Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-начальнік службы кантролю прэзыдэнта: Бюракратычны апарат працуе сам на сябе


У Беларусі ствараецца дзяржаўная камісія па рэфармаваньні органаў дзяржаўнай улады. Пра гэта 1 кастрычніка заявіў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Па словах Лукашэнкі, «скараціцца» давядзецца працэнтаў на 25–30: «Унізе — менш, уверсе — больш, выдаліць непатрэбныя функцыі і значна павялічыць грашовае забесьпячэньне і заработную плату дзяржслужачых», — падсумаваў кіраўнік краіны. Тым часам нават былыя паплечнікі Лукашэнкі называюць чарговую спробу «аптымізацыі дзяржапарату» звычайнай прафанацыяй.

Аляксандар Лукашэнка ўдакладніў, што рэфармаваньне пачнецца са структураў Міністэрства ўнутраных спраў, але неўзабаве закране і іншыя дзяржаўныя органы. Узначаліць дзяржаўную камісію дзеля скарачэньня колькаснага складу дзяржаўных жа органаў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Кабякоў, яго правай рукой будзе прэзыдэнцкая памочніца Натальля Пяткевіч.

Некаторыя экспэрты ўжо пакпілі з падобнай ініцыятывы — маўляў, зьбяруць у камісіі 100 чалавек, каб скараціць 20. Былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута згадвае гістарычны факт: першым рэфарматарам дзяржаўнай улады за апошнія два з паловай стагодзьдзі на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі быў імпэратар Аляксандар I. З таго часу размова ішла толькі пра адно: пра скарачэньне. І кожнае скарачэньне прыводзіла да таго, што дзяржаўны апарат толькі павялічваўся:

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута
«Я ня думаю, што спадары Кабякоў і Пяткевіч здольныя будуць скараціць дзяржаўны апарат у асобна ўзятай сувэрэннай Рэспубліцы Беларусь. Тым больш, скарацілі чалавека — яго ж трэба куды-небудзь працаўладкаваць.

Я памятаю, як стваралася Адміністрацыя прэзыдэнта. Я кіраваў у той час Упраўленьнем грамадзка-палітычнай інфармацыі, і тады, уключна са мной, у ім было 7 чалавек. Зараз у Галоўным упраўленьні ідэалягічнай працы ва ўсіх структурах працуе каля 30 чалавек. Усё гэта — вынік мудрага кіраўніцтва і скарачэньня дзяржаўнага апарату».

Экс-начальнік Галоўнага ўпраўленьня службы кантролю прэзыдэнта Алег Ігнаценка гэтаксама скептычна ставіцца да ідэі «аптымізаваць» колькасьць дзяржаўных чыноўнікаў:

«Нічога яны ня зробяць, яны на такое ня здольныя. Я думаю, што Лукашэнка проста наглядзеўся „Эўраньюс“. Якраз гледзячы рэпартажы пра краіны, дзе ёсьць праблемы з дэфіцытам бюджэту, вырашыў, што гэта тэма модная, і каб ніхто яго не папракнуў, што ён заняты разьдзіманьнем сілавых структураў і бюракратычнага апарату, падумаў, што гэта сучасны вэктар — маўляў, трэба і мне пра гэта гаварыць. Але такія рэчы з кандачка не вырашаюцца, гэта сур’ёзныя пытаньні.
Даю гарантыю, што ніхто нічога скарачаць ня будзе

Сапраўды, калі ў нас 40–45% колькасьці апарату скараціць — гэта ніяк не адаб’ецца на кіраваньні дзяржаўнымі працэсамі. Але не зь цяперашнімі падыходамі. Таму ўся гэтая ідэя нагадвае мышыную валтузьню. Думаю, усё гэта несур’ёзна і пэрспэктыў у гэтай ініцыятывы ніякіх. Даю гарантыю, што ніхто нічога скарачаць ня будзе. Нават магу спрагназаваць, што гэта своеасаблівая чыстка тых хто не даспадобы. Магчыма, хтосьці на выбары ня так хадзіў — зь ліку тых, хто павінен быў хадзіць у адпаведнасьці зь яго разуменьнем. Але ні Кабякоў, ні Пяткевіч не падрыхтаваныя да таго, каб гэтыя пытаньні вырашаць».

Спадар Ігнаценка «крыжовы паход» на бюракратыю лічыць чарговай «прафанацыяй». Паводле ягоных словаў, за апошнія паўтара дзясятка гадоў колькасьць чыноўнікаў ува ўсіх ведамствах вырасла ў разы, і такая відавочная тэндэнцыя дагэтуль Лукашэнку чамусьці не трывожыла:

«За 16–18 апошніх гадоў так званая „аптымізацыя кіроўнага апарату“ прывяла да адваротнага эфэкту. Мяркуйце самі: раней служба кантролю складала 103 чалавекі і былі 3 ці 4 машыны. І нават яшчэ аспрэчвалася пытаньне: ці дадаваць да існуючых 102-х рэвізораў яшчэ аднаго? А зараз у Камітэце дзяржкантролю — паўтары тысячы чалавек і больш за 130 аўтамабіляў, хай сабе нават уключна з тым, што яны пад сябе Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў далучылі.
Раней служба кантролю складала 103 чалавекі, а зараз — паўтары тысячы чалавек

І так любую галіну ўзяць, любы апарат кіраваньня. Калі раней было 540, потым 760 чалавек кіраўніцтва ў Менску, то сёньня гэтая лічба на парадак большая. Я нават ня ведаю, як гэта рэальна можа вытрымліваць бюджэт, як нашы пэнсіянэры яшчэ маўчаць да гэтага часу, таму што фактычна гэта ўсё неэфэктыўна, гэты бюракратычны апарат працуе сам на сябе. І Кабякоў зь Пяткевіч проста не ўпаўнаважаныя, у тым ліку Лукашэнкам, каб прымаць нейкія радыкальныя рашэньні. Такія пытаньні трэба вельмі сур’ёзна рыхтаваць, тычыцца гэта і МУС, і Мытнага камітэту, і ўсіх іншых дзяржаўных апаратаў кіраваньня. Вельмі сур’ёзная прапрацоўка патрэбная. А так — проста чарговы «пшык».

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, летась у сфэры дзяржаўнага кіраваньня ў Беларусі было задзейнічана амаль 166 тысяч чалавек, альбо 3,5% насельніцтва, занятага ў эканоміцы. Гэтая лічба ўтрая большая за асабовы склад беларускага войска і ў паўтара раза перавышае колькасьць супрацоўнікаў унутраных органаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG