Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнія два тыдні стала відавочнай надзвычайная ўвага вышэйшага кіраўніцтва краіны да дрэваапрацоўчай прамысловасьці. Чым яна можа быць выкліканая, не даюць рады патлумачыць нават экспэрты-эканамісты.

Марыя Акулава, навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC:

«Афіцыйнай інфармацыі няма. Я думаю, што колькасьць улітых інвэстыцыяў была дастатковая, а вынік атрымаўся нулявы. Я ня думаю, што лічбы пра колькасьць гэтых інвэстыцыяў былі ў адкрытым доступе».

30 лістапада прэзыдэнт Лукашэнка, наведваючы ААТ «Барысаўдрэў», загадаў забараніць работнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў звальняцца з працы. Адпаведны дэкрэт быў падрыхтаваны і прыняты надзвычай хутка. Ужо 7 сьнежня прэзыдэнт падпісаў дэкрэт «Аб дадатковых мерах па разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці».

Датэрміновае скасаваньне кантрактаў у пэрыяд рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў з ініцыятывы работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка.

У выпадку парушэньня работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальненьня «за вінаватыя дзеяньні» сума атрыманай імі за пэрыяд працы штомесячнай грашовай выплаты падлягае вяртаньню.

Дэкрэтам прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць за парушэньне падрадчыкам (субпадрадчыкам, праектнай арганізацыяй) тэрмінаў выкананьня работ па рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў у выглядзе накладаньня штрафу на службовую асобу ў памеры ад дзесяці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад пяцiдзесяцi да пяцісот базавых велічынь.

Марыя Акулава сумняецца, што падобныя меры дадуць нейкі вынік.
Калі чалавек захоча зьехаць, ён гэта зробіць, нягледзячы на тое, дзе ягоная працоўная кніжка


«Выклікаюць сумненьні афіцыйныя намаганьні забараніць людзям звальняцца. Расейскі рынак працы адкрыты для беларусаў. Калі чалавек захоча зьехаць, ён гэта зробіць, нягледзячы на тое, дзе ягоная працоўная кніжка. Расея гатовая прымаць беларускіх спэцыялістаў, яны высока каціруюцца там», — кажа яна.

Яшчэ адна з магчымых вэрсіяў, якую вылучае Акулава, — уваходжаньне Беларусі ў адзіную эканамічную прастору з Расеяй і Казахстанам. «Гэта вымушае Беларусь рабіць сваю прадукцыю больш канкурэнтаздольнай. Інакш мы будзем страчваць рынкі на карысьць казахскіх і расейскіх канкурэнтаў. Таму, думаю, Беларусь ужо пачала клапаціцца пра тое, каб былі ўлітыя фінансавыя актывы, бо ў пэрспэктыве цяперашняя сытуацыя можа досыць балюча адбіцца на нашай агульнай канкурэнтаздольнасьці».

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук, экспэрт дасьледчага цэнтру ІПМ, увогуле ня бачыць эканамічных прычын для такой увагі да дрэваапрацоўкі: «У эканоміцы я ня бачу прычынаў, каб такія дзеяньні мелі месца. Можа, гэта зьвязанае з тым, што тэмпы мадэрнізацыі нашмат больш марудныя, чым плянавалася. Можа, гэта спроба даць ёй імпульс».

Гэтую вэрсію часткова пацьвярджае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, якое ён зрабіў, наведваючы «Магілёўдрэў» 13 сьнежня:

«Адназначна ў нас зьмяншаецца аб’ём праграмаў па культуры, спорце — у нас усё гэта ўжо ёсьць у дастатковай колькасьці, створана і ў Менску, і ў абласьцях. Таму мы перакідаем галоўныя намаганьні на мадэрнізацыю прамысловасьці. У сельскай гаспадарцы ў нас ужо ўсё вызначана, засталося дапрацаваць па нейкіх там кірунках, а зараз трэба пераносіць сродкі на прамысловасьць», — прыводзіць словы прэзыдэнта БЕЛТА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG