Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арт-сядзібе» зноў не далі адкрыцца


Заплянаванае на 6 сьнежня ў Менску народнае адкрыцьцё «Арт-сядзібы» не адбылося. З «Арт-сядзібай» скасавалі дамову на арэнду памяшканьня.

За гадзіну да імпрэзы прадстаўнікам «Арт-сядзібы» прыйшла папера, што з 10 сьнежня скасоўваецца дамова на арэнду памяшканьня па адрасе завулак Масквіна, 4. Таму арганізатары палічылі, што няма сэнсу рабіць адкрыцьцё.

Гэтае памяшканьне належыць прадпрыемству «Сукно». Яно заявіла арандатару, кампаніі «РэфОйлПрадукт», што здадзенае ў субарэнду для «Арт-сядзібы» памяшканьне неабходнае «для ўласных патрэбаў». Таму арандатары мусілі скасаваць дамову, падпісаную 20 лістапада гэтага году.

Перад гэтым арандатара выклікалі ў Менгарвыканам, дзе загадвалі не падпісваць дамовы з «Арт-сядзібай». Калі ён сказаў, што дамова падпісаная, у памяшканьне прыйшлі кантралёры — санстанцыя, пажарныя, — якія выпісалі вялікія штрафы.
Душаць і не даюць разьвівацца беларускай культуры, мастацтву, праяўляць творчую ініцыятыву. Мы нічога не зрабілі, за што нас можна так прэсаваць


«Трэці раз нам, нічога не тлумачачы, скасоўваюць дамову. І нам нічога не тлумачаць. Учора я напісаў вялікі ліст у адміністрацыю прэзыдэнта, каб нам патлумачылі, чаму і за што нас прэсуюць. Калі мы не рэлігійная, не палітычная арганізацыя, а проста культурная ўстанова, якая займаецца правядзеньнем розных літаратурных, музычных, паэтычных, мастацкіх сустрэч. Можа, атрымаю нейкі адказ. Мы вырашылі, што ў любым выпадку пойдзем у аддзел ідэалёгіі Менгарвыканкаму, каб нам патлумачылі, чаму нас прэсуюць. Робіцца такое свавольства, рэальна душаць і не даюць разьвівацца беларускай культуры, мастацтву, праяўляць творчую ініцыятыву. Мы нічога не зрабілі, за што нас можна так прэсаваць», — сказаў дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус.





6 і 7 сьнежня ў новым памяшканьні «Арт-сядзіба» плянавала выступы маладых беларускіх паэтаў ды музыкаў.

Гэта ўжо трэцяе памяшканьне, зь якога высяляюць «Арт-Сядзібу». У канцы верасьня ў Менску ў новым памяшканьні «Арт-Сядзібы» мелася адбыцца прэзэнтацыя праекту Лявона Вольскага на Радыё Свабода «Саўка ды Грышка». Але тады напярэдадні памяшканьне апячаталі супрацоўнікі Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG