Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Збляны


Віталь Сямашка, Збляны, Лідзкі раён (эфір 11 красавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Калісьці, за савецкім часам, з прыземістых хацінаў гэтага мястэчка на Лідчыне, што прыхінулася левым бокам да Нёману, адкрывалася букалічная карціна. На супрацьлеглым беразе, колькі вокам кінуць — сасновы бор. Больш за паўтары сотні хатаў, дзе жылі чатыры сотні вяскоўцаў, былі ў атачэньні шырокіх хлебных палёў. Адна бяда: у нізіне была некалі дрыгва, якую тутэйшыя называлі “зыб” — дарэчы, адна з вэрсіяў паходжаньня назвы мястэчка — Збляны. Увесну сюды сьцякала вада з палёў, і пад ёй апыналіся нават хаты з ускрайку. Але і да гэтага, згадваюць старажылы, тут ставіліся не бяз гумару.

(Спадарыня: ) “А хаткі былі малыя. І — я ведала тую жанчыну — шчупака ў печы злавіла”.

Геаграфічнае знаходжаньне, аднак, па-рознаму адбівалася на жыцьці зблянцаў, цьвердзіць былая загадчыца клюбу Клаўдзія Лазарчук.

(Лазарчук: ) “Нашая вёска самая бедная на Лідчыне — ведаеце, чаму? У нас цэнтральная дарога — усе езьдзяць, усё бачаць, і людзі не прывыкшы красьці, як па тых вёсках”.

Затое аж з XV стагодзьдзя, калі Збляны ўпершыню згадваюцца ў гістарычных крыніцах, у літаральным сэнсе квітнелі ўсімі колерамі вясёлкі народныя рамёствы. Перада мной і цяпер вышыты з ваўняных авечых нітак мудрагелістымі ружова-бела-сіне-зялёна-жоўтымі малюнкамі паясок, што падаравала мне 73-гадовая цётка Кацярына Локцевіч — кажуць, самая майстравітая зблянская краўчыха. Сама кажа, што колькасьць вытканага ёй за паўвека не зьлічыць.

(Локцевіч: ) “Тых малюнкаў вунь куча ляжыць. І дываны, ручнікі — ёсьць тканыя, вышываныя васьмёрачкамі, кветкамі. Гэткая ў нас традыцыя: народзіцца дзіця ды спавівалі паяском. Ажэніцца — пад ногі ў царкве клалі. Памрэ — таксама ў труну пад ногі кладуць. Гэта і ёсьць Збляны, спрадвеку было…”

(Лазарчук: ) “Збаны рабілі — уся акруга езьдзіла купляць. А яшчэ пры маёй памяці сталі паліваць фарбамі. І сталі “збаны ляныя” — выйшла Збляны”.

Спадарыня Лазарчук ахвотная на ўспаміны, але за адзін зь іх дорага дала б, каб сьцерці з памяці. Бо дагэтуль для месьцічаў ён гучыць, як прысуд. Тады ў клюб былога калгасу “Гігант” прыехаў зблянскі апошні старшыня Радзько, каб абвесьціць пра далучэньне вёскі да суседняй гаспадаркі. Клаўдзія Аляксандраўна згадвае:

(Лазарчук: ) “Я задала пытаньне: скажыце, Франц Іванавіч, што чакае? Скажу па-чэснаму: пройдзе дзесяць гадоў, і вы не пачуеце ў вёсцы голасу пеўня. Я ледзь не самлела за тым сталом, як вядучая… Як зьядналі з калгасам Куйбышава, усё тут панішчылі. Авечкі былі — некуды павывозілі. Сюды начальства не даходзіць, нам не даюць трактароў пасадзіць соткі. Людзі свае пяць канёў на ўсё сяло маюць — але ж коньмі што зробіш?!”

За апошняе дзесяцігодзьдзе ў Зблянах не нарадзілася ніводнага дзіцяці, хутка палова хат стануць пустымі. Засталося дзевяць кароваў, сто жыхароў, кажа стараста Яна Клёнава. ы (Клёнава: ) “Ня сталі будавацца, бо мы ўсе пэнсіянэры. Я яшчэ сацработнікам па сумяшчэньні працую — вады падношу, прадукты купляю, дровы нашу ўзімку. Сем чалавек за мной — 75 гадоў і болей. 87 гадоў ёсьць, памерла адна — 94 гады”.

Пакуль гутарылі, зблянская грамада вылучыла выказацца таксама аднога зь нешматлікіх мужчынаў — шанаванага тут Сьцяпана Антонавіча Локцева.

(Локцеў: ) “Краму закрылі месяцы два — не знайшлі магазынэркі. Станавілася нашая любая, а яны не знайшлі 100 тысяч аплаты. А мы рабілі ў калгасе задарма — нам аплачвалася?! Парашок пральны ж ня маюць права везьці з прадуктамі! Нават вагаў у вёсцы, калі захацеў сьвінчо прадаць, няма як зважыць. Вагі прывязуць нейкія аж з польскага часу — я кажу, 200 кіляграмаў мусіць быць, ён кажа: не, 180 зь нечым! Закрылі нас…”

* * *

Самая калярытная ў Зблянах асоба — безумоўна, памянёная спадарыня Лазарчук, якая, як былы культработнік, сумяшчае дбайнае захаваньне тутэйшых традыцыяў і, як былая камуністка, палкую адданасьць ідэалам савецкага часу. Я застаў спадарыню Клаўдзію з мужам ля экрану тэлевізара. Глядзелі футбол.

(Лазарчук: ) “Нашы забілі?..О! Чарнагор’е — Беларусь, дый нашыя, лідзкія граюць! Як не паглядзець?! Нашыя ва ўсіх выйграюць — і ў палякаў, і ў латышоў, і ў літоўцаў!.. А вы польскі пэўне — “дзень добры” кажаце. А беларусы кажуць — добры дзень!”

(Карэспандэнт: ) “Дабрыдзень…”

Аптымізм гэтай жанчыны, што нядаўна страціла сына, перанесла інфаркт, выхадзіла яшчэ два ў мужа, якога не бяз гумару называе “імпартным, бо, маўляў, хахол” — уражвае. Як высьветлілася, гэта ня толькі маё меркаваньне.

(Лазарчук: ) “У мяне пляменьнік — па-беларуску “сыновец” кажуць — скончыў Маскоўскую кансэрваторыю, грае ў Юрыя Башмета. Кажа: цётка Глаша, я сяджу на банкетах з гэнымі сьмехатурамі ўсякімі, а з вамі я душой больш адпачываю, бо яны выдуманыя гісторыі расказваюць. А вы ісьцінная. А я яму як раскажу, што мы сьпявалі, дык мы палягаем са сьмеху. (Cьпявае.)

Во палі бярозанька стаяла, во палі кудравая стаяла — люлі-люлі стаяла.

Далей ідзе:

Чувіль мой чувіль, чувігналь-віль-віль-віль. Яшчэ цуда-перацуда, цуда-Радзіма мая!

Тут і ён кажа: цуда нашая Радзіма! Калі гімн грае, устаю па стойцы сьмірна. І нават увечары, ужо прыснула — устаю. А ў царкве седзячы сьпяваю — ногі баляць…”

Пры гэтым спадарыня Лазарчук называе сябе “перакананай лукашэнкаўкай” ды патрабуе запісаць яшчэ адзін ўспамін, якім ганарыцца.

(Лазарчук: ) “Ён зь Нёману на выбарах пераяжджаў у Наваградак. А я стаю, галасую — баба зь вёскі. Ну ўзялі мяне, 10 кілямэтраў праехаліся разам. Думаю: старацца будзе. Ну і стараецца. Раней дзяцей па школах пыталіся: кім вы хочаце быць? Адзін: касманаўтам, другі: доктарам, трэці: настаўнікам. Цяпер усе ў адзін голас кажуць — пэнсіянэрам, бо бачаць, што тыя грошы атрымліваюць. А тыя, што ў калгасах, нічога ня маюць”.

Цётка Клаўдзія выклікаецца суправаджаць мяне ў далейшым вандраваньні па Зблянах. Па дарозе, як кажуць, у адну дуду выказваецца Клепіха, як клічуць у вёсцы свайго старасту — спадарыню Яну.

(Клепіха: ) “Пэнсію плацяць, яшчэ пакуль Лукашэнка трымаецца за людзей, а калі ня будзе — невядома, што будзе. Мы галасавалі ўсе за Лукашэнку”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе ж усе — а Вася?”

(Клепіха: ) “Ён жа нідзе ня робіць, на бацькавай пэнсіі сядзіць! Я супраць таго, што ён выступае не за Лукашэнку! Аладкаў яму Лукашэнка не дае, нічым не дапамагае! Чым ён табе дапаможа?!”

36-гадовы Васіль — адзіны са зблянцаў, які ня толькі на выбарах прагаласаваў супраць дзейнага прэзыдэнта, але і адкрыта выказваецца супраць яго. Цётка Клаўдзія па вясковай традыцыі нашэптвае мне, што сама Клепіха калісьці галасавала за Шушкевіча, а Васіль…

(Лазарчук: ) “Добры хлопец. Ён кінуў інстытут, даглядаў маці, бо ляжала нерухомая, бацьку даглядае, яшчэ і цётку глухую…”

Накіроўваемся на пошукі новага героя і сустракаем Паляка — так мае суразмоўніцы называюць Прэцэля, які 33 гады ганяў буксіры па Нёмане.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Бронюсь, а чаму вас называюць адзіным у Зблянах палякам?”

(Прэцэль: ) “Бацька купіў тут пераправу, не бічаваў, як іншыя…”

Жартаўлівы настрой, аднак, зьнікае, калі заходзім у хату 72-гадовай Аўгеніі Фялюты. У пакоі сапраўды сьцюдзёна, гаспадыня ў ложку.

(Фялюта: ) “Сыночак, у мяне сэрца і ногі. Мне цяпер устаць, дык я буду плакаць — такі боль. Дзяцей пахавала з мужам, дачку і так мяне ўзяло”.

(Карэспандэнт: ) “На двор выходзіце?”

(Фялюта: ) “Выходжу. Хай дасьць бог здароўя, паспрабую ўстаць…”

(Карэспандэнт: ) “Давайце дапамагу…”

(Фялюта: ) “Ой, міленькі, бачыш, я хаджу ледзь-ледзь…”

На ўсе Збляны толькі тры тэлефоны, шаснаццаць чалавек восем гадоў безвынікова стаяць на чарзе. Так што захварэць для старога — катастрофа. Гэтак жа — вярнуцца сюды маладзейшаму, хоць бы і такому, што тут нарадзіўся. Алена Люцкевіч — жонка заўчасна памерлага вяскоўца-пілёта. Колькі гадоў таму з надзеяй вярнуліся ў Беларусь з Далёкага Ўсходу. Але размова наша, можна сказаць, пачалася з канца.

(Люцкевіч: ) “Зьбіраюся ехаць у Маскву нелегальна працаваць. Апынуліся пасьля савецкай улады бамжамі. У Расеі мяне зьнялі з кватэрнай чаргі, бо няма грамадзянства. Тут мне ніхто ня дасьць крэдыту, бо няма працы”.

(Карэспандэнт: ) “А тут жанчыны кажуць: дзякуй Лукашэнку, што пэнсіі плаціць”.

(Люцкевіч: ) “Бо яны пра дзяцей ня думаюць. Гэта хіба нармальна, што ў 45 маці дае мне грошы, бо не магу дазволіць сабе? Як мне жыць?!”

(Карэспандэнт: ) “Вы зьехалі, калі Беларусь, як незалежная дзяржава, нараджалася. Прыехалі, калі быў ва ўладзе Лукашэнка. Вы адчулі розьніцу?”

(Люцкевіч: ) “Так, адразу. Шмат маіх сябровак на апошніх выбарах ішлі прагаласаваць, бо баяліся застацца бяз працы. Баяцца злучыцца разам і штосьці сказаць…”

Тым часам паведамляюць, што шуканы намі зблянскі апазыцыянэр Васіль зьбег з хаты, не разабраўшыся, відаць, які сродак масавай інфармацыі прадстаўляе менскі карэспандэнт. Няўрымсьлівая цётка Глафіра, як зазвычай, выступае ініцыятарам вечарыны, якую называе банкетам. За сталом гамана набывае адпаведны кантэкст.

(Карэспандэнт: ) “А што самае смачнае ў Зблянах гатавалі?”

(Люцкевіч: ) “Кісель беларускі белы — нідзе ва ўсходніх абласьцях такога няма. Аўсяны, з салодкай вадой… Толькі мы, заходнікі, квас варылі з грыбамі. Кіну ячневых крупаў, грыбоў, перчыку, лісьціку, цыбулькі, алейчыку — квас! А на куцьці трэба, каб было дванаццаць блюдаў: абаранкі з макам, два кісялі — чырвоны ягадны ды белы, вушкі, рыба, грыбы печаныя, квас, ну і бутэлька — абавязкова, каб свайго!”

Пры канцы гаворыцца ды сьпяваецца пра самае важнае. Цётка Клаўдзія спрабуе голас:

(Лазарчук,сьпявае: ) “Вецер ціха крануў чараты, і журботна зьнікае з душы. Так магу ля начнога кастра быць з табою да раніцы я. Беларусь мая, Беларусь мая, ты на сьвеце такая адна…

Мы ўсё роўна славім нашую родную Беларусь!”

(Люцкевіч: ) “Уладу зьменім, Беларусь застанецца…”
XS
SM
MD
LG