Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: былы кандыдат падаў у суд на гарвыканкам


Экс-кандыдат у дэпутаты Аляксандар Мельнік накіраваў скаргу ў суд на Берасьцейскі гарвыканкам. У гарвыканкаме адмовіліся ўзбуджаць адміністрацыйную справу ў дачыненьні да старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Леаніда Валабуева.

У скарзе ў Ленінскі суд Берасьця Аляксандар Мельнік просіць прызнаць неправамерным «бязьдзеяньне гарвыканкаму», які адмовіўся распачаць адміністрацыйную справу супраць кіраўніка выбарчай камісіі.

Спадар Мельнік просіць Ленінскі суд абавязаць гарвыканкам узбудзіць адміністрацыйную справу супраць Леаніда Валабуева.

Берасьцейскі кіраўнік руху «За свабоду» Дзяніс Турчаняк, які быў даверанай асобай Аляксандра Мельніка, мяркуе, што гарвыканкам парушае закон, адмаўляючыся распачаць адміністрацыйную справу:

«Берасьцейскі гарвыканкам абавязаны весьці адміністрацыйны працэс паводле артыкулаў 9.10 і 9.12 Адміністрацыйнага кодэксу на падставе заявы Мельніка. Аднак патрабаваньні закону выкананыя не былі, гарвыканкам ухіліўся ад сваіх абавязкаў, а гэта нясе шкоду дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Бо тут незаконна не прыцягваюць да адказнасьці вінаватых асобаў, прыхоўваюцца факты парушэньня закону».

Былы кандыдат па Берасьцейскай-Заходняй акрузе № 1 Аляксандар Мельнік прасіў гарвыканкам распачаць адміністрацыйную справу на старшыню ўчастковай выбарчай камісіі № 39 Леаніда Валабуева. Спадар Мельнік даводзіў, што кіраўнік камісіі груба парушаў Выбарчы кодэкс.

У прыватнасьці, былы кандыдат сьцьвярджае, што старшыня ўчастковай камісіі Леанід Валабуеў не дапусьціў яго прысутнічаць пры падліку бюлетэняў і перанёс сам падлік галасоў з выбарчага ўчастку ў кабінэт лекара. Выбарчы ўчастак № 39 месьціўся ў чыгуначнай лякарні Берасьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG