Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данькова падвёў «доўгі язык»?


Юры Данькоў

Юры Данькоў

Сьледчы камітэт Беларусі працягнуў тэрмін утрыманьня пад вартай уладальніка менскага забаўляльнага цэнтру «Dankoff Club» Юрыя Данькова. Сама меней да пачатку наступнага году ён будзе заставацца ў СІЗА № 1 Менску.

Тым часам будуць працягвацца апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў рамках крымінальнай справы аб «стварэньні адказнай асобай умоваў для заняткаў прастытуцыяй». Данькова затрымалі на пачатку верасьня. У злоўжываньні службовым становішчам таксама падазраюцца адміністратар і мастацкі кіраўнік забаўляльнай установы.

Да арышту Данькоў абвінавачваў кантрольныя органы ў правакацыях падчас праверак гульнявых устаноў і называў вялікай памылкай спробу ўвесьці сыстэму ўліку кліентаў казіно, бо лішняя публічнасьць толькі адвабіць людзей.

Пра ўсё гэта незадоўга да свайго затрыманьня Юры Данькоў казаў і ў інтэрвію Радыё Свабода: «Што тычыцца нібыта манаполіі Міністэрства спорту і турызму, то гэтае ведамства ў дадзенай сытуацыі ўвогуле ні ў чым не вінаватае. Гэта ўсё ідзе ад такой вядомай у нас кампаніі, як „Белтэхэкспарт“, якая хоча „накласьці лапу“, „раскатаць“ гэты рынак. Пэўна, усё ж лепш падыдзе да іх слова „накласьці“. Бо тое, на што яны разьлічваюць, што яны ўкладаюць у вушы прэзыдэнту, насамрэч яно ня ёсьць так.

Тая сыстэма, якую італьянцы ў сябе апрабоўвалі, яна ў іх не спрацавала. Страціць ад такіх абмежаваньняў вялікія грошы — так, гэта магчыма. Потым кагосьці знайсьці, абвінаваціць — так, гэта таксама ў нашым рэпэртуары. Таму ўсё гэта зроблена і ўсталявана толькі з-за таго, што хтосьці прыйшоў і ўвёў у вушы: а вось мы будзем іх жорстка і пільна кантраляваць. Але ў такой краіне, як Беларусь, жорстка і пільна кантраляваць няма аніякай патрэбы, бо тут і так усё навідавоку, усё як на далоні. І да бабкі ня трэба хадзіць, зразумела: пасьля таго падатку, які сёньня плоціць гульнявы бізнэс, пасьля той арэнды, якую зьдзіраюць з гульнявога бізнэсу, яму не застаецца амаль нічога.
Чыноўнікі плююць на закон, абы толькі выканаць плян па штрафах. Праверка — добра, зразумела, але ж яны ідуць, каб правакацыі ўчыняць.


Таму пра якую цывілізаваную Беларусь, пра які гульнявы бізнэс у Беларусі мы сёньня гаворым? Калі цяпер задача для беларуса — як бы зьвесьці канцы з канцамі. Пад падатковым ціскам, пад тым кантролем, які дамоклавым мячом вісіць над усімі намі. Правакацыя за правакацыяй ідуць, разумееце? Чыноўнікі плююць на закон, абы толькі выканаць плян па штрафах. Праверка — добра, зразумела, але ж яны ідуць, каб правакацыі ўчыняць. Прыходзяць і ўнаглую прымушаюць людзей парушаць закон. А потым кажуць: а вось вы парушылі. Дык вы ж самі прасілі? А вы, маўляў, ня мелі права, мы вас проста правакавалі, у нас так у інструкцыях запісана. Вось вам і ўвесь гульнявы бізнэс па-беларуску».

У 2001 годзе Юрый Данькоў быў прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі, але для яго прэзыдэнцкая кампанія скончылася на этапе збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатам.
XS
SM
MD
LG