Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Супрацоўнікі Сьледчага камітэту падазраюць, што ў начным клюбе, якім валодаў Юрый Данькоў, займаліся прастытуцыяй. Што пра гэта кажуць людзі, якія зналі Юрыя Данькова яшчэ з часоў, калі ён насіў іншае прозьвішча? Ці праўда, што затрыманы бізнэсовец быў актыўным палітыкам і займаўся дабрачыннай дзейнасьцю?

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Скрабец пазнаёміўся зь Юрыем Даньковым у 1990-я гады, неўзабаве пасьля таго, як той зьмяніў прозьвішча Шыцік на іншае, якое, відаць, падалося яму больш прывабным — Данькоў. Сам у мінулым бізнэсовец, Сяргей Скрабец мяркуе, што гэта было зроблена, каб дасягнуць посьпехаў у бізнэсе: «Данькоў-клюб» гучыць лепш, чым «Шыцік-клюб». Уладальнік «Данькоў-клюбу» вызначаўся амбітнасьцю ня толькі ў бізнэсе, але і ў палітыцы, кажа Сяргей Скрабец. Ён згадаў, як яны зь Юрыем Даньковым на выклік Аляксандра Лукашэнкі бралі ўдзел у забегу па вуліцах Менску ў якасьці прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта:

«Быў 2001 год, Лукашэнка выклікаў сваіх магчымых супернікаў на выбарах на прабег даўжынёй 3 кілямэтры. Сам ён бег на лыжаролерах, а мы проста ў красоўках. Беглі ад Палаца рэспублікі да Дома ўраду і назад. Лукашэнка прыбег першы, я другі. А зь Юрам была цікавая гісторыя. Ён сышоў з дыстанцыі, цяжка яму было бегчы, але яго знайшлі праз тэлефон і фактычна прымусілі фінішаваць, каб быў яшчэ і трэці ўдзельнік прабегу».

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

Падчас выбарчай кампаніі 2001 году Юрый Данькоў не сабраў патрэбнай колькасьці галасоў і ня быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты. Варта нагадаць, што годам раней гэтак жа няўдала скончылася ягоная спроба стаць дэпутатам Нацыянальнага сходу. Але Сяргей Скрабец не выключае, што зь цяперашняй гісторыі ўладальнік «Данькоў-клюбу» ўсё ж выкруціцца:

«Юра ніколі з уладай не сварыўся, заўсёды падтрымліваў. Проста прыйшла ягоная чарга дзяліцца. Магчыма, некаму зь сям’і ягоны будынак спадабаўся. Але калі ўсё падпіша, то, мяркую, выпусьцяць».

Наступны мой суразмоўца быў на пачатку 2000-х гадоў вядомым мэдыя-бізнэсоўцам і таксама страціў справу ў выніку супярэчнасьцяў з уладамі. Пра «Данькоў-клюб» у яго адназначнае меркаваньне — прытон, які даўно трэба было прыкрыць. Сваё прозьвішча суразмоўца прасіў не называць:

«Месца там… калі прааналізаваць публіку…Толькі лянівы ня ведаў, што туды можна было прыехаць і атрымаць усе паслугі».

На думку гэтага суразмоўцы, Юрый Данькоў займаўся палітыкай толькі дзеля «антуражу», несур’ёзна, і што яго «крышавалі» тыя, хто ў сілавых ведамствах курыруе гульнявы бізнэс. А тое, што ад Данькова адступіліся ягоныя куратары, суразмоўца патлумачыў «памылкай бізнэсоўца» — маўляў, зарваўся.
«Данькоў-клюб»

«Данькоў-клюб»


У канцы 1990-х гадоў Юрый Данькоў быў абраны дэпутатам Менскага гарсавета і нават узначальваў дэпутацкую камісію, якая займалася камунальнай маёмасьцю і прыватызацыяй. Тагачасны дэпутат гарсавету Віктар Шаўлюкевіч сказаў пра Данькова, што той нічым не запомніўся:

«Не магу нічога сказаць пэўнага. Ані дрэннага, ані добрага».

А вось бізнэсовец, былы кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Дзьмітрый Вус, які ў тую ж кадэнцыю быў дэпутатам Менскага гарсавету, згадаў пра яго болей:

«Цікавы чалавек, актыўны. Рваўся на пасаду старшыні гарсавету, але яго не падтрымалі іншыя дэпутаты. Запомнілася, што ён арганізаваў паездку дэпутатаў у Варшаву, сустрэчу зь мясцовымі дэпутатамі нават спансіраваў».

Юрый Данькоў як прадпрымальнік шмат займаўся дабрачыннай дзейнасьцю, згадалі ўсе суразмоўцы. Асабліва запомніліся навагоднія сьвяты для дзяцей, якія ладзіліся ў «Данькоў-клюбе», у тым ліку дабрачынныя. Паводле ўспамінаў, на такіх сьвятах нават сьпявала дачка Юрыя Данькова, якога ўсе характарызавалі як добрага сем’яніна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG