Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Лукашэнка заклікаў замежны бізнэс інвэставаць у беларускую эканоміку і абяцаў выгадныя ўмовы. Інвэстары пакуль не сьпяшаюцца ісьці ў Беларусь.

Лукашэнка ў прывітаньні ўдзельнікам VII Беларускага інвэстыцыйнага форуму заявіў, што разьвіцьцё партнэрскіх адносін з замежным бізнэсам зьяўляецца важным кірункам эканамічнай палітыкі краіны: «Са свайго боку мы гарантуем інвэстарам самыя лепшыя ўмовы для вядзеньня бізнэсу. У нас дынамічна разьвіваецца эканоміка, спрыяльны інвэстыцыйны і падатковы клімат, добрая інфраструктура, надзейная абарона і цэлы шэраг прэфэрэнцый».

Лукашэнка таксама зазначыў, што новыя пэрспэктывы для дзелавога супрацоўніцтва адкрываюцца ў сувязі са стварэньнем Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расеі і Казахстану.

«І самае галоўнае — у цэнтры Эўропы жыве таленавіты, працавіты і гасьцінны беларускі народ», — заявіў Лукашэнка.

Тым часам у Міністэрстве эканомікі паведамілі БелаПАН, што прыток замежнага капіталу ў эканоміку Беларусі па-ранейшаму застаецца невысокім.

Паводле даных Мінэканомікі, прыцягненьне прамых замежных інвэстыцый на чыстай аснове за студзень-жнівень склала 956,5 мільёна даляраў ЗША (пры прагнозе ў 3,7 мільярда).

Пры гэтым асноўная іх частка — рэінвэставаныя даходы.

«Такім чынам, казаць аб актыўнай і поўнамаштабнай інвэстыцыйнай дзейнасьці па тэхнічным пераўзбраеньні прадпрыемстваў і ўкараненьні перадавых тэхналёгій за кошт прыцягненьня замежнага капіталу не даводзіцца», — канстатавалі ў Мінэканомікі.
XS
SM
MD
LG