Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі адвакат: Мне прапанавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі


Расейскі адвакат Максім Караткоў-Гуляеў заяўляе, што супрацоўнікі спэцслужбаў вымусілі яго пакінуць Беларусь, дзе ён знаходзіўся па сваіх справах. Раней у беларускім КДБ і МУС заявілі, што не затрымлівалі расейскага адваката.

Максім Караткоў-Гуляеў, вярнуўшыся зь Беларусі ў Маскву, апавёў карэспандэнту «Свабоды», што зь ім здарылася ў Менску, дзе ён пасяліўся ў гатэлі «Краўн-плаза»:

«Я быў у гэтым гатэлі на выходныя. Пасьля падзеяў, якія адбыліся на тэрыторыі Расеі, калі ў мяне быў зроблены незаконны вобыск. У Беларусі да мяне падышлі, я мяркую, супрацоўнікі КДБ. Першая такая сустрэча адбылася ў цэнтры гораду. Мне прапанавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі, альбо будуць праведзены нейкія дзеяньні. Я мяркую, што гэта зьвязана з тым, што я абараняю грамадзян, якія бралі ўдзел у так званых беспарадках на Балотнай плошчы. Вось мне прапанавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі».

Паводле Караткова-Гуляева, пасьля таго, як ён паведаміў калегам у Маскву пра гэты выпадак, тон размовы зьмякчыўся. Але людзі ў цывільным усё роўна настойліва прапаноўвалі яму пакінуць Беларусь.

«Мне прапанавалі на выбар дзяржаву, у тым ліку Нямеччыну. Хачу заўважыць, што гэта было дыпляматычна, тактоўна. Яны гаварылі са мной у завуаляванай форме. Але такая прапанова ад кампэтэнтных органаў была на мой адрас. Я заставаўся ў гатэлі. Але калі перамяшчаўся па горадзе, за мной быў усталяваны візуальны кантакт з боку, я так мяркую, супрацоўнікаў КДБ. Сьцьвярджаць не магу, бо яны не прадставіліся».
Калі перамяшчаўся па горадзе, за мной быў усталяваны візуальны кантакт з боку, я так мяркую, супрацоўнікаў КДБ

Караткоў-Гуляеў мяркуе, што такія дзеяньні спэцслужбаў маглі быць зьвязаныя з паказанай у прапагандысцкім фільме НТВ сустрэчай аднаго зь лідэраў расейскай апазыцыі, каардынатара «Левага фронту» Сяргея Ўдальцова з грузінскімі палітыкамі, якая нібыта адбылася ў Менску.

«Пасьля гэтага была пачата крымінальная справа адносна Сяргея Ўдальцова. Яго абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Мае падабаронныя на гэты момант якраз абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У мяне быў выкрадзены шэраг дакумэнтаў, якія складаюць адвакацкую таямніцу. Чаму была такая рэакцыя на тэрыторыі Беларусі? Можа, яны не хацелі нейкага канфлікту».

Прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі Ўладзімер Марчукоў сказаў, што беларускія ўлады пакуль нічога не адказалі на запыт адносна расейскага адваката:

«Мы зрабілі запыт, так. Нам пакуль не прыйшло ніякага адказу. Прынамсі на раніцу сёньняшняга дня. Калі адказ і будзе, я ня ведаю, ці будзе ён наогул».

Спадар Марчук таксама дадаў:
Наогул невядома, ці прыяжджаў такі чалавек у Менск. Бо мяжы ў нас паміж Расеяй і Беларусьсю няма

«Наогул невядома, ці прыяжджаў такі чалавек у Менск. Бо мяжы ў нас паміж Расеяй і Беларусьсю няма. Хто прыяжджае, калі і навошта — гэта застаецца на сумленьні чалавека. Вы дарма хочаце зрабіць сэнсацыю на пустым месцы. Верагодна, чалавек хоча нагадаць пра сябе ў СМІ».

Расейскі адвакат Аляксандар Васільеў пракамэнтаваў карэспандэнту «Свабоды» інцыдэнт з Каратковым-Гуляевым у Менску:

«Гэта чорт ведае што. Я, вядома, разумею супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія хочуць, каб на даверанай ім тэрыторыі ўсё было ціха, спакойна і не зьяўляліся людзі, так ці інакш зьвязаныя з апазыцыйнай дзейнасьцю, няхай і ў суседняй дзяржаве. Але ўсё ж пэўныя нормы права павінны захоўвацца. Так, чалавек прыехаў на тэрыторыю Беларусі. Але ён прыехаў туды па сваіх справах. Ён не зьбіраўся там арганізоўваць мітынгі, дэманстрацыі, шэсьці. Навошта гэта ім спатрэбілася, я не разумею».

Раней расейскага апазыцыянэра Леаніда Разважаева прадстаўнікі спэцслужбаў выкралі ў Кіеве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG