Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Аліневіч: «Далі сьпіс аб’ектаў, на якія быццам бы нападаў»


Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Маці палітвязьня апавяла, як яе сына Ігара Аліневіча схапілі ў Маскве супрацоўнікі ФСБ і перадалі на мяжы беларускаму КДБ.

Два гады таму актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча ў Маскве схапілі супрацоўнікі ФСБ і перадалі беларускаму КДБ як падазронага ў нападзе на амбасаду Расеі ў Менску ды на іншыя аб’екты. Між тым маці Ігара Аліневіча мяркуе, што гэта было сапраўднае выкраданьне чалавека. Што сын зьнік пасьля сустрэчы зь менскім знаёмым у людным месцы расейскай сталіцы Валянціне Аліневіч стала вядома ўжо праз 2 гадзіны праз інтэрнэт. А потым былі страшэнныя гадзіны няведаньня, пошукаў і спадзяваньня. Калі нарэшце стала вядома, што сын у вязьніцы КДБ, гэтую навіну сустрэла з пэўнай палёгкай, згадвае Валянціна Аліневіч. Зь вядомых ёй акалічнасьцяў вынікае, што «апрацоўваць» Ігара пачалі ўжо па дарозе ў Менск у аўтамабілі КДБ.

Валянціна Аліневіч

Валянціна Аліневіч

«Яго пасадзілі ў аўтамабіль і на мяжы зь Беларусьсю перадалі ў беларускі аўтобус. Такі, маленькі. Нашы, якія яго забіралі, сказалі: «Дзякуй, хлопцы, за намі доўг». А тыя, маскоўскія, ў адказ кажуць: «Мы ўсё разумеем, але больш нам такой — далей ідзе ненарматыўная лексыка — не падкідвайце». То бок яны самі разумелі, што справа супрацьзаконная. А потым, калі Ігара пасадзілі ў наш аўтобус, там яго спыталі: «Табе трэба нагадаць, што ты мусіш сказаць, ці мы цябе зараз завязем у адно месца, каб ты сам усё згадаў?»

Паводле маці Ігара Аліневіча, якога ў выніку асудзілі за напад на пасольства Расеі, у КДБ сыну выставілі абвінавачаньне, у якім не было нічога пра напад на пасольства, а гаворка ішла пра напад на ізалятар на Акрэсьціна ды іншыя аб’екты. Падпісаць прапанавалі ўсё разам, казаў Валянціне Аліневіч яе сын.

Ігар Аліневіч адбывае 8 гадоў зьняволеньня ў напаолацкай калёніі. Нядаўна яму дазволілі сустрэцца з маці, але ёй не дазволілі нічога перадаць сыну з харчоў.

Валянціна Аліневіч: «Замучаным і зламаным ён не выглядае. Але такі вельмі не шматслоўны. Як я зь яго не выцягвала, чым ён там займаецца, ціснуць на яго ці ня ціснуць, ён нічога не казаў. Але мы ўсе, сваякі палітвязьняў, разумеем, што як толькі яны расказваюць нешта пра свае ўмовы рэальнае, на іх адразу пачынаюць ціснуць. Менавіта таму яны спрабуюць лішняга не казаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG