Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Мы сабралі вас напярэдадні «канца сьвету»


Андрэй Дзьмітрыеў і Ўладзімер Някляеў
Андрэй Дзьмітрыеў і Ўладзімер Някляеў

Кампанія «Гавары праўду!» падвяла вынікі 2012 году і абвясьціла пра бліжэйшыя пляны на будучыню. Гэта стварэньне сьпісу кандыдатаў на мясцовыя выбары, крэатыўны плян на Дзень Волі і працяг барацьбы за Курапаты.

На пачатку прэзэнтацыі Ўладзімер Някляеў асабіста падпісаў кожнаму журналісту «працоўны сшытак» з «кляснымі работамі» і «дамашнімі заданьнямі». Пачаў самакрытычна:

«Мы сабралі вас напярэдадні „канца сьвету“, каб пасьпець сказаць перш за ўсё пра памылкі. Хваліцца асабліва няма чым. Хваліцца няма чым, бо нічога істотнага дзеля таго, каб зьмесьці гэты рэжым, на жаль, ні апазыцыя цалкам, ні кампанія „Гавары праўду!“ зрабіць ня здолела».

Галоўную палітычную кампанію году — парлямэнцкія выбары — і апазыцыя ўвогуле, і кампанія «Гавары праўду!» прайгралі, прызнаўся адзін з кіраўнікоў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

«Галоўны ўрок мінулага года — мы не выкарыстоўваем нават тыя магчымасьці, якія ёсьць. Прывяду прыклад парлямэнцкай кампаніі. Дзе за 3 тыдні мы сабралі 40 тысяч подпісаў. Усе казалі: немагчыма сабраць подпісы, людзі не даюць подпісы. Але ж далі! А з іншага боку — ці гэта было дастаткова? Не, недастаткова! Ці мы самі задаволеныя такім вынікам? Не, не задаволеныя, таму што гэта паказвае, наколькі апатычнае грамадзтва, і наколькі яно само сябе выключае з палітыкі. Мы хочам уцягнуць грамадзтва ў палітыку, паказаць, што толькі праз палітыку можна вырашаць свае праблемы».
Мы хочам уцягнуць грамадзтва ў палітыку, паказаць, што толькі праз палітыку можна вырашаць свае праблемы


Ня здолела апазыцыя ні прабіцца ў новы склад парлямэнту, ні правесьці байкот, кажа Ўладзімер Някляеў:

«Уся праблема, якая перад намі паўстала падчас парлямэнцкіх выбараў, — байкот альбо ўдзел — палягала ў тым, што па ўсім, што мы назіралі, што аналізавалі, па тых лічбах, што мы мелі, выходзіла, што ніякага байкоту арганізаваць мы ня можам. Мы — я маю на ўвазе ўсю апазыцыю, і маю ўвазе байкот у тым клясычным варыянце, які дае палітычны вынік. Не піяр, а палітычны вынік. Байкот можа зрабіць толькі народ».

І ўсё ж былі пэўныя перамогі і дасягненьні: створана 18 офісаў «Грамадзянскай дамовы», актывісты кампаніі адстаялі сквер на Заслаўскай вуліцы, змагаліся за Курапаты і супраць будаўніцтва кітайскага парку пад Смалявічамі. Моладзевае крыло пастаянна раздражняла ўлады і міліцыю цацкамі. Павал Вінаградаў за цацкі ды іншыя акцыі перажыў за год 10 судоў і адседзеў агулам за год 67 сутак на Акрэсьціна.
Аркуш з гаварыпраўдаўскага сшытка
Аркуш з гаварыпраўдаўскага сшытка

Калі сёлета кампанія займалася ў асноўным мясцовымі, лякальнымі праблемамі, то на наступны год прыярытэт — дзейнічаць глябальна, распрацаваць нацыянальную павестку зьменаў, паведаміў Андрэй Дзьмітрыеў. І загадзя рыхтавацца да мясцовых выбараў:

«Першы кірунак на мясцовым узроўні — гэта стварэньне сьпісу на мясцовыя выбары. На сёньняшні дзень у кампаніі „Гавары праўду!“ сьпіс складаецца з 200 чалавек. Але мы лічым, што гэта замала. І з пачатку году мы будзем ладзіць акцыі, мерапрыемствы, каб людзям стала цікава самім пайсьці на выбары, і па-другое, каб ім стала цікава ўдзельнічаць у назіраньні і тых працэсах, якія ідуць разам з выбарамі».

Што тычыцца новых маштабных кампаній, якія рыхтуе «Гавары праўду!», лідэры пакуль гэта трымаюць у таямніцы. Але паабяцалі, што крэатыў будзе.

Дзьмітрыеў: «Мы хочам загадзя прапанаваць наш плян на Дзень Волі. Бо гэта заўсёды як сьнег на Беларусі — заўсёды Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях надыходзяць нечакана. Таму хочам выйсьці з плянамі загадзя. Таксама мы сёньня вельмі актыўна працуем у групе па Курапатах, і ёсьць нават вынікі, пасьля таго, як мы далучыліся. І будзем працягваць працаваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG