Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дасьць толькі 18 мільёнаў тон нафты замест 23-х


Расея паставіць Беларусі ў 2013 годзе ня больш за 18 мільёнаў тон нафты. Такую прапанову атрымала беларуская дэлегацыя на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам, якая правяла перамовы ў Маскве. Чаму расейскі бок не задаволіў просьбу афіцыйнага Менску? Што гэта можа азначаць для беларускай эканомікі?

Беларуская дэлегацыя, якая знаходзілася ў Маскве 19–20 лістапада, прасіла выдзеліць на наступны год 23 мільёны тон нафты. Аднак дамовіцца не змагла. Хоць кіраўнік дэлегацыі Ўладзімер Сямашка напярэдадні заявіў, што з Масквой ужо паразумеліся. Прадстаўнікі расейскага ўраду абверглі Сямашку і перадалі яму свае прапановы толькі на 18 мільёнаў тон. Паводле Інтэрфаксу, гэта на 3 мільёны тон менш за сёлетнія аб’ёмы і на 5 мільёнаў тон менш за тыя, якіх дамагаецца афіцыйны Менск на наступны год.

Камэнтуючы правал нафтавых перамоваў, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў, што жыць на нафтавай іголцы, калі 48% экспарту Беларусі складаюць нафтапрадукты, вельмі небясьпечна. Лепш пагадзіцца, разьвярнуцца ў іншы бок і займацца справай.

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Гэта рэакцыя Расеі на тое, што беларусы падманулі, прадавалі нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў. Расея проста адказала тым, што зьменшыла гэтыя пастаўкі, каб не махлявалі. То бок зь беларускага боку была зроблена прынцыповая памылка. Гэтая рэакцыя Расеі абсалютна адэкватная. Павінны падумаць над сваімі памылкамі нашы кіраўнікі».

Да канца году яшчэ ёсьць час. Ці зможа кіраўнік Беларусі прымусіць Расею падпісаць нафтавы балянс на ягоных умовах?

«Толькі калі ў якасьці закладу будзе прадстаўлена беларуская ўласнасьць. То бок усё дакладна. Хочаце працаваць нармальна — працуйце. Хочаце ілгаць і падманваць, тады расплачвайцеся сваім целам — сваёй уласнасьцю».

Паводле эканаміста Барыса Жалібы, Расея цісьне на Беларусь з-за таго, што тая не выконвае сваіх абавязаньняў па крэдыце ЭўрАзЭС.

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Умовы, якія яны ўзялі, — прадаваць штогод на 2,5 мільярда даляраў дзяржаўнай уласнасьці. А кіраўніцтва Беларусі адмаўляецца. Вось гэты ціск і павінен прымусіць наша кіраўніцтва выконваць свае абавязаньні. А асноўным пакупніком будзе, вядома, расейскі капітал».

Ужываючы гэты адкрыты ціск, расейскі бок разумее, што Беларусь трапляе ў складанае становішча, адзначае Жаліба:

«Ня будзе ўдосталь нафты, будзе пасіўны гандлёвы балянс і гэтак далей. З усімі наступствамі сцэнару мінулага году. Валютны крызіс і гэтак далей. Недапастаўка 5 мільёнаў тон — гэта такая дзірка, што яе не закрыць. Гэта недаатрыманьне валюты. Гэта вельмі цяжкі ўдар будзе. Я думаю, бакі зноў будуць дамаўляцца, магчыма, да 31 сьнежня. Альбо нам зноў трэба шукаць іншыя крыніцы. Хоць Вэнэсуэла, Азэрбайджан, Казахстан і гэтак далей».

У Расеі адчуваецца дэфіцыт нафтапрадуктаў. І зразумела, што да канца году Беларусь ня зможа паставіць, як дамоўлена, 5,6 мільёна тон нафтапрадуктаў. Бо пастаўляць іх у Расею нявыгадна. На Захадзе можна прадаць значна даражэй, адзначае эканаміст Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Расея зараз паводзіць сябе цьвёрда. У яе свае праблемы. Усё гэта падштурхнула кіраўніцтва Расеі да больш жорсткіх мер, і Расея больш зацікаўленая ў дасягненьні сваіх інтарэсаў, чым беларускіх. Расея не абмяжоўвае пастаўкі нафты для ўнутранага рынку. Яна толькі абмяжоўвае нашы дадатковыя заробкі на гэтай нафце».

Цяпер Беларусі альбо давядзецца прыняць прапанаваны аб’ём, альбо прадаваць на расейскі рынак паліва. Аднак ёсьць і яшчэ адно выйсьце, адзначае Злотнікаў:

«Знаходзіць нафту на іншых рынках, што беларускае кіраўніцтва і робіць. То перамовы з Азэрбайджанам, то перамовы з Казахстанам. Калі мы ствараем адзіную эканамічную прастору, то там ёсьць такая дамоўленасьць, што карыстаньне трубаправодамі Расеі павінна быць адкрытае для ўсіх бакоў. І Беларусь можа паставіць перад Расеяй пытаньне прапампоўваньня казахстанскай нафты праз Расею ў Беларусь. І Расея ня мае права адмовіцца ад гэтага».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG