Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удальцову выстаўленыя абвінавачаньні


Сяргей Ўдальцоў

Сяргей Ўдальцоў

Каардынатару расейскага «Левага фронту» Сяргею Ўдальцову сёньня афіцыйна выстаўленыя абвінавачаньні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў у Расеі.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік Сьледчага камітэту Ўладзімер Маркін. Паводле яго, мера стрыманьня Ўдальцова ня зьмененая – ён застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе, узятай зь яго некалькі дзён таму. Сваёй віны Ўдальцоў не прызнаў, але даў падрабязныя паказаньні, заявіў Маркін.

Напярэдадні ў прэсе зьявіліся паведамленьні аб тым, што апазыцыянэр можа праігнараваць выклік у Сьледчы камітэт і сысьці «ў падпольле». Але Ўдальцоў заявіў сёньня журналістам, што «бегаць празь мяжу не зьбіраецца».

Раней у гэтай справе, распачатай на падставе матэрыялаў фільма тэлекампаніі НТВ «Анатомія пратэсту-2», былі арыштаваныя паплечнікі Ўдальцова Канстанцін Лебедзеў і Леанід Развазжаеў. Развазжаеў у чацьвер, паводле яго адвакатаў, адмовіўся ад яўкі з павіннай, пра якую раней паведаміў Сьледчы камітэт. Ён сьцьвярджае, што паказаньні даваў пад ціскам.
XS
SM
MD
LG