Чым-чым, а абеларушчваньнем савецкія ўлады не займаліся нідзе і ніколі.

— Што значыцца «людзей абеларушвалі»? Можа, іх не абеларушвалі, а асавечвалі? Людзей прымушалі вучыць беларускую мову? Не паверу.

— Як прыйшла савецкая ўлада. Пры немцах жа таксама была школа. Хадзіў вучыўся па-ўкраінску. Як прыйшла савецкая ўлада пастаўлена было пытаньне — на якой мове вучыць. Ёсьць людзі ў любой вёсцы, якія карыстаюцца аўтарытэтам. Старыя настаўнікі былы. Ну як на якой мове? На ўкраінскай. На другі дэнь іх няма. Чорны воран прыіхаў, і ўсіх забраў у Сыбір. І стала — на якім хочатэ, на такім і вучытэ. Бо бескарысна было… Усіх забралі. Я помню — такія настаўнікі булы! Іх за ноч не стала. А школа на рускам.

— Па-расейску.

— Згодна гістарычных дадзеных гэтая тэрыторыя была Ўкраінай многа вякоў. У нас мова не чыста ўкраінская, але больш падобная да ўкраінскай.
Надзелі пагоны, далі ім званьні — лейтэнант, капітан. І хадзіце, выбівайце сваіх сяброў. Сваіх сяброў, якія яшчэ ў бандэрах засталіся

Вельмі цікавая дэталь ад Мар’яна Шацкага. Пра паваенную барацьбу з бульбашамі. Тых, хто выходзіў зь лесу дабраахвотна, амніставалі і прымушылі лавіць былых паплечнікаў.

— Гэта не пералічыць, колькі іх у турмах сядзела. Было і такое. Што яны хадзілі ў бандэрах і дабраахвотна выйшлі. Надзелі пагоны, далі ім званьні — лейтэнант, капітан. І хадзіце, выбівайце сваіх сяброў. Сваіх сяброў, якія яшчэ ў бандэрах засталіся.

Але вернемся да Афанасія Гапанвіча.

— Большасць байцоў УПА, яны адступілі разам зь немцамі ці яны заставаліся пасьля вайны?

— Апошняга забілі… Мясцовых было многа. 72 чалавекі. Дывінскіх. Гэта тых, што вядомыя. Каго НКВД забрала, каго расстраляла. А было больш. Многіх судылы на 25 гадоў. Выйшлі. Вельмі многа было. 72 чалавекі — гэта тыя, каго НКВД ліквідавала.

— А колькі было насамрэч…

— Хто ж яго знае!

Дывін — былы райцэнтар. Гэта адчуваецца па сталінскай забудове цэнтру. Тут ёсьць вялікі палац культуры, кафэ. Маецца нават сваё невялічкае спальнае гета. Па рэакцыі ў сельсавеце я зразумеў, што гэтая тэма — табу.

— Шыльду, шыльду. Мы гэтым не займаемся.

— А раён ня даў.

— Пакуль цішыня.

Мужыкі каля кафэ ўжо даўно так бы мовіць «абеларусіліся».

— Сярод вашых знаёмых ёсьць людзі, якія шкодуюць, што Дзівін у свой час не ўвайшоў ва Украіну.

— Я сумняваюся, што ёсьць такія. Калі ёсьць такія, то яны слабенька мысьляць. З галавой ня дружаць.

Толькі работніца культуры Валянціна, адзіная, хто выказаўся за ўшанаваньне памяці байцоў УПА. Сама яна пераехала ў Дывін з украінскай Валыні.

— Калі гэта было насамрэч, то чаму б і не? Гэта ж гісторыя! Атрымліваецца так, што гісторыю скажаюць. І зараз пачытаеш адну кніжку адно, пачытаеш другую — другое. Калі гэта было на самой справе. Чаму не? Гісторыю ж не выкінеш. Яна наша. Куды нам дзецца. Гэта гісторыя.

А апошні з магікан, стары ўкраінец Афанасій, узгадваючы пра сваё знаёмства з МГБ, закурвае ўжо якую па ліку цыгарэту.

— Вы адстаялі права называцца тым, кім вы ёсьць.

— Так. Адстаяў. Хаця чатыры зубы выбілі ў МГБ. Чаму я так рана пазбавіўся зубоў. Пісталетам. «Ты ж беларус!» Адстаяў. Духам быў выхаваны. Мова ўкраінская. Я духам украінец. Прадстаўнікі пасольства часам прыяжджаюць да мяне. Прывозяць літаратуру ўкраінскую. Газеты.

— Тут ёсьць каму па-ўкраінску пачытаць акрамя Вас?

— Я самы старэйшы. А моладзь. Куды ім па-ўкраінску?

Але ўсё ж старому можна па-добраму пазайздросьціць. Бо ён іх усіх перамог.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG