Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гадавіну Плошчы Павал Вінаградаў будзе ў турме

абноўлена

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў

Суд Першамайскага раёну прыняў рашэньне аб адміністрацыйным зьняволеньні на 5 сутак Паўла Вінаградава. Агулам актывіст правёў сёлета за кратамі больш як два месяцы.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі прызнаў Вінаградава вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства ці пікету ў адпаведнасьці з артыкулам 23.34. Адміністрацыйнага кодэксу. Падставай для гэтага сталася акцыя актывістаў «Зьмены», якую ўзначальвае Павал Вінаградаў.

Павал Вінаградаў разам з актывістамі «Зьмены» выставілі недалёка ад будынку Нацыянальнай бібліятэкі мяккія цацкі. Да цацак былі прымацаваны плякаты, на якіх змяшчаліся надпісы з пераблытанымі літарамі. Аднак зьмест плякатаў быў зразумелы — наяўнасьць палітычных вязьняў у Беларусі, сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне. Хаду суда і ягонае рашэньне аб адміністрацыйным зьняволеньні Свабодзе пракамэнтаваў сам Павал Вінаградаў:

«На паседжаньні суда я не прызнаў сваю віну паводле артыкулу аб выстаўленых абвінавачваньні, бо лічу, што няма складу такога правапарушэньня. Я лічу, што можна казаць толькі пра антысанітарыю і гэта — максымум, за што арышт не прадугледжваецца. Бо ў пікеце павінны прымаць удзел людзі, а ня цацкі. Ды і лёзунгі былі спэцыфічныя — набор літараў, а ня лёзунгі, што я і сказаў у судзе. Але ад міліцыі быў сьведка, які патлумачыў, што, маўляў, паступіў сыгнал, пабачыў акцыю ў інтэрнэце, пазналі маладога чалавека — гэта Павал Вінаградаў — і вось мы тут. Ну як гэта можна камэнтаваць? Нічога надзвычайнага — пачынаю нават прывыкаць. Спадзяюся, што на Новы год выйду».

Акцыю з цацкамі актывісты «Зьмены» — моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» — правялі ў Дзень правоў чалавека, 10 сьнежня. Паўла Вінаградава супрацоўнікі міліцыі затрымалі і даставілі ў суд Першамайскага раёну 12 сьнежня. Суд распачаўся, але быў адкладзены ў зьвязку з адсутнасьцю адваката Паўла Вінаградава і прадоўжыўся ў панядзелак 17 сьнежня. Гэткім чынам, тэрмін адміністрацыйнага арышту Паўла мае завершыцца яшчэ сёлета, пракамэнтаваў судовае рашэньне адзін зь лідараў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

«Паўла асудзілі паводле стандартнага абвінавачаньня: правядзеньне несанкцыянаванага пікету. Ягоныя аргумэнты былі такімі, што на плякатах былі пераблытаныя літары, што ён пікет не праводзіў, але гэта не было довадам для суда. Яму далі 5 сутак, усё гэта адбывалася ў кабінэце судзьдзі і неяк па-хатняму. Гэта азначае, што „канец сьвету“ Павал сустрэне ў вязьніцы, а Новы год дома, калі ўсё будзе добра, — мы папрасілі яго цацкі па камэры не расстаўляць».

У сваю чаргу, праваабаронцы мяркуюць, што зьняволеньне Паўла Вінаградава зьвязана з набліжэньнем гадавіны Плошчы 19 сьнежня. Гаворыць праваабаронца «Вясны» Наста Лойка:

«З аднаго боку, нас радуе, што моладзевых актывістаў сталі затрымліваць усё менш па так званай «дробнай хуліганцы» — надуманых артыкулах. Але тое, што ў дачыненьні Паўла Вінаградава прымянілі артыкул аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, то гэта ня вельмі добра, бо, фактычна, не было ніякай акцыі пратэсту. Гэта сьведчыць пра тое, што асноўная мэта ўладаў — нэўтралізаваць яго на 19 сьнежня, гадавіну Плошчы.

Адміністрацыйны арышт Паўла Вінаградава — дзясяты ў гэтым годзе. Агулам ён адбыў 61 суткі адміністрацыйнага зьняволеньня, а 22 сьнежня, калі выйдзе з-за кратаў, — будзе 67 сутак турмы за год.


12 сьнежня Паўла Вінаградава выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Маскоўскага раёну, дзе ён знаходзіцца пад наглядам і абавязаны адзначацца. Аднак супрацоўнікі міліцыі адвезьлі яго ў Першамайскі РУУС Менску, дзе быў складзены акт аб адміністратыўным правапарушэньні. Затым яго адвезьлі ў суд, але разгляд справы перанесьлі на 17 сьнежня, бо актывіст запатрабаваў адваката, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Жонка Паўла Сьвятлана не выключае, што затрыманьне мужа зьвязанае з чарговай акцыяй пратэсту цацак, якая прайшла 10 сьнежня ля Нацыянальнай бібліятэкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG