Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 сьнежня — Міжнародны дзень мігранта. У сьвеце ён адзначаецца з 2000 году з ініцыятывы Генэральнай Асамблеі ААН.

У 1990 годзе Асамблея прыняла Міжнародную канвэнцыю аб абароне правоў усіх працаўнікоў-мігрантаў і чальцоў іх сем’яў. Што ўяўляе сабой міграцыя для Беларусі і які яе ўплыў на сацыяльнае і палітычнае становішча ў краіне?

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі: «Міграцыя для Беларусі і для беларусаў заўсёды была зьвязаная толькі з адным: з чужынскай уладай, якая прыгнятала беларускі народ і пазбаўляла магчымасьці годна жыць, працаваць і служыць сваёй радзіме тут, у Беларусі. Часам гэта зьвязана зь бясьпекай для фізычнага існаваньня ў Беларусі, як гэта здарылася з палітэмігрантамі — былымі палітвязьнямі ў выніку мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. І міграцыя ў Беларусь таксама, як ні дзіўна, зьвязаная з палітыкай беларускіх уладаў. Бо кампэнсаваць страты працоўнай сілы, якая сыходзіць на Захад і Усход, беларускія ўлады намагаюцца коштам таннай, я б сказаў, рабскай працоўнай сілы з Кітаю. Гэтыя людзі жывуць тут у жахлівых умовах, і гэта, відаць, натхніла Лукашэнку і ўрад для увядзеньня прыгоннага права і для беларускіх працоўных.
Іміграцыя ў нас зьвязана толькі з адным: з рэпрэсіўнай палітыкай улады адносна саміх жа беларусаў

Таму міграцыя ў нас зьвязана толькі з адным: з рэпрэсіўнай палітыкай улады адносна саміх жа беларусаў».

Праваабаронца цэнтру «Вясна» Тацьцяна Равяка: «Міграцыя — гэта натуральны працэс, які адбываецца ва ўсім сьвеце. У Беларусі ня так шмат мігрантаў застаецца і, хутчэй, гэтая хваля міграцыі з краін Усходу накіраваная на Заходнюю Эўропу, а не на Беларусь. Мяне, канечне, як праваабаронцу вельмі моцна хвалюе пытаньне эміграцыі зь Беларусі. Гэта і эканамічная, і акадэмічная, і, канечне, найбольш палітычная міграцыя, зь якой мы сутыкаемся і якая ў апошнія два гады набыла крытычны стан. Калі мы ведаем і бачым, што вельмі шмат і палітычна, і грамадзка актыўных людзей пакінулі нашую Беларусь. Зразумела, што ў гэтым пытаньні ёсьць матывацыя — пытаньні бясьпекі ці небясьпекі. І нашая краіна адрозьніваецца тым, што пытаньне палітычнай міграцыі вельмі вострае».
XS
SM
MD
LG