Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «Арт Сядзібу» адкажа Менгарвыканкам і Мінкульт


Дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус пасьля чарговага скасаваньня дамовы на арэнду памяшканьня пад дзейнасьць культурнай пляцоўкі даслаў аднолькавыя электронны і пісьмовы зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта, а атрымаў два розныя перанакіраваньні ў Менгарвыканкам і Міністэрства культуры.


Павал Белавус: «Мэтай звароту было зьвярнуць увагу на праблемы нашай установы, выкліканыя неапраўдана пільнай увагай дзяржаўных органаў да яе працы. А таксама — знайсьці адказ на пытаньні: чым праца ўстановы, што займаецца выключна культурніцкай дзейнасьцю, можа пагражаць беларускай бясьпецы. І чаму ўсе спробы адкрыцьця пляцоўкі спыняюцца з-за ціску на ўласьнікаў памяшканьняў, зь якімі падпісваюцца дамовы арэнды?».

У выніку — на абсалютна аднолькавы тэкст звароту ў Адміністрацыю прэзыдэнта, аформлены ў электроннай і звычайнай паштовай формах, Павал Белавус атрымаў два розныя адказы. На электронны зварот 10 сьнежня адказала намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Крысьціна Побаль. У адказе напісана, што зварот накіраваны ў Менскі гарвыканкам з даручэньнем паведаміць аб выніках разгляду. Праз два дні 12 сьнежня на пісьмовы зварот адказаў ужо начальнік галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Станіслаў Буко. У лісьце зь яго подпісам значыцца, што зварот накіраваны ў Міністэрства культуры з даручэньнем паведаміць аб выніках разгляду.
На адзін і той жа зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта стваральнікі «Арт Сядзібы» атрымалі два розныя перанакіраваньні. Цікава адзначыць, што нумар электроннага адказу ад 10 сьнежня — 15/7-4729, а паштовага ад 12 сьнежня — 15/7-4759. Такім чынам, можна палічыць, што за тры дні ў Адміністрацыі прэзыдэнта адказалі на 30 зваротаў, то бок — за дзень галоўнае ўпраўленьне па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб апрацоўвае толькі каля 10 лістоў?

Зыходзячы з такой сытуацыі, заснавальнікі «Арт Сядзібы» вырашылі апублікаваць адкрыты зварот да кіраўнікоў Менскага гарвыканкаму і Міністэрства культуры, куды іх лісты перанакіравала Адміністрацыя прэзыдэнта.

Тэкст звароту:

Мы, калектыў культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» зьвяртаемся да Вас, Мікалай Аляксандравіч Ладуцька і Барыс Уладзіміравіч Сьвятлоў, каб распавесьці сытуацыю, якая склалася вакол нашай установы ды зьвярнуць увагу на асаблівасьці стасункаў дзяржаўных органаў з намі.

Нашая інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Амарока» ініцыявала і адкрыла ў Менску восеньню 2011 году ўнікальную культурную пляцоўку пад назвай «Арт Сядзіба». Яна месьцілася ў былых цэхах завода «Гарызонт» на вул. Куйбышава 22. Аднак пасьля васьмі месяцаў працы ЗАТ «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер» скасаваў з намі дамову па прычыне неадпаведнасьці нашай дзейнасьці ўмовам і фармату будынку. Аднак па ўсім відаць, што сапраўднай прычынай скасаваньня дамовы зьяўляўся ўплыў зьверху. Да сёньняшняга часу гэтае памяшканьне застаецца пустым.

Пазьней, ужо восеньню 2012 года, мы знайшлі новае памяшканьне, што належыць прыватнай кампаніі. Але за дзень да адкрыцьця, як толькі зьявілася інфармацыя ў СМІ, арандаванае намі памяшканьне ў будынку на вуліцы Пушкіна 28а апячатваюць супрацоўнікі аддзяленьня МНС па Фрунзенскім раёне Менску ў прысутнасьці ўладальніка памяшканьня і прадстаўнікоў адміністрацыі Дзяржынскага раёну Мінска. У выніку дырэктар фірмы «Селектпромінвест», зь якой была складзена дамова арэнды, прапанаваў нам яе скасаваць, бо, зь яго словаў, не хацеў мець праблем у бізнэсе, якія могуць узьнікнуць з-за арэнды нам памяшканьня.

І такім чынам, мы апынуліся без памяшканьня другі раз, не пасьпеўшы там нават адкрыцца. Да гэтага часу гэтае памяшканьне так і не здадзена ў арэнду.

Мы не здаліся, і трэці раз паспрабавалі зьняць памяшканьне. У сярэдзіне лістапада падпісалі дамову субарэнды з ТАА «Рефойлпрадукт» на памяшканьне па адрасе завулак Масквіна 4, якое гэтая фірма цалкам арандуе ў ААТ «Сукно». У выніку, перад самым адкрыцьцём новай пляцоўкі, 6 сьнежня мы атрымалі дакумэнт, у якім пазначаецца, што раптоўна арэндаванае намі памяшканьне спатрэбілася для ўласных мэтаў ААТ «Сукно», і таму гэтае прадпрыемства патрабуе ад галоўнага арандатара ТАА «Рефойлпрадукт» скасаваць падпісаную з намі дамову.

Зазначым, што, са словаў дырэктара фірмы «Рефойлпродукт», за некалькі дзён да гэтага яго выклікалі ва ўпраўленьне ідэалёгіі Менскага гарвыканкаму на Незалежнасьці 8 на гутарку і параілі не здаваць нам памяшканьне. Дырэктар гэтай фірмы сказаў, што ня мае да нас ніякіх заўваг і не разумее чаму павінен скасоўваць дамову. На наступны дзень з праверкамі ў гэты будынак прыехалі прадстаўнікі спачатку санстанцыі, а пасьля і пажарнай службы ды выпісалі штрафы, а ўласьнік памяшканьня — ААТ «Сукно» даслала ліст ТАА «Рефойлпрадукт», у якім зазначае, што і з гэтай фірмаю хоча таксама разарваць арэндныя адносіны.

Датэлефанаваўшыся да першай намесьніцы начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму Волкавай Аксаны Леанідаўны, мы атрымалі адказ, што ўпраўленьне ідэалёгіі нікога на размовы не выклікала і нічога ня ведае пра нашы праблемы.

Генэральны дырэктар ААТ «Сукно» Сучкоў Міхаіл Уладзіміравіч у тэлефоннай размове з намі таксама зазначыў, што да нас ніякіх прэтэнзіяў ня мае, а праблемы зьвязаны зь дзейнасьцю ТАА «Рефойлпрадукт». Дырэктар жа ТАА «Рефойлпрадукт» зазначыў, што да таго, як падпісаў з намі дамову, ніякіх праблемаў з уласьнікам будынка ня меў.

Такім чынам, з намі чарговы трэці раз скасавалі дамову арэнды, а мы так і не зразумелі — навошта гэты спэктакль і гульня ў кошкі-мышкі.

Хочам падкрэсьліць, што мы не палітычная партыя, не сэкта і не рэлігійнае аб’яднаньне, мы — творчая група, якая марыць стварыць у Менску сваю культурную пляцоўку, творчую прастору, дзе маладыя паэты, мастакі, музыкі, творчыя аб’яднаньні і іншыя разнастайныя крэатыўныя творцы змогуць прэзэнтаваць сваю творчасьць, знаёміцца зь цікавымі людзьмі для далейшага супрацоўніцтва, і пры гэтым змогуць гэта рабіць лёгка — без бюракратыі і валтузьні.

Скажаце — такіх месцаў хапае, але для разьвіцьця грамадзтва і ўзбагачэньня культурнага жыцьця сталіцы такіх месцаў павінна быць яшчэ больш, і яны павінны быць рознымі!

Наша асаблівасьць, якая, відаць, і выклікае ў некаторых чыноўнікаў падазрэньне, і, чамусьці, прыраўноўвае нас да апазыцыйнай партыі, — тое што адной з задач нашай установы зьяўляецца папулярызацыя беларускай мовы, творчых працэсаў і прадуктаў на роднай мове як неад’емнай часткі культуры Беларусі.

Просім Вас, Мікалай Аляксандравіч Ладуцька і Барыс Уладзіміравіч Сьвятлоў, зьвярнуць увагу на наш адкрыты ліст і перанакіраваны зварот з Адміністрацыі прэзыдэнта ды дапамагчы ў вырашэньні нашых праблем, зьвязаных зь пільнаю ўвагаю да нашай працай і тымі праблемамі, якія не дазваляюць нам нармальна існаваць і здымаць памяшканьне.

Мы просім даць магчымасьць зьняць нам памяшканьне пад адкрытую культурную пляцоўку «Арт Сядзіба» і праз адпаведныя дзяржаўныя структуры дапамагчы ў пошуку прыдатнага для такой справы месца.

Мы ня ведаем, з кім вырашаць нашыя праблемы, бо ўсе рашэньні прымаюцца праз кагосьці і без нашага ўдзелу, а мы атрымліваем толькі чарговыя забароны. Ад гэтага становіцца гадка і брыдка на душы ды цяжка на сэрцы.

Таму мы заклікаем да адкрытага кантакту ў вырашэньні нашай праблемы.

Калектыў «Арт Сядзібы» і ўсе, усе, усе…


Да нас можна зьвяртацца з прапановамі на скрыню: artsiadziba@gmail.com
XS
SM
MD
LG