Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля вандроўкі дагэтуль перад вачыма шчымлівая карціна — сярод пакручастых берагоў віруе срэбразвонны, шырокі тут, апеты паэтамі «бацька-Нёман». На супрацьлеглым беразе, колькі вокам кінуць — бор з грыбамі ды ягадамі. Побач жа шырокія хлебныя палеткі. У 15 стагодзьдзі, калі Збляны ўпершыню ўзгадваюцца ў гістарычных крыніцах, сюды не маглі не прыйсьці людзі. Кажа мне рэдактар незалежнага часопіса «Лідзкі летапісец» Валеры Сьліўкін:

Сьліўкін: «На гэты высокі бераг Нёмана прыйшлі славяне з Валыні і Падняпроўя. Збляны — тапанімічны сэнс як „ізба“. І гэта тэрыторыя памежная набілася і палоннымі, і сваімі, і чужымі. І грэбля на грэблі — практычна астраўная тэрыторыя. І калі род працавіты быў — і дзеці, і праўнукі былі працавітымі…»

На адлегласьці пару кілямэтраў яшчэ паселішча з падобнай назвай — засьценак Збляны. Акурат напярэдадні эфіру ў газэце ТБМ «Наша слова» выйшаў артыкул краязнаўцы ды карэннага зблянца, спадара Хведара Куляша пад назвай «Вернем хутару былую назву». Яго прадстаўляе рэдактар выданьня Стась Суднік.

Суднік: «Кулеш піша пра другія Збляны, якія чамусьці называюць засьценкам, а з гэтым ён нязгодны. Гэта заўсёды быў двор Збляны і вёска. У двары быў маёнтак і там сяляне, якія адраблялі „страшна невыноснае“ прыгоннае права на пана — мужчына павінен быў адпрацаваць на яго адзін дзень на тыдзень, а жанчыны — 6 дзён на год, у той час як у Расеі — па 6 дзён на тыдзень кожны. У нас за гэта пан даваў ім зямлю, ад якой жылі. А валодалі ў розныя часы Радзівілы, Ільінічы, Вітгенштэйны, Трубяцкія…»

На жаль, спадар Кулеш — ці не апошні палкі патрыёт сваёй малой Радзімы, дзе ў савецкія часы пражывала да паўтысячы з гакам жыхароў. Цяпер у ніводнай хаце, што стаяць найчасьцей за 3–5 мэтраў адна ад адной, не раве жывёла, не завіхаюцца па падворках жыхары. На пустэльнай вуліцы, выкладзенай трэснутым асфальтам паўзьверх польскай брукаванкі, сустракаю, як потым даведаўся, самага маладога тут, спартовага выгляду мужчыну — Ігара Мацкалу.

Карэспандэнт: «А вам колькі год?»

Улад: «48. Я родам адсюль, проста катаюся сюды — працую па 2 тыдні ў Менску. Нёман, вядома, цягне, малая радзіма…»

Карэспандэнт: «У дзяцінстве „чайку“ ганяў?»

Улад: «Канечне, канечне! А ў грыбы і на рыбалку я адзін, відаць, з гэтай вёскі, хто ходзіць. У горадзе на лаўцы не магу сядзець. У мяне вышэйшая адукацыя, працую тынкоўшчыкам на маналітных дамах. Люблю пахадзіць зь лічбавым фотаапаратам, каб узімку ўзгадаць той жа лес і Нёман. Дом падтрымліваю тут — бацькі памерлі, настаўнікі. Я не пераходжу на беларускую мову, хоць добра яе разумею. Пра будучыню вёскі ня думаюць, хоць я зьвязваю сябе з тым пакаленьнем, што адмірае, бо пасыходзілі тыя людзі, што самыя працавітыя. Гляджу на запушчаныя палеткі. Калісьці за Нёманам статкі кароў былі і цяляткі гадавалі да восені. Вёска страціла колішнюю цнатлівасьць…»

Аж на ўскраіне заўважаю 64-гадовую, жвавую Надзею Філюту, якая аказваецца суседкай старэйшыны Зблянаў, Станіславы Паповіч. Разам і пачынаем гаману пра сёньняшнія Збляны, якая суправаджаецца мяўканьнем няўрымсьлівай коткі.

Карэспандэнт: «А вас выбіралі ці прызначылі?»

Папковіч: «Не, у нас быў Грыгорый Яновіч, як памёр — і мяне выбралі…»

Спадарыні: «А у нас за 400 чалавек было, а цяпер умерлі. У нас быў калгас „Гігант“, а цяпер зьядналі з СВК „Пескаўцы“, а сельсавет у Беліцы — разьдзёрлі нас на часткі. Як у нас быў „Гігант“, а потым зьядналі з калгасам Куйбышава, тэхніку забралі, і ня стала працы. Старшыня Радзько апошні сказаў — за 10 год у Зблянах і пятух ня будзе сьпяваць. Яно зараз гэтак і палучыцца — ніхто ня родзіцца, школа і садзік былі, краму гадоў каля 10 закрылі. А аўтобус прыйдзе — і тут начуе, а з раніцы на Ліду. А ў пятніцу, суботу, нядзелю няма…»

Карэспандэнт: «У вас жа Нёман за 200 мэтраў — хіба лецішчы не спрабуюць купіць?»

Спадарыні: «О-о, тут і насупраць куплены дом — тры з паловай тысячы даляраў аддалі. Многа купленыя, каторыя зь дзецьмі прыяжджаюць сюды. Мужыкоў мала засталося — пасьпіваліся, чарніла ж прывозь. А самагонку ня гонім — галава спакойна…»

Карэспандэнт: «Было ў часе майго першага прыезду 6 год таму 8 кароў і 100 жыхароў — што зараз?»

Спадарыні: «А цяпер 5 кароў. Усе пажылыя людзі — трэба накасіць, а накос у нас аж за 5 км у хутары. Прывезьці ніякага транспарту няма, калгас нічога не дапамагае. Садзіць, паліваць, выкапаць — тут за ўсё трэба плаціць. Я парасёнка трымаю, за 8 кілямэтраў праз два месяцы прывезьлі дзьве рулькі саломы за 25 тысяч. А конь у нас адзін ёсьць на ўсю дзярэўню. А калгас распаўся ў 89-м годзе. Майстэрня была і фэрма — усё закапалі, клюб разабралі — толькі дах і сьцены дзіравыя. Царква ў нас прыгожая — але і туды мала ходзіць. Маладых, каторыя яшчэ не пэнсіянэры, толькі 6 чалавек…»

Карэспандэнт: «А як адбылося, што хаты ў вас на 2–3 мэтры адна ад адной — пажары бывалі?»

Спадарыня: «Ой, апошні раз не пры нашай памяці — у тым канцы веерам 9 хатаў згарэла. Жывём, пакуль жывём…»

Карэспандэнт: «Колькі хатаў пустуе і колькі лецішчаў стала?»

Спадарства: «Пустуе хатаў 15, што нікога няма, а так родныя прыяжджаюць. А з бульбай — зараз 7 тысяч за кг, хутка ніхто ня будзе садзіць…»

Карэспандэнт: «А калі апошні раз начальства было?»

Папковіч: «Ніколі! У ліпені дзень дзярэўні быў — прадсядацель не прыехаў…»



Спадарыня Паповіч мае яшчэ і пасаду сацыяльнага работніка — цягне на сабе 8 нямоглых бабулек. Вядзе да 79-гадовай Галіны Лянцэвіч ды 83-гадовай Тамары Паўловіч. Бабулі радком сядаюць на акуратна засланай канапе і гавораць фактычна хорам.

Бабулі (хорам): «Ой, нарадзіліся тут! І пражылі, і прарабілі, і гаралі, і касілі — і пры Лукашэнку, і пры камуністых. Толькі што ў хаце па адной — а так ходзім па вуліцы, Лукашэнка нам пэнсію дае. Мой чалавечак 3 гады як умёр, мой 30 — удзьвёх, дзе ж ты па адной! А скаціна — навошта нам? Кілбасу возяць, хлеб-булкі ды сала — грошы палучаем, хапае! (Сьмяюцца.) А колькі палучаем, скажам — больш за мільён, бо на фэрме рабілі, авечкі пасьвілі, буракі зьбіралі — і па-мужчынску, тата парабіў некалі цапкі, і малацілі. І цяпер умеем — сілы няма, хворыя. Дзякуй Богу, даглядчыцы — парашкі дастаўляе, і за сьвятло, за тэлефон плаціць. Яна і ваду прынясе, зімой дровы і брыкет…»

Пры канцы цётачкі ўдараюцца ва ўспаміны.

Бабулькі: «Ой, раней было людзей, а цяпер толькі з канца да царквы 4 мужчыны, а так па адной бабе, і ўсе з палкамі. Некалі ж Збляны на першым месцы была вёска — толькі прыгоняць кароў у восем, ужо зь венікамі падмятаюць. Ну, і цяпер чыста, бо няма каму нарабляць!» (Сьмяюцца.)

Спадарыня: «Ой, яна вам усё-ўсё раскажа — вясёлая!»

Гэта пра самую калярытную ў Зблянах асобу — Клаўдзію Лазарчук, якая, як былы культработнік, захоўвае традыцыі — кіруе хорам тутэйшых бабулек, а таксама самая «гаваркая ды гумарная». Жыцьцёвая сіла гэтай жанчыны, што нядаўна страціла сына, перанесла інфаркт, выхадзіла яшчэ два ў мужа, уражвае. Размова зь ёй — сапраўдны тэатар аднаго актора. Мы сустракаліся зь ёй 6 год таму, калі я заяжджаў у Збляны. Так што адразу загаварылі «па-свойску».

Лазарчук: «На 30% сьвініна даражэйшая і на 30% ялавічына — што яны ўжо, здурэлі?! А я тут самая маладая — мне ўжо 73 год, мы ніхто не трымаем нічога…»

Карэспандэнт: «Але ж за Лукашэнку была гарой…»

Лазарчук: «А я і цяпер за яго, безь яго б прапалі. Ён садзіць, хто крадзе. Але ж ім нехта кіруе! Пайшлі, на лаўку сядзем — во, выпіць нічога няма! (Сьмяецца.) А раней у нас самагоначка і водачка. А цяпер віно ў аўталаўцы 17 тысяч, а ў крамах 14 — гэта ж страшная розьніца! А пэнсіі — у адным я ня згодная з Лукашэнкам, што старым трэба жыць, а маладым ня трэба есьці?! У клюбе я рабіла — Рэдзька такі быў злы, а мяне пабойваўся — 20 тысяч дабаўляў. А потым — Божа мілы, калі ты такая гадкая нарадзілася? А чаму — я як стала старых даглядаць, кажу, дайце ім па літру малака бясплатна, буду трэбаваць! А потым — ці знаеш, калі Ленін нарадзіўся? Ён — 22 апрэля. А калі Гітлер? — Ну цябе! — Дык Гітлер 20 красавіка, я 21-га, а Ленін 22-га. Я кажу — розум узяла ад Леніна, злосьць ад Гітлера! (Агульны сьмех.) У мяне характар такі залішне праўдзівы. Я шкадую Лукашэнку, але ж…»

Карэспандэнт: «Ён на Гарадзеншчыне казаў, што ўсім па 500 даляраў будзе, а ня вераць…»
Усе ўдовы, гэта я са сваім чудаком — у студзені 50 год будзем спраўляць. Як я кажу — я ж пайшла за імпартнага, а не за савецкую дрэнь!

Лазарчук: «Гэтага й ня будзе — багатыя яшчэ пабагацеюць! Вышэйшыя чыны даўно палучаюць — зьядноўваюць усіх разам, і на ўсіх па 500. У нас 51 чалавек жыве, а было 375, як была брыгадзірам яшчэ. Усе ўдовы, гэта я са сваім чудаком — у студзені 50 год будзем спраўляць. Як я кажу — я ж пайшла за імпартнага, а не за савецкую дрэнь! (Сьмех.) У мяне мужык вэнгр! Сварымся, ня дай бог — гаварыць па-нашаму пакуль навучыўся, дык мацюкі толькі былі! Паехала па пуцёўцы на будаўніцтва Паўднёва-Крымскага канала, а іх з войска з Далёкага Ўсходу…»

Карэспандэнт: «Цётка Клаўдзія, вы столькі пацярпелі ад камуністаў, а кажаце „за“…»

Лазарчук: «Мяне запрашалі ў партыю, я давала ім справаздачу, калі брыгадзірам была. А потым кажуць — беспартыйным выйсьці. Мне ж інцярэсна, чаму? Аказваецца, „пясочылі“ тых, хто партсходы прапускае. І мужык апраўдваўся: маўляў, у яго „хвароба 333“ — панос! (сьмяецца) Ёш тваю клёш — дзеля гэтага трэба выганяць людзей?! Не пайшла тады, і ўсё!» (Сьмех.)

Карэспандэнт: «Я калі да вас тады прыехаў, на ўскраіне на слупе было бусьлінае гняздоўе, пад ім вераб’інае — гэткі птушыны Бабілён. Куды ўсё падзелася?»

Лазарчук: «Дзе яны — ляцяць з выраю, пакружацца і далей. А ў Нёмане на чайцы едзеш — столькі цялбоў (шупакоў-В.С ) наловіш! А цяпер і яны кінулі нас…»

Заканчваю вандроўку на беразе Нёмана — разам зь сябрам «Моладзі БНФ» Сяргеем Сідарэнкам, які прыехаў са мной. У лідзкай аб’яднанай суполцы ён адказвае за «працу на месцах».

Сідарэнка. «У Зблянах парушаны правы старых — на жыцьцё, маладых — на працу. Мы паглядзелі, колькі пустуе дамоў безь людзей, большасьць жыхароў старыя. Уся тэхніка павыяжджала, бо калгасы ўзбуйніліся. Людзі ня маюць як абрабіць свае дзялкі і на наступны год, кажуць, ня будуць гэтага рабіць. Вядома, у гэтым вінаватыя ўлады. Сустрэлі толькі аднаго маладога, і то ён тут не жыве, прыяжджае дзеля настальгіі. А Нёман паказвае, што тое, што адбываецца сёньня, — гэта часова. Каля неапісальна прыгожай моцы рэчкі, чыстага жоўценькага пясочку людзі будуць жыць заўсёды. Такое і на моры не заўсёды знойдзеш — і навошта кудысьці ехаць?!»

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG